«Даўно такіх лічбаў не было ў пазовах». БАЖ аб прэтэнзіях кіраўніка Слонімскага райвыканкаму

Старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец

Старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракамэнтаваў Свабодзе пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сьцяпана Пуцілы, а таксама да трох выданьняў, якія перадрукавалі інфармацыю з паста Nexta.

Хоміч таксама падаў пазовы супраць незалежных выданьняў «Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск». З кожнага зь іх кіраўнік Слоніма хоча спагнаць па 50 тысяч рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Слоніма хоча адсудзіць 100 тысяч даляраў за пост з тэлеграм-канала Nexta

Паводле Андрэя Бастунца, апошнім часам ня так шмат было падобных пазоваў чыноўнікаў да СМІ.

«Раней судзіліся і дзяржсакратар Рады бясьпекі, і старшыня дзяржкантролю. Але даўно не было, каб такія лічбы фігуравалі ў пазовах», — сказаў ён.

Ці занадта высокія памеры кампэнсацыі заявіў пазоўнік?

«У нас наогул няма ў заканадаўстве нейкіх арыентыраў. На колькі пазоўнік ацэніць свае перажываньні, такую суму ён можа і назваць. І ад гэтага нават памер збору ня будзе залежаць. Ён усё роўна падаецца, як у пазовах аб абароне немаёмасных правоў, — тры базавыя велічыні, і пра гэта ўжо даўно казалі. Гэта ня нешта выключнае. У нас былі пазовы і па 50-60 тысяч даляраў. На мой погляд, гэта не абгрунтаваныя памеры. Але, зноў жа, гэта будзе на вырашэньне суду, калі журналісты ня змогуць даказаць адпаведнасьць рэчаіснасьці разьмешчанай інфармацыі», — сказаў Андрэй Бастунец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слонімскі чыноўнік паскардзіўся ў пракуратуру на чуткі, што яго затрымалі п’яным за стырном

Паводле старшыні БАЖ, справа ўся ў тым, ці маюць доказы сапраўднасьці інфармацыі журналісты, якія яе перадрукавалі.

«Бо перадрук інфармацыі не вызваляе ад адказнасьці. Таму тут два моманты — даказваць, што інфармацыя адпавядае рэчаіснасьці, і другі — гэта зьвярнуць увагу на сумы кампэнсацыі маральнай шкоды, якія выставіў пазоўнік. Але гэта ўжо падчас судовага працэсу можа быць разгледжана».

Ці можа тэлеграм-канал Nexta разглядацца як мэдыя?

«У гэтым выпадку ня мае вялікага значэньня, СМІ альбо ня СМІ. Бо ўсё роўна СМІ мусіць атрымліваць доказы, нават калі гаворка ідзе пра перадрук. У нас выпадкі, калі журналіст ці СМІ пазбаўляецца ад адказнасьці, пералічаныя ў законе „Аб СМІ“ і вось там зараз няма такога, што перадрук зь іншага СМІ пазбаўляе ад адказнасьці. Усё роўна трэба зьвяртацца за пацьверджаньнем да тых асобаў, правы якіх могуць быць парушаныя публікацыяй. І толькі ў гэтым выпадку можа быць гаворка пра пазбаўленьне ад адказнасьці», — сказаў Андрэй Бастунец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ

Галоўная рэдактарка «Беларускага партызана» Сьвятлана Калінкіна сказала Свабодзе, што будзе спрабаваць дамовіцца мірна і да суду вырашыць гэты канфлікт.

У выданьнях 21.by і «Вечерний Бобруйск» камэнтаваць сытуацыю пакуль ня сталі.

На думку блогера Сьцяпана Пуцілы, такімі працэсамі ўлады хочуць папярэдзіць іншыя мэдыя, каб не перадрукоўвалі інфармацыю з тэлеграм-каналу Nexta. Блогер лічыць, што Хоміч падаў у суд «не па сваёй волі».

Сьцяпан Пуціла

Што адбылося?

  • У жніўні тэлеграм-канал Nexta апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка заўважылі п’яным двойчы.
  • Хоміч стаў аспрэчваць, што яго і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ засьпелі ў нецьвярозым стане.
  • Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча.
  • На момант публікацыі гэтай навіны пост Nexta пра затрыманьне Хоміча ўбачылі каля 210 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ.
  • Пазоў супраць Пуцілы ў абарону гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі з патрабаваньнем кампэнсацыі маральнай шкоды Хоміч падаў у суд Менскага раёну.
  • Генадзь Хоміч сказаў карэспандэнту Свабоды, што, зьвярнуўшыся ў суд, «зрабіў правільна, і суд разьбярэцца». Ад іншых камэнтароў ён адмовіўся.