У сустрэчы, якая праходзіла ў Авальным кабінэце два гады таму, бралі ўдзел міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў і тагачасны пасол РФ у ЗША Сяргей Кісьляк
Прэзыдэнт Дональд Трамп, размаўляючы з двума высокапастаўленымі расейскімі чыноўнікамі ў 2017 годзе, сказаў, што яго не турбуе ўмяшаньне Масквы ў амэрыканскія выбары. Гэта заахвоціла прадстаўнікоў Белага дому абмежаваць доступ да стэнаграмы гутаркі прэзыдэнта, паведаміла ў пятніцу газэта Washington Post.
Стэнаграма сустрэчы Трампа з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым і тагачасным амбасадарам Расеі ў ЗША Сяргеем Кісьляком, якая прайшла ў Авальным кабінэце, была перададзеная толькі некалькім супрацоўнікам адміністрацыі. Белы дом, такім чынам, паспрабаваў прадухіліць публікацыю камэнтароў прэзыдэнта, піша WP, спасылаючыся на некалькіх былых прадстаўнікоў адміністрацыі, знаёмых з сытуацыяй.
У Белым доме на пытаньні Reuters пакуль не адказалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра імпічмэнт у ЗША і ці адхіляць дэмакраты Трампа ад улады?Сустрэча Трампа з Лаўровым і Кісьляком ужо расцэньвалася як «неадназначная», бо пасьля яе высьветлілася, што Трамп раскрыў расейцам сакрэтную інфармацыю аб заплянаванай апэрацыі супраць «Ісламскай дзяржавы».
Калі гаворка зайшла пра ўмяшаньне ў выбары, Трамп сказаў Лаўрову і Кісьляку, што яго не турбуе расейскае ўмяшаньне, бо «Злучаныя Штаты рабілі тое самае ў іншых краінах», паведамляе газэта.
Тэлеканал CNN са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй, паведаміў пра спробы Белага дому абмежаваць доступ да стэнаграмы тэлефонных размоваў прэзыдэнта з савудаўскім насьледным прынцам Мухамэдам бін Салманам і расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
Старшы дараднік Белага дому Келіэн Конўэй паведаміла журналістам, што працэдура публікацыі стэнаграм размоваў Трампа з сусьветнымі лідэрамі памянялася яшчэ ў пачатку яго тэрміну, пасьля працёкаў зьместу гутарак прэзыдэнта з прэм’ер-міністрам Аўстраліі і прэзыдэнтам Мэксыкі.