У буйных гарадах Казахстану — Нур-Султан, Алматы і Шымкент — праходзяць мітынгі супраць будаўніцтва 55 кітайскіх заводаў, пашырэньня эканамічнага ўплыву Кітаю ў краіне і за лібэралізацыю палітычнай сыстэмы. Па ўсёй краіне было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек, паведамляюць карэспандэнты казахскай рэдакцыі Радыё Свабода («Азатык»).
Напярэдадні абвешчаных мітынгаў па ўсім Казахстане былі затрыманыя больш як 50 чалавек, каля 30 зь якіх арыштавалі. Іх абвінавацілі ў парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў.
Таксама некалькіх чалавек прысудзілі да штрафаў за ўдзел у няўзгодненых з уладамі акцыях, яшчэ некалькі выкліканыя на «гутаркі» ў паліцыю. Усе яны ўдзельнічалі ў мітынгах супраць будаўніцтва 55 кітайскіх заводаў на тэрыторыі Казахстану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане адбываюцца антыкітайскія пратэсты. Пэкін хоча пабудаваць у краіне 55 аб'ектаўПерад заплянаванымі на 21 верасьня мітынгамі ў некалькіх казахстанскіх гарадах узмацнілі меры бясьпекі, да плошчаў і магчымых месцаў правядзеньня акцый сьцягнулі паліцэйскіх і аўтазакі. Генэральная пракуратура назвала мітынгі «незаконнымі акцыямі пратэсту, за якімі стаяць дэструктыўныя сілы».
Хто арганізаваў пратэсты
Выйсьці 21 верасьня на вуліцы заклікаў казахстанскі апазыцыянэр Мухтар Аблязаў, лідэр руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» (ДВК). Сам Аблязаў у 2009 годзе ўцёк у Эўропу.
У 2018 годзе суд прызнаў ДВК «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яе дзейнасьць у краіне. Пасьля гэтага супраць некалькіх дзясяткаў чалавек былі заведзеныя крымінальныя справы за удзе у забароненай арганізацыі. ДВК і Аблязаў неаднаразова заклікалі казахстанцаў выходзіць на акцыі пратэсту. Летась і сёлета паліцыя затрымлівала сотні людзей, якія прыйшлі да месцаў, якія ДВК называла як пляцоўкі для правядзеньня сваіх пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нелібэральныя структуры ў Беларусі вельмі паспрыялі таму, каб Кітай замацаваўся ў гэтай краіне», — кітаязнаўца
Папярэднія пратэсты
Ад пачатку верасьня ў некалькіх гарадах Казахстану працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва 55 кітайскіх заводаў у краіне і ўмацаваньня эканамічных сувязяў зь Пэкінам, якія, як лічаць мясцовыя жыхары, павялічваюць фінансавую залежнасьць ад Кітаю.
Амбасадар Кітаю ў Казахстане Чжан Сяо заявіў, што пратэсты ў Жанаазэне і іншых гарадах арганізаваныя «нейкімі сіламі», якія спрабавалі сарваць візыт казахстанскага прэзыдэнта ў Кітай.
Кітай — чацьвёрты найбуйнейшы інвэстар у Казахстане і трэці найбуйнейшы крэдытор. Казахстан выступае для Кітая ў якасьці крыніцы сыравіны, рынку збыту і транзытнай тэрыторыі. У 2018 годзе Кітай прадставіў Казахстану крэдыт у памеры двух мільярдаў 62 мільёнаў юаняў.
Вясной 2016 году ўдзельнікі масавых зямельных мітынгаў у Казахстане адкрыта выказалі асьцярогі, што папраўкі да зямельнага кодэксу, якія прадугледжваюць продаж зямель сельскагаспадарчага прызначэньня і іх перадачу ў доўгатэрміновую арэнду замежнікам, могуць прывесьці да таго, што ўгодзьдзі апынуцца ў руках грамадзян іншых дзяржаваў.
У 2017 годзе стала вядома пра ўціск этнічных казахаў у Сіньцьзянскім раёне Кітаю і іх масавых затрыманьнях з наступным заключэньнем у лягеры. Некаторыя казахстанцы паскардзіліся, што іх сваякі, якія выехалі ў Сіньцьзян, ня могуць перасекчы мяжу. Гэтая сытуацыя таксама ўзмацніла антыкітайскія настроі ў Казахстане.