Беларусь намінавала на прэмію «Оскар» дакумэнтальны фільм «Дэбют», які ў 2018 годзе зьняла Анастасія Мірашнічэнка. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на сакратара беларускага оскараўскага камітэту, прадусара Валера Дзьмітрачэнку.
Фільм Мірашнічэнкі вылучылі ў намінацыі «Найлепшы замежны фільм».
Пра што фільм?
Дзеяньне фільму адбываецца ў папраўчай калёніі Гомлю, дзе адбываюць пакараньня каля паўтары тысячы жанчын. Ня страціць сябе за кратамі жанчынам дапамагаюць рэпэтыцыі спэктаклю, прэмʼера якога адбывалася ў Гомельскім драматычным тэатры. Дзеля дэбюту асуджаныя ўпершыню за працяглы час на некалькі гадзінаў пакінулі тэрыторыю калёніі.
Якія фільмы прэтэндавалі на намінацыю?
На разглядзе ў беларускі оскараўскі камітэт падалі тры заяўкі:
- «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка;
- «Унутры сябе» Сяргея Талыбава;
- «Кадыш» Канстанціна Фама.
«Оскараўскі камітэт» ў Беларусі існуе з 1990-х гадоў. Ад Беларусі ў Амэрыканскую кінаакадэмію адпраўлялі 3 фільмы:
- у1994 годзе беларуска-французскі «Я — Іван, ты — Абрам» рэжысэра Іяланды Зобэрман;
- у 1996-м — расейска-беларуска-нямецкі фільм Дзьмітрыя Астрахана «З пекла ў пекла»;
- у 2018-м — фільм Дарʼі Жук «Крышталь».