Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей 26 верасьня выступіў на агульнай дыскусіі 74-й сэсіі Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. МЗС прывёў стэнаграму выступу.
Што сказаў Макей, каротка:
- Пачаў выступ з закліку не забываць ахвяраў Другой сусьветнай вайны і заявіў, што «мы ўсе як ніколі блізкія» да новага глябальнага канфлікту.
- Калі міжнародная супольнасьць актыўна шукае рашэньні праблем тэрарызму, транснацыянальнага крыміналу, наркатрафіку, гандлю людзьмі і нелегальнай міграцыі, то адносна шмат якіх новых рызык яшчэ ня выпрацавала супольных і своечасовых рашэньняў — а адна дзяржава ці нават група дзяржаваў ня зможа прадухіліць ваенную, эканамічную ці кліматычную катастрофу.
- «На жаль, мы ўсё часьцей сутыкаемся з тым, што шматбаковыя мэханізмы ААН не працуюць або прабуксоўваюць, становяцца закладнікамі перадузятых падыходаў, узаемных прэтэнзіяў або празьмерных амбіцыяў». Некаторыя дзяржавы ўжываюць незаконныя захады, у тым ліку такія, што супярэчаць Статуту ААН.
- Беларусь заклікае праз год, на 75-й сэсіі, заняцца вырашэньнем гэтых праблем, бо «калі юбілейны саміт ААН стане чарговым пратакольным мерапрыемствам», то прайграюць усе і «злавесны прывід Трэцяй сусьветнай вайны можа стаць рэальнасьцю».
- Таксама Беларусь заклікае адысьці ад канфрантацыяў і вярнуцца да «шырокага дыялёгу ў ключавых пытаньнях міжнароднай бясьпекі» (гаворка пра ранейшую ідэю «новага хэльсынскага працэсу», пра якую ня раз казалі і Макей, і Лукашэнка).
- Беларусь выступае за захаваньне дасягненьняў дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой далёкасьці — за неразьмяшчэньне такіх ракетаў у Эўропе. Лукашэнка прапанаваў распрацаваць дэклярацыю пра гэта.
- Новыя тэхналёгіі могуць выкарыстоўвацца ў злачынных мэтах. Як прыклад — атака дронаў на Саудаўскую Арабію і разбуральныя хакерскія атакі. Ужо ідзе «тэхналягічная гонка ўзбраеньняў». Макей згадаў фразу, якую прыпісваюць Альбэрту Айнштайну: «Тэхналягічны прагрэс падобны да сякеры ў руках паталягічнага злачынца». Лукашэнка прапанаваў сфармаваць «пояс лічбавага добрасуседзтва».
- Глябальную эканоміку «ўсё больш ліхаманіць» — палітычныя нязгоды прыводзяць да пратэкцыянізму ў гандлі і санкцыяў, гандлёвых войнаў. «Мова аднабаковых прымушальных захадаў, якой няма месца ў ААН, працягвае станавіцца рэальнасьцю адносна шэрагу краінаў, у тым ліку свабодалюбівай Кубы». Багацейшыя багацеюць, бяднейшыя бяднеюць. Беларусь — за партнэрства інтэграцыйных аб’яднаньняў.
- Насельніцтва плянэты павялічваецца, эксплюатацыя абмежаваных рэсурсаў Зямлі расьце, абвастраецца праблема зьмены клімату, «мы вельмі блізкія да пункту невяртаньня». Нядаўні кліматычны саміт дае надзею на кансалідацыю высілкаў супраць шкодных выкідаў.
- «Нам трэба будзе зноў вучыцца таму, каб быць добрымі суседзямі і разам вырашаць праблемы ў нашым доме, на нашай плянэце. Беларусь гатовая і далей уносіць у гэта свой пасільны ўнёсак, у любых фарматах і на розных пляцоўках, у тым ліку і ў Менску».