Кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі агучыў на Кангрэсе дасьледнікаў Беларусі 27 верасьня ў Вільні вынікі чарговага апытаньня беларусаў адносна стасункаў з Расеяй і Эўропай, расказвае «Эўрарадыё».
У жнівеньскім апытаньні, як сьцьвярджаецца, узялі ўдзел 1000 чалавек. Зь іх 54,5% былі за саюз Беларусі з Расеяй, 25% — за інтэграцыю з Эўропай, яшчэ 20,5% ня вызначыліся ці не хацелі адказваць.
Пры тым яшчэ ў студзені 2018 году за Расею было 63,9% апытаных, за Эўропу — 20,2%. У сярэдзіне 2017-га 41,7% адказалі «хутчэй у саюзе з Расеяй», 22,8% — «безумоўна, у саюзе з Расеяй». Адказ «хутчэй у Эўрапейскім зьвязе» далі 9,9% апытаных, «безумоўна, у Эўрапейскім зьвязе» — 4,2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мацкевіч супраць аўтара нашумелага артыкулу «Коммерсанта»: да чаго вядзе «паглыбленая інтэграцыя»?Падзеньне «папулярнасьці» ідэі саюзу з Расеяй адбываецца на тле плянаў па паглыбленьня інтэграцыі.
Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
Беларускія і расейскія ўлады распрацоўваюць пагадненьні аб інтэграцыі, якія Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін маюць падпісаць 8 сьнежня. Але самі дакумэнты не публікуюць і падрабязнасьцей не раскрываюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы сувэрэнныя ня менш за Ўкраіну». Лукашэнка пра Зяленскага, Януковіча, Крым і транзыт улады. ЦЫТАТЫ