Затрыманага шамана Габышава адправілі ў псыхдыспансэр ў Якуцку

Аляксандар Габышаў

Затрыманы ў Бураціі шаман Аляксандр Габышаў, які пешшу ішоў у Маскву «выганяць Пуціна», раніцай 20 верасьня быў дастаўлены ў Якуцк. Гэтую інфармацыю карэспандэнту «Сибирь.Реалии» пацьвердзілі ў прэс-службе рэгіянальнага ўраду.

Міністэрства аховы здароўя Якуціі ў пятніцу, 20 верасьня, заявіла аб тым, што Габышава накіравалі ў псыханэўралягічны дыспансэр рэспублікі, дзе ў дачыненьні да яго правядуць «экспэртныя мерапрыемствы». Пры гэтым Габышава чыноўнікі міністэрства назвалі «самаабвешчаным шаманам». «Псыхіятрычная дыягностыка базуецца на гутарцы з пацыентам, удакладненьні гісторыі жыцьця і хваробы» — заявілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Якуціі, падкрэсьліўшы, што ў выпадку выяўленьня ў пацыента «паталёгій» лекары гатовыя «аказаць кваліфікаваную мэдычную дапамогу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бураціі выкралі шамана, які ішоў «выганяць» Пуціна з Крамля

У ноч на 19 верасьня ў сацыяльных сетках і прэсе зьявілася інфармацыя аб выкраданьні Габышава. Доўгі час Сьледчы камітэт і МУС рэгіёну адмаўляліся камэнтаваць інцыдэнт. Толькі днём у паліцыі пацьвердзілі затрыманьне шамана. МУС Бураціі заявіла, што Габышава накіруюць у Якуцк.

У сацыяльнай сетцы «Вконтакте» зьявілася фота Габышава на ўзьлётна-пасадачнай паласе. Ён стаіць на фоне самалёта авіякампаніі «Якутия», дзе зроблены здымак — невядома. Карыстальнікі ў камэнтарах пішуць пра тое, што шаман ляцеў з Улан-Удэ ў Якуцк, праз Іркуцк. Паводле дадзеных сэрвісу «Яндекс.Расписание», такі маршрут з вылетам з Бураціі 19 верасьня сапраўды ёсьць.

Як паведаміў карэспандэнту «Сибирь.Реалии» актывіст Віктар Ягораў, у прыхільнікаў шамана пакуль няма поўнай упэўненасьці ў тым, дзе цяпер Габышаў.

Габышаў пачаў свой шлях з Якуцку ў Маскву чатыры месяцы таму. Ён лічыць прэзыдэнта Расеі спараджэньнем цёмных сіл, зь якім пад сілу справіцца толькі шаману. Відэа з пропаведзямі шамана набралі больш за мільён праглядаў. Мітынгі з удзелам Габышава ў Забайкальлі і Бураціі сабралі па некалькі сотняў чалавек.

У праваабарончай арганізацыі Amnesty International якуцкага шамана назвалі вязьнем сумленьня і запатрабавалі яго вызваленьня. У расейскім прадстаўніцтве заявілі, што рэакцыя ўладаў выглядае абсурднай, а Габышаў, як і астатнія грамадзяне, мае права на свабоднае выказваньне сваіх палітычных поглядаў і правядзеньне рэлігійных абрадаў.

Прыхільнікі шамана, якія далучыліся да яго па дарозе, плянуюць працягнуць шлях Габышава, расказаў карэспандэнту «Сибирь.Реалии» адзін з удзельнікаў паходу.