Аляксандар Лукашэнка 23 верасьня прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Рамана Галоўчанку.
На сустрэчы Лукашэнка заявіў, што пасьля разрыву дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой далёкасьці між Расеяй і ЗША «Беларусь апынулася ў цэнтры ўвагі».
Ён таксама сказаў, што ў Беларусі стварылі ўласную ракету сярэдняй далёкасьці, а плянуюць распрацаваць яшчэ больш магутную ракету з большай далёкасьцю на аснове «той базы, што ў нас існуе, досьведу нашых партнэраў, перадусім Кітайскай Народнай Рэспублікі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мы ў катле, у гарачым палітычным пункце»
У камэнтары для «Нашай Нівы» афіцыйны прадстаўнік Дзяржваенпраму Уладзімер Лаўранюк патлумачыў, што Аляксандра Лукашэнку маглі няправільна зразумець.
Паводле Лаўранюка, нядаўна былі прадстаўленыя адразу дзьве новыя ракеты. Першая зь іх (канцэпт) — ракета, якая ляціць на адлегласьць да 500 кілямэтраў і базуецца на комплексе «Палянэз».
Сам комплекс быў прадстаўлены ў 2016 годзе з ракетай далёкасьцю да 200 кілямэтраў, якая потым была павядічана да 300 кілямэтраў. Цяпер інжынэры працуюць над павелічэньнем адлегласьці да 500 км.
Паводле ж сусьветнай клясыфікацыі ракетамі сярэдняй далёкасьці лічацца апараты, якія лётаюць на адлегласьць ад 1000 да 5500 кілямэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра нераспаўсюджваньне якой зброі дарадца Трампа размаўляў з Лукашэнкам
Таксама Ўладзімер Лаўранюк паведаміў, што цяпер вядзецца распрацоўка яшчэ адной ракеты — якраз сярэдняй далёкасьці, але паводле іншай клясыфікацыі — для зэнітных ракет. Мова пра беларускі комплекс «Бук-БМ3К», які зьяўляецца мадэрнізацыяй яшчэ савецкага «Бука», які выкарыстоўваў старыя ракеты.
З гэтых заяў прадстаўніка Дзяржваенпраму вынікае, што сапраўднай ракеты сярэдняй далёкасьці ў Беларусі няма.