Калегія судзьдзяў Дружкаўскага гарадзкога суду Данецкай вобласьці пачала разглядаць па сутнасьці справу грамадзяніна Беларусі Дзьмітрыя Новікава.
Новікаў быў затрыманы спэцслужбамі Ўкраіны на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай вобласьці летась у жніўні і абвінавачанага ў стварэньні тэрарыстычных арганізацый.
Згодна з абвінаваўчым актам, які сёньня пачаў абвяшчаць пракурор, Дзьмітры Новікаў абвінавачваецца ў злачынствах паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны:
- стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў)
- неаднаразовае парушэньне парадку ўезду-выезду на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны (ад 3 да 5 гадоў пазбаўленьня волі)
- вядзеньне агрэсіўнай вайны (ад 10 да 15 гадоў зьняволеньня)
Абвінавачаньне, якое пракурор зачытваў амаль дзьве гадзіны, грунтуецца на некалькіх міжнародных прававых дакумэнтах, якія вызначаюць зьнешнюю агрэсію з выкарыстаньнем зброі і баевікоў, а таксама ўкраінскіх заканадаўчых актаў аб абароне цывільнага насельніцтва і тэрытарыяльнай цэласнасьці.
Але сёньня пракурор так і не завяршыў зачытваньне гэтага дакумэнту — у судовым працэсе абвешчаны перапынак да 30 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здаўся добраахвотна, прызнаў віну». Што вядома пра арыштаванага ва Ўкраіне беларуса з «ДНР»
Паводле абвінавачваньня, Дзьмітры Новікаў у лістападзе 2014 году далучыўся да незаконных узброеных фармаваньняў так званай «Данецкай народнай рэспублікі» праз групу ў сацыяльных сетках, якая кіравалася з Масквы.
Непасрэдна ж кантракт «аб паступленьні на аплочваную вайсковую службу» Новікаў падпісаў ужо ў Данецку. У складзе танкавага батальёну «Самалі» удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт, а потым у збройных сутыкненьнях з украінскім войскам у Ясінавацкім раёне Данецкай вобласьці.
Зь лістапада 2014 году ён пэрыядычна звальняўся са службы ў «ДНР» і большую частку часу знаходзіўся ў Расеі. Паводле сьледзтва, ягоная дзейнасьць і неаднаразовыя вяртаньні ў незаконныя ўзброеныя фармаваньні каардынаваліся зь Сергіевага Пасаду пад Масквой.
У той жа час пракурор двойчы згадаў адзін і той жа факт, калі Дзьмітры Новікаў на пачатку жніўня 2018 году ў часе чарговай паездкі на тэрыторыю Ўкраіны, перад сваім затрыманьнем, нібыта кантактаваў зь «нявызначанымі сьледзтвам асобамі МДБ Рэспублікі Беларусь», ад якіх атрымаў праверачныя заданьні. Аднак пракурор не ўдакладніў поўную назву згаданай нібыта беларускай арганізацыі
«На сваіх пасадах у незаконных узброеных фармаваньняў Новікаў удзельнічаў у баявых дзеяньнях супраць Украіны і цывільнага насельніцтва. Выконваў ролю памагатага ў вядзеньні агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны у папярэдняй змове з групай асобаў», — адзначыў пракурор.
Сёньня суд падоўжыў трыманьне Дзьмітрыя Новікава пад вартай да 17 лістапада.
Дзьмітры Новікаў быў затрыманы 10 жніўня 2018 году на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Ўкраіны.