Кніга «Час сэканд-хэнд» беларускай пісьменьніцы, нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч заняла трэцяе месца ў топ-100 найлепшых твораў XXI стагодзьдзя, складзеным брытанскім выданьнем The Guardian.
«Незабыўная кніга, якая зьяўляецца адначасова актам катарсісу і глыбокай дэманстрацыяй спагады», — напісалі пра яе складальнікі рэйтынгу.
На першым месцы рэйтынгу The Guardian раман «Ваўчыная заля» (2009) брытанскай пісьменьніцы Гілары Мэнтэл, за які яна атрымала Букераўскую прэмію, на другім месцы — раман «Гілеад» (2004) амэрыканскай пісьменьніцы Мэрылін Робінсан, адзначаны Пулітцэраўскай прэміяй.
«Час сэканд-хэнд» — пятая і апошняя кніга з цыклю «Галасы ўтопіі», апублікаваная ў 2013 годзе. У 2016 годзе на ангельскую мову яе пераклала Бэла Шаевіч.
У 2015 годзе Сьвятлана Алексіевіч стала першай ад Беларусі ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч узнагародзілі прэміяй «Ганароваму грамадзяніну Цэнтральнай Эўропы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч атрымала прэмію імя Анны Паліткоўскай