Літоўскі палітоляг: Інтэграцыя паміж Беларусьсю і Расеяй — гэта чорная скрыня

Віціс Юрконіс

Літва і Эўразьвяз у цэлым уважліва назіраюць за інтэграцыйнымі працэсамі паміж Беларусьсю і Расеяй, заявіў прадстаўнік Інстытуту міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту Віціс Юрконіс 28 верасьня на сэкцыі «Новы склад эўрапейскіх інстытуцый: наступствы для Беларусі» ў рамках VIII Міжнароднага кангрэсу дасьледнікаў Беларусі ў Вільні.

«Неабходна прызнаць, што ў нейкай ступені гэта свайго роду чорная скрыня, — сказаў ён. — Мы ня ведаем, што адбудзецца, што мне ў гэтым усё і не падабаецца. Ёсьць магчымыя сцэнары, але, што насамрэч адбудзецца — невядома , няма нейкай празрыстасьці. Мы за гэтым назіраем».

Паводле Юрконіса, як выбудоўваць адносіны з Расеяй, выбіраць Беларусі. Такі самы падыход, адзначыў ён, ЭЗ прымяняе і да Ўкраіны, Грузіі, Малдовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС і расейская пагроза — літоўскі палітоляг пра беларускія выклікі для Літвы

«Гвалтам уцягваць Беларусь у ЭЗ ня будзем»

«Хочаце цесна кантактаваць з Крамлём — кантактуйце, мы ня будзем гвалтам уцягваць вас у ЭЗ, гэта немагчыма, — падкрэсьліў прадстаўнік інстытуту. — Але калі хочаце аддаліцца, спытайце ў нас, як мы вам можам дапамагчы.

Мы ня хочам адмаўляцца ад Беларусі. Стратэгічных пераваг у ЭЗ больш. Так, Расея, вядома, можа прапанаваць грошы, за якія ніхто не запатрабуе справаздачы. Мы прапануем 10-20 мільёнаў эўраў, але хлопцы з Крамля лёгка могуць прапанаваць удвая больш, таму што яны пнепадсправаздачныя перад сваім народам. Мы гэта павінны разумець».

«Калі мы гаворым пра сувэрэнітэт і незалежнасьць, што ёсьць чалавек, які лічыць сябе гарантам беларускай незалежнасьці, гэта нездаровая сытуацыя. Калі пагаварыць зь беларусамі — экспэртамі, бізнэсоўцамі, праваабаронцамі, усе яны скажуць, што прыйшоў час нешта мяняць, бо ўсё завязана на адным чалавеку.

Я ўжо бачу, што ёсьць пэўныя зрухі, гатовасьць некаторых зацікаўленых бакоў пачаць дыялёг з ЭЗ, але трэба забясьпечыць у Беларусі шырокую ўцягнутасьць. у адваротным выпадку хлопцы з Крамля будуць займацца тымі, каго мы ня ўключылі ў наш працэс», — дадаў ён.

Як Эўропа адрэагавала б на анэксію Беларусі?

На пытаньне, што будзе рабіць Літва і ЭЗ у цэлым, калі ў нейкі момант Лукашэнка і Пуцін абвесьцяць аб спыненьні існаваньня Беларусі і яе ўліцьці ў Расею, Юрконіс адказаў, што гэта «малаверагодны сцэнар».

«Дапусьцім, гэта адзін са сцэнараў, нягледзячы на яго малую верагоднасьць. Як адрэагуе ЭЗ? У іх будзе адказ, як гэта было і ў выпадках з Грузіяй і Ўкраінай. Складана будзе ўспрыняць гэтую навіну проста на ўзроўні прызнаньня факту. Можа быць будзе нейкае самаабвінавачаньне, што мы недастаткова зрабілі, каб гэтаму перашкодзіць», — сказаў прадстаўнік інстытуту.

Шрайбман: Калі будуць пратэсты, збройны чын - усё будзе інакш

Арцём Шрайбман

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман назваў такі сцэнар «фантасмагарычным», але выказаў меркаваньне, што калі беларускае грамадзтва ўспрыме гэтую падзею мірна, ЭЗ «будзе вельмі складана знайсьці які-небудзь адэкватны адказ, акрамя як прыняць такі факт». «Але калі будуць нейкія пратэсты, магчыма, збройны чын або частка беларускіх элітаў заявіць, што гэта было аднабаковае рашэньне Лукашэнкі, а грамадзтва яго не падтрымлівае, у гэтай сытуацыі ўсё будзе інакш. Вядома, будзе большая падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасьці», — упэўнены аналітык.