Вітаўтас Ландсбергіс: Расея і Беларусь рыхтуюць Літве «вялікае астравецкае сьвінства»

Астравецкая АЭС

Апазыцыйная партыя Саюз айчыны — літоўскія хрысьціянскія дэмакраты падрыхтавала зварот да кіраўнікоў Літвы ў справе будаванай у Беларусі Астравецкай АЭС. Гэтае пытаньне ў суботу абмеркавала рада партыі.

«Заклікаем усіх апамятацца, згуртавацца і ня здаць літоўскай незалежнасьці і паводле найчарнейшых у гісторыі Літвы прэцэдэнтаў — ня кідацца добраахвотна ў абдымкі Крамля. Тое, што яго палітыка праводзіцца праз сатэліт Беларусь, сутнасьці не мяняе», — падкрэсьліваецца ў звароце.

Прафэсар Вітаўтас Ландсбергіс, які выступіў перад аднадумцамі, парадаваўся, што пасяджэньне пачалося менавіта з гэтага пытаньня.

«Добра, што мы прытрымліваемся прынятага намі рашэньня, што пагроза Астраўца для Літвы — гэта прыярытэт прыярытэтаў».

Ландсбергіс зазначыў, што Літву саштурхоўваюць у незвычайна сур’ёзную і фатальную нацыянальную сытуацыю: «Адкрываецца падрыхтаванае Расеяй і Беларусьсю вялікае астравецкае сьвінства», — заявіў прафэсар, назваўшы АЭС «помстай Пуціна».

«Сувэрэннай Беларусі няма»

Вітаўтас Ландсбергіс

«У нас больш няма часу на паліткарэктнасьць, — сказаў палітык. — Не дамо абдурыць сябе размовамі пра Беларусь як дзяржаву, што ўсё яшчэ імкнецца да сувэрэнітэту, бо такой Беларусі сёньня няма. Хай дураць галаву Брусэлю, там не разумеюць, што іх дурыць і доіць дружны дуэт Пуціна і Лукашэнкі».

«Давайце гаварыць пра саюз Расеі і Беларусі, а не пра Беларусь. Беларусь — гэта толькі шчупальца для высмоктваньня грошай», — заявіў Вітаўтас Ландсбергіс.

Літва можа вэтаваць дамову аб партнэрстве паміж ЭЗ і Беларусьсю

Кансэрватары паабяцалі, што будуць патрабаваць, каб Літва не адмаўлялася ад права вэта на дамову аб партнэрстве паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус кажа, што Літва ўхваліць такую дамову толькі ў тым выпадку, калі ў дакумэнт будуць уключаныя пункты пра дэмакратыю і ядзерную бясьпеку.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і міністар замежных справаў лічаць, што Літве трэба паступова аднавіць дыялёг зь Беларусьсю, каб дапамагчы ёй захаваць незалежнасьць ад Расеі. Крытыкі непакояцца, што гэта можа азначаць недарэчныя саступкі.