Мабільны апэратар А1 прыпыніў падтрымку ініцыятывы «Беларускія ўікэнды», якая займаецца дубляжом замежных фільмаў на беларускую мову.
Чаму спынілі партнэрства?
Падтрымка праекту «Беларускія ўікэнды» доўжылася амаль тры гады. Як напісаў Свабодзе кіраўнік аддзелу карпаратыўных камунікацый A1 Miкалай Брэдзелеў, праект даказаў сваю актуальнасьць, атрымаў сваю аўдыторыю ў Менску і ў больш як 40 іншых гарадах Беларусі.
«Цяпер ён [праект] можа існаваць самастойна, а мы пераканаліся, што кіно на беларускай мове запатрабавана даволі шырокім колам гледачоў», — напісаў Брэдзелеў.
Паводле Брэдзелева, стварэньне папулярнага беларускамоўнага кантэнту застаецца адным з прыярытэтаў А1. 19 верасьня ў партнэрстве зь сеткай кінатэатраў Silver Screen распачаўся новы праект відэасэрвісу VOKA «Тутэйшын Студыя». Праект будзе займацца дубляжом на беларускую мову прэмʼер усясьветнага кіно. Мяркуецца, што беларускія вэрсіі будуць паказвацца ў кінатэатрах Silver Screen адначасова з пракатам у іншых краінах. Першым агучаным фільмам праекту стаў «Нулявуд» амэрыканскага рэжысэра Джэймса Франка.
Хто цяпер фінансуе «Беларускія ўікэнды»?
Цяпер асноўная крыніца фінансаваньня «Беларускіх уікэндаў» — краўдфандынг. Таксама ініцыятыва шукае новых спонсараў, сказаў Свабодзе кіраўнік праекту Андрэй Кім. Праз плятформу Talaka.by штомесяц праект атрымлівае 865 рублёў з 6000 неабходных.
Асноўныя выдаткі пры дубляжы фільму:
- 2400 рублёў — аплата ліцэнзіі на 4 паказы;
- 2000 рублёў — агучваньне аднаго фільму;
- 1200 рублёў — рэкляма паказаў у мэтро.