Аляксандар Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства «Карэлічы-лён» у Гарадзенскай вобласьці, расказаў, як у атачэньні Дональда Трампа адрэагавалі на падарунак, перададзены зь Беларусі жонцы прэзыдэнта ЗША.
«Францыя, Бэльгія, Нямеччына, Польшча, мы і Расея — больш ніхто ня робіць тканіны з ільну. Можа і робяць, але сыравіну купляюць у нас...
Я нядаўна жонцы прэзыдэнта ЗША перадаў выраб з ільну — яны ахаюць і вохкаюць, пытаюцца: „А дзе гэта можна купіць?“ Гэта кажа пра тое, што мы ня ўмеем прадаваць свой тавар. Давядзецца вучыць тых, хто павінен гэтым займацца», — заявіў Лукашэнка.
У тэлесюжэце ОНТ пра візыт кіраўніка дзяржавы на Гарадзеншчыну, гэты фрагмэнт можна пабачыць на 11:13.
У жніўні, падчас візыту ў Беларусь тагачаснага дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана, агенцтва БелТА перадавала, што кіраўнік Беларусі ў якасьці падарунка для жонкі прэзыдэнта ЗША перадаў абрус з сурвэткамі, вырабленыя зь беларускага ільну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tesla «ад Ілана Маска» і яшчэ 5 сумнеўных выказваньняў Лукашэнкі