Беларускія зялёныя актывісты ўвечары 27 верасьня правялі другі за дзень пікет кліматычнага страйку. Арт-пэрформанс прайшоў на Кастрычніцкай вуліцы ў Менску.
Кліматычны страйк — міжнародны моладзевы рух, які ставіць на мэце прыцягнуць увагу да пытаньняў глябальнага пацяпленьня і зьменаў клімату. Пачынальніцай страйку называюць швэдку Грэту Тунбэрг, якая ў 2018 годзе пачала праводзіць штопятніцы замест заняткаў пікеты каля швэдзкага парлямэнту. Ідэю кліматычнага страйку падхапілі маладыя людзі па ўсім сьвеце.
Падчас арт-пэрформансу маладыя людзі намалявалі плякаты, на якіх выказалі сваё стаўленьне да зьменаў клімату, самі плякаты разьвесілі на плоце ўздоўж вуліцы.
Старшыня партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева выказала жаль, што да 27 верасьня Беларусь заставалася ўбаку ад кліматычнага страйку, які праходзіць ва ўсім сьвеце, — афлайнавыя акцыі раней у краіне не праходзілі.
«Ёсьць маладыя людзі, якія хочуць далучыцца да гэтага сьветлага руху, які лічыць, што праблемы клімату тычацца і Беларусі таксама. І Беларусь таксама павінна паказваць сваю салідарнасьць з гэтымі працэсамі і заяўляць, што мы таксама павінны настойваць на зьніжэньні выкідаў CO2 і пераходзе на ўзнаўляльную энэргетыку», — сказала Дарафеева.
Дарафеева просіць ня зьвязваць удзельнікаў зяленых акцый 27 верасьня ў Менску з партыяй «Зялёныя», бо кліматычны страйк — гэта стыхійны рух. Аднак старшыня партыі адзначыла, што арганізацыя будзе дапамагаць удзельнікам сваімі пляцоўкамі, каб «яны маглі рабіць гэта легальна і бясьпечна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская Грэта» з Камароўкі. Чаго дамагаецца экалягічная актывістка