Канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў аб павышэньні 22 верасьня розьнічных цэн на бэнзін і дызэльнае паліва на 1 капейку.
«Белнафтахім» тлумачыць гэтую неабходнасьць тым, што праз узмацненьне «зьнешніх рызык» вагаецца кошт нафты, падае курс беларускага рубля, а таксама «у мэтах папярэджаньня рызыкі страты фінансавай устойлівасьці НПЗ напярэдадні чарговага этапу „падатковага манэўру“ канцэрн вымушаны вярнуцца да стратэгіі штотыднёвай карэкціроўкі цэнаў на нафтапрадукты», — гаворыцца ў паведамленьні «Белнафтахіму».
- АІ-92-К5-Эўра будзе каштаваць 1,57 рубля,
- АІ-95-К5-Эўра — 1,67 рубля,
- АІ-98-К5-Эўра — 1,89 рубля,
- ДТ — 1,67 рубля.
З прычыны росту кошту нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018-м і да пачатку лета 2019 году практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. Летась большасьць відаў паліва даражэла 27 разоў, сёлета — 16 разоў (апошні раз 15 верасьня).
9 чэрвеня цана бэнзіну АІ-95-К5-Эўра і дызпаліва ДТ-К5 была зьніжаная на капейку. Цана бэнзіну АІ-92-К5-Эўра і АІ-98-К5-Эўра засталася ранейшай. 16 чэрвеня, 21 ліпеня і 11 жніўня на капейку патаньнелі ўсе віды паліва.