Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп даручыў часова заблякаваць прадстаўленьне ваеннай дапамогі Ўкраіне на суму каля $ 400 млн яшчэ да званка прэзыдэнту Украіны, якая адбылася 25 ліпеня.
Пра гэта паведамляе Washington Post са спасылкай на трох высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.
Паводле дадзеных газэты, выканаўца абавязкаў кіраўніка апарату Белага дому Мік Малвані атрымаў распараджэньне аб прыпыненьні траншу яшчэ ў сярэдзіне ліпеня на адной зь міжведамасных нарад. Дакладна такое ж распараджэньне Трампа было перададзена ў Міністэрства абароны і Дзяржаўны дэпартамэнт.
Тады ж чыноўнікі Белага дому паведамілі, што Трамп даручыў ім паведаміць заканадаўцам, што дапамога затрымліваецца з прычыны «працэсу міжведамасных узгадненьняў», і зацяжка працягвалася амаль два месяцы.
Але, як адзначыў адзін з суразмоўцаў газэты, Трамп на самай справе прыняў рашэньне аб прыпыненьні выдзяленьня грошай з прычыны засьцярогаў наконт карупцыі ва ўкраінскім урадзе. На той жа нарадзе ён даручыў высьветліць, «ці сапраўды гэтыя грошы павінны быць выдаткаваныя».
Сродкі для Ўкраіны, паводле дадзеных Washington Post, былі размарожаныя толькі 11 верасьня, гэта значыць прыкладна за тыдзень да публікацый той жа Washington Post і New York Times, якія прывялі да буйнога палітычнага скандалу.
Неназваны супрацоўнік амэрыканскіх спэцслужбаў праслухаў размову Трампа з прэзыдэнтам Зяленскім ў ліпені 2019 году і палічыў, што прэзыдэнт ЗША ў ліпені паведаміў ўкраінскаму лідэру нейкую інфармацыю, якая тычыцца нацыянальнай бясьпекі краіны і можа нанесьці шкоду ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп не баіцца імпічмэнту за тэлефонную размову зь Зяленскім
Апанэнты Дональда Трампа мяркуюць, што прэзыдэнт ЗША ў гэтай гутарцы аказваў ціск на Ўладзіміра Зяленскага, пагражаў адклікаць пераклад грошай Украіне і нібыта прасіў яго завесьці крымінальную справу на Гантэра Байдэна, сына аднаго са сваіх палітычных канкурэнтаў — Джо Байдэна. Сын палітыка некаторы час вёў бізнэс ва Ўкраіне.
Апанэнты Трампа ў Кангрэсе сьцьвярджаюць, што калі пацьвердзіцца інфармацыя аб тым, што прэзыдэнт аказваў незаконнае ўзьдзеяньне на сваіх канкурэнтаў, гэта можа прывесьці да імпічмэнту Трампа.
Паводле іншых дадзеных, «размарожваньне» сродкаў, выдзеленых Украіне, адбылося не з прычыны палітычнага скандалу, а напярэдадні канца фінансавага году, які ў ЗША заканчваецца 30 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэсмэн Адам Шыф: размова Трампа зь Зяленскім можа стаць падставай для імпічмэнту
Белы дом усё адмаўляе і кажа, што нічога незаконнага ў час размовы прэзыдэнтаў Украіны і ЗША не было.
«Мы гаварылі пераважна аб карупцыі, аб усёй карупцыі ва Ўкраіне. І пра тое, што мы ня хочам, каб нашы людзі, такія як Джо Байдэн і яго сын, стваралі карупцыю ва Ўкраіне. Новы прэзыдэнт сказаў, што зьбіраецца пазбавіць краіну ад карупцыі, і я сказаў, што гэта выдатна. У нас адбылася выдатная гутарка», — раней заявіў Трамп.
Уладзімір Зяленскі ўжо прыляцеў у ЗША: у офісе ўкраінскага прэзыдэнта кажуць, што ён хоча абмеркаваць з Трампам ня толькі вылучэньне фінансавай дапамогі, але і стратэгічнае партнэрства.
- На 2019 фінансавы год амэрыканскія заканадаўцы вылучылі Ўкраіне $ 250 млн фінансавай дапамогі ў сфэры бяспекі.
- Гэтыя грошы павінны былі пайсьці непасрэдна на ўзбраеньне ($ 50 млн), навучаньне вайскоўцаў, абсталяваньне і выведвальную падтрымку.
- У той жа час Washington Post паведамляе аб «амаль $ 400 млн» ваеннай дапамогі, не ўдакладняючы падрабязнасьцяў траншу. Магчыма маецца на ўвазе «рэшта» дапамогі за 2018 фінансавы год, недаатрыманай Украінай.