Махляры выманьваюць грошы ад імя Дурава. Як працуе схема

Як выманьваюць грошы ад імя Дурава

Зарабіць на новай распрацоўцы Паўла Дурава, якая яшчэ не зьявілася, прапануе рэкляма ў Facebook, якая вядзе на сайт, дзе трэба ўвесьці нумар тэлефона. А далей пачынаюцца званкі і вымантачваньне грошай.

Як хайпуюць на імі Паўла Дурава

Стваральнік сацсеткі «ЎКантакце» і мэсэнджара Telegram Павал Дураў неўзабаве зьбіраецца запусьціць Telegram Open Network — гэта даркнэт-плятформа са сваімі плацежнымі апэрацыямі і крыптавалютай Gram. Пакуль яна не адкрытая для ўсіх карыстальнікаў, чым карыстаюцца махляры.

А так выглядае рэкляма на facebook

У Facebook яны запускаюць рэкляму нібыта з цытатай Дурава «кожнаму хопіць на прыстойнае жыцьцё». Там жа пішуць, што стваральнік Telegram ужо адкрыў доступ да сваёй плятформы і на ёй можна зарабляць. Далей рэкляма вядзе на навінавы сайт, які ў сваю чаргу адсылае на сайт з рэгістрацыяй. Сайт зьвярстаны на Tilda, на ім, апроч роліку, які абяцае хуткае ўзбагачэньне, амаль няма ніякай інфармацыі. У роліку чамусьці называецца не TON, а нейкі Telegram-10, які аналізуе рынкі валюты.

Аўтары прыкрываюцца імем брата Паўла Дурава Мікалая, які нібыта распрацаваў Telegram-10 і падпісвае ўсе дакумэнты карыстальнікаў. Галоўнае на сайце — забіць свой тэлефон у форму. Далей пачынаецца самае цікавае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія ўлады зноў паспрабуюць заблякаваць Telegram

«Увядзіце нумар карткі, гэта хутка»

Тэлефануюць на ўведзены нумар літаральна праз 10 хвілінаў, сьпярша расказваюць пра плюсы «новай распрацоўцы Дурава» і абяцаюць хуткі даход у 100-150 даляраў на тыдзень. Потым цікавяцца, ці ёсьць на картцы сума ў 150 даляраў, каб завесьці электронны кашалёк і насалоджвацца хуткім даходам.

На пошту дасылаюць спасылку на сайт-абменьнік крыптавалют і просяць зарэгістраваць кашалёк па спасылцы, памяняўшы 150 даляраў на крыптавалюту (гэта нібыта мінімальная сума). Што цікава, анансаваных Gram на гэтым абменьніку няма (бо іх пакуль няма для ўсіх карыстальнікаў). А супрацоўнікі нібыта каманды Дурава зьвязваюцца па Viber (каманда Дурава ім не карыстаецца, яны ж Telegram распрацавалі).

Калі адмаўляесься, пачынаюць даставаць тэлефанаваньнямі і паведамленьнямі, даходзіць да фамільярнасьці і мату, абы «закінулі грошы», і прыёмаў у стылі «я ж змарнаваў на вас час». Пасьля пераводу грошай нібыта карыстальніка падключаць да праграмы, якая аналізуе фінансавыя рынкі і прыносіць даход.

«Я клікнуў, не разабраўшыся, і перайшоў на сайт, бо не зразумеў, што гэта ня Дураў, а калі адразу папрасілі грошай, я перапыніў зь імі размову. А далей пайшлі званкі, стаміўся іх блякаваць і вымушаны быў наогул зьмяніць нумар тэлефона», — расказаў Свабодзе Аляксандар, які папаўся на хітрыкі махляроў.

«Калі адмаўляесься ўвесьці нумар карткі, то некаторы час цябе ўломваюць перавесьці 150 даляраў. Нібыта пасьля ты іх зможаш у любы момант вярнуць на картку, але толькі пасьля таго, як падключаць праграму. Калі адмаўляесься, пачынаюць тэлефанаваць зноў і зноў, даходзіць да мату і абразаў. Вызначыць, адкуль ідуць званкі, немагчыма, бо нумары згенэраваныя выпадкова празь нейкую праграму», — апісвае іншы карыстальнік, які амаль папаўся на вуду махляроў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дураў хоча зрабіць «свабодны агрэгатар навінаў» у Telegram

Як на гэтым зарабляюць

Каб зарабіць на такой схеме, існуе некалькі шляхоў, адна зь іх — продаж фальшывай крыптавалюты, кажа ІТ-мэнаджар Сяргей Лаўрыненка.

«За 5 хвілін можна „намаляваць“ сваю крыптавалюту, якая будзе называцца TON (як распрацоўка Дурава), гэта ж ніяк не праверыш. Гэтае махлярства пачалося ў пачатку 2018 году. Потым гэта заціхла, а цяпер пачалася новая хваля махлярства. У Telegram ёсьць свой канал, дзе публікуецца праўдзівая інфармацыя пра TON. Я нават ня ведаю, ці бачыў нехта TON, апроч тых, хто ўдзельнічаў у першым тэставаньні», — кажа Сяргей Лаўрыненка.

Існуе і другая схема зарабіць на такім махлярстве: замест TON людзям могуць прапаноўваць нейкія трэндынгавыя боты, якіх шмат.

«Гэта проста казіно, дзе няма ніякай аналітыкі, але людзі, якія на гэтым сапраўды зарабляюць, не займаюцца махлярствам, ім гэта ня трэба», — кажа Лаўрыненка.

Яшчэ адзін шлях: людзі могуць удзельнічаць у рэфэральнай праграме, атрымліваць бонусы за прыход новых кліентаў на біржу. То бок яны проста завабліваюць людзей заводзіць электронны кашалёк на біржы, укідваць рэальныя грошы ў крыптавалюту і за гэта атрымліваць камісію ад біржы.

Махляры прымянялі і іншы падман, з сайтам, які нагадваў дызайн сайту РБК. Там таксама выкарыстоўвалі вобраз Дурава, а рэальныя грошы вымантачвалі празь безвалютныя біржы, дзе распрацоўшчыкі проста тэстуюць крыптавалюту; то бок прадавалі тое, чаго наогул не існуе.

Ці шмат пацярпелых

Дакладна вядома, што пацярпелыя ад такіх махляроў ёсьць у Расеі. У Сьледчым камітэце Беларусі Свабодзе расказалі, што пра пацярпелых у Беларусі ад махлярства, зьвязанага з крыптавалютамі, пакуль невядома. Пра гэта сказаў прэс-сакратар Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Telegram адбыўся маштабны збой. Гэта не «Роскомнадзор»