Працэс па справе былога старшыні Жодзінскага гарсавета Юрыя Шарага пачаўся ў Барысаўскім раённым судзе. Яго вінавацяць у атрыманьні хабару ў вялікім памеры.
Справа налічвае 61 том. Акрамя экс-мэра, на лаве падсудных яшчэ мясцовы прадпрымальнік Генадзь Шыбко і дырэктарка фірмы зь Менску Натальля Тоўкач. Паводле сьледзтва, яны перадавалі Юрыю Шараму грошы за садзейнічаньне ў рэалізацыі інвэстпраектаў па пабудове ў Жодзіне двух шматпавярховікаў.
Акрамя атрыманьня хабару, Юрыя Шарага вінавацяць у службовых злоўжываньнях з нанясеньнем дзяржаве шкоды больш як на 30 тысяч рублёў і ў перавышэньні ўлады. Паводле сьледзтва, Шары, калі яшчэ працаваў першым намесьнікам старшыні Жодзінскага гарвыканкаму і потым на пасадзе старшыні, садзейнічаў мясцоваму прадпрымальніку Максімовічу і ягонай сям’і. У тым ліку нібыта забясьпечваў ім з парушэньнем закону спрыяльныя ўмовы для бізнэсу. Доказаў гэтаму сьледзтва сабрала дзясяткі тамоў.
Шмат якія матэрыялы сьледзтва грунтуюцца на дадзеных праверкі Камітэту дзяржкантролю. Што да перавышэньня ўлады Шарым як кіраўніком гораду — дык тут яшчэ два эпізоды.
Адзін пра тое, як ён нібыта прымушаў супрацоўніка Дзяржаўтаінспэкцыі Вішнеўскага вывесьці з-пад адказнасьці свайго «пратэжэ» Максімовіча, калі той папаўся п’яны за рулём.
Другі падобны выпадак — пра нейкага Каваленку. Таму пагражаў пратакол і затрыманьне, але кіраўнік гораду нібыта зноў умяшаўся, пазваніўшы начальніку аддзелу аховы міліцыянту Бандарэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто прапанаваў хабар? На судзе экс-кіраўніка менскага завода ключавы сьведка абверг падсуднагаПра стыль Юрыя Шарага як кіраўніка гораду Жодзіна, паводле абвінавачваньня, сьведчаць словы мэра, прыведзеныя тут жа. Вось што ён нібыта сказаў пасьля таго, як супрацоўнік ДАІ не да канца выканаў ягоны загад: «Кожны, хто ня выканае маё патрабаваньне, будзе звольнены». Пракуратура расцаніла гэта як умяшаньне ў справы гарадзкой міліцыі і парушэньне закону. У матэрыялах справы таксама ёсьць зьвесткі пра ўмяшаньне Юрыя Шарага ў працу іншых не падначаленых яму органаў.
За што давалі хабар?
Усяго, паводле сьледзтва, Юры Шары атрымаў 18 900 даляраў хабару. Гэта было ў 2018 годзе. Адным разам 7 тысяч, другім — 6900, і трэцім — 5 тысяч даляраў. Грошы, як даводзіць сьледзтва, яму перадаваў прадпрымальнік Генадзь Шыбко, ягоны знаёмы, які арганізоўваў сустрэчу мэра Жодзіна з інвэстарамі, гатовымі ўкласьціся ў гарадзкое будаўніцтва. Кантакты зь імі наладзіла прадпрымальніца Натальля Тоўкач, знаёмая Шыбко, якая і перадавала яму «грашовую ўзнагароду за садзейнічаньне». Гэта празь яе намаганьні восеньню 2017 году ў Жодзіна прыехалі зь Менску прадстаўнікі кампаній-забудоўнікаў «10 УНР-інвест» і «АктыўАбсалютБуд».
Адна кампанія зацікавілася пляцоўкай каля гарвыканкаму, на вуліцы 40 гадоў Кастрычніка, другая — на праспэкце Міру. Абедзьве пляцоўкі прэстыжныя і зручныя, у цэнтры гораду, але былі і складанасьці. У горадзе дзейнічала ўведзенае Менскім аблвыканкамам абмежаваньне на павярховасьць новай забудовы; акрамя таго, узьніклі і іншыя праблемы. Але Натальлю Тоўкач, калі яна паскардзілася на цяжкасьці ў рэалізацыі дамоў, супакоіў Генадзь Шыбко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За пад’ёмнікі для інвалідаў кіраўнікам ЖКГ прысудзілі ўмоўныя тэрміны зьняволеньняАказваецца, усе праблемы «можна будзе вырашыць, толькі патрэбная ўзнагарода». Сёньня ў судзе Натальля Тоўкач гэта пацьвердзіла і згадала сваю рэакцыю на прапанову: «Вельмі зьдзівілася. Раней у маёй практыцы такога не было. Звычайна ў інвэстарах зацікаўленыя, каб укладалі грошы. Але тут сказалі, што трэба заплаціць. Давялося пагадзіцца», — прызналася падсудная. Толькі пасьля некалькіх удакладненьняў яна назвала прозьвішчы: казаў так Шыбко пра Шарага.
Па матэрыялах справы за садзейнічаньне будаўнічай фірме «АктыўАбсалютБуд» Натальля Тоўкач перадала Генадзю Шыбко 20 тысяч даляраў, зь якіх той перадаў Юрыю Шараму 11900, а астатнія 8100 пакінуў сабе. Паводле сьледзтва, экс-мэр Жодзіна са сваім знаёмым дамовіліся адразу, што будуць дзяліцца.
Як падсудныя адрэагавалі на абвінавачаньне?
Абвінавачаньне ў справе пракурор Юры Шарсьнёў зачытваў больш за гадзіну. Натальля Тоўкач віну прызнала цалкам. Генадзь Шыбко сказаў, што пракурор усё выклаў дакладна, а сам ён «дзейнічаў у інтарэсах забудоўшчыкаў». Юры Шары выказацца адразу адмовіўся. Былы кіраўнік Жодзіна заявіў, што дасьць паказаньні пасьля допыту іншых падсудных і сьведак. Суд, аднак, пастанавіў дапытаць Шарага не пасьля сьведак, а адразу пасьля допыту Тоўкач і Шыбко.
Заява зь пералікам «добрых спраў»
Сёньня ў Барысаўскі суд, каб падтрымаць былога кіраўніка Жодзіна, прыйшло шмат ягоных сваякоў і сяброў, а таксама група вернікаў. Паводле айца Мікалая, Юры Шары шмат дапамагаў мясцовым прыходам. Бацюшка ня ведае жыхароў гораду, якія б адмоўна выказваліся пра экс-мэра.
«Пракурор кажа, што ён дыскрэдытаваў уладу, але ж людзі пра яго толькі добрае згадваюць. А што да хабару — гэта справа сьледчых», — сказаў сьвятар карэспандэнту Свабоды.
Жанчыны-верніцы, якія таксама прыйшлі на суд, сказалі, што ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі ўжо перададзены зварот зь пералікам добрых спраў, якімі адзначыўся Юры Шары на пасадзе гарадзкога начальніка. Паводле іхніх зьвестак, зварот падпісалі больш за 500 чалавек. Лісты ў падтрымку Шарага прыйшлі ня толькі з Жодзіна, але і з Валожынскага раёну, адкуль ён родам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці асуджанага на 12 гадоў экс-намесьніка кіраўніка Менску дабіваецца перагляду справы