Цешча Аляксандра Лукашэнкі Алена Жаўняровіч памерла 28 верасьня, расказалі Свабодзе ейныя аднавяскоўцы. Яна не дажыла да 90 гадоў.
Сам Лукашэнка, як паведамляюць крыніцы Свабоды, цяпер у Шклове. Цягам учорашняга і сёньняшняга дня на дарогах шмат міліцыі.
Упершыню зьвесткі пра сьмерць Алены Жаўняровіч зьявіліся ў шклоўскім Viber-чаце. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант не пацьвердзіла і не абвергла гэтыя зьвесткі Свабодзе: сказала, што ня мае такой інфармацыі.
Алены Жаўняровіч жыла ў вёсцы Вялікі Межнік, што ў Шклоўскім раёне. Да выхаду на пэнсію 40 гадоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Аляксандрыйскай сярэдняй школе. Вядома, што Алена Жаўняровіч працяглы час хварэла.
«Была цудоўнай жанчынай, — расказаў Свабодзе жыхар вёскі Вялікі Межнік. — Шмат дапамагала тым, у каго былі праблемы са здароўем ці пэнсіяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вырасла сям’я Лукашэнкі і ягоная гаспадарка за 25 гадоў. Паказваем адной карцінкай***
Алена Жаўняровіч — маці Галіны Радзівонаўны Лукашэнкі, бабуля сыноў Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя і Віктара. Паходзіць са Слуцку. Муж Алены Жаўняровіч памёр яшчэ ў 1983 годзе.
Сам Аляксандар Лукашэнка казаў, што на жыве з жонкай, але не зьбіраецца зь ёй разводзіцца, а з маці жонкі добра сябруе.
«Фёдараўна для мяне — сябар чалавека, як я ёй заўсёды кажу, — расказваў Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе. — Яна мяне бязьмерна любіць і любіла заўсёды, і я да яе еду. Нягледзячы на тое, што мы з дачкой ейнай не жывем, можа быць, 30 ці колькі гадоў. Гэта для мяне другі чалавек пасьля маці. Калі б не яна, то я прэзыдэнтам б ня быў».
Сама Алена Жаўняровіч у 2014 годзе давала вялікае інтэрвію парталу Tut.by.
Тыя, хто бываў у хаце Алены Жаўняровіч зьвярталі ўвагу, на фотаздымак Мікалая Лукашэнкі, малодшага сына кіраўніка дзяржавы (якога нарадзіла ня ейная дачка — меркавана, лекарка Ірына Абельская).