«Менск не гумовы»: за 8 месяцаў будаўніцтва жытла ў сталіцы скарацілася на 12,3%

Ілюстрацыйнае фота


У студзені-жніўні 2019 года ў Менску пабудавалі 3,8 тысячы кватэр — на 12,3% менш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 года. А з выкарыстаньнем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 21,1 тысяча кв.м (на 49,2% менш, чым за 8 месяцаў мінулага года).

Усяго ўзьведзена 257,8 тысяч квадратных мэтраў агульнай плошчы жыльля. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоў, пабудавана 31,3 тысячы кв. м агульнай плошчы — 12,1% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жыльля, паведамляе БелаПАН.

11 сакавіка Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Менгарвыканкама Анатоля Сівака, заявіў, што абʼёмы будаўніцтва жыльля ў сталіцы будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на разьвіцьці гарадоў-спадарожнікаў.

«Вы памятаеце, у старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзеньня ў парадак будаўніцтва ў Менску. І дамовіліся аб тым, што паволі, наколькі атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Менску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не кажу пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сьцягваюцца ў адно месца. Менск — не гумовы», — сказаў Лукашэнка.