Тутэйшыя пад поўняй. Пра новую кнігу Міхала Андрасюка і ня толькі

Міхал Андрасюк

Гэтая гісторыя пачынаецца ў 2000 годзе, калі ў Беластоку выйшла першая кніга Міхала Андрасюка «Фірма». Зборнік апавяданьняў яскрава засьведчыў разлад, народжаны дзевяностымі. Недарэчныя, разгубленыя героі маглі б стаць глыбока драматычнымі, калі б не жаданьне аўтара згладзіць сытуацыю, зрабіць карцінку сучаснасьці менш траўматычнай.

Міхал Андрасюк пасьмейваўся зь няўдачлівых камэрсантаў, каханкаў, п’яных філёзафаў, толькі сьмех выходзіў невясёлы. «Фірма» пакідае па сабе гнятлівае ўражаньне.

Такі сабе падляскі Зошчанка


Праз чатыры гады выйшаў наступны зборнік — «Мясцовая гравітацыя». Лепш за ўсё пра кнігу сказаў сам аўтар у выглядзе какетлівага аўтарэфэрансу: «…Яму хацелася сказаць пра словы, што даюць адказы на ўсе самыя істотныя пытаньні, але дасканала ведаў — няма такіх слоў на ягоных старонках. І яшчэ шырэй разводзіліся рукі. — Пра нас пішу. Зрэшты — няважна». «Пра нас» — гэта пра жыхароў усходняй польскай правінцыі, колішніх беларусаў і ня толькі. Шырэй — пра маленькіх людзей са сваімі звычкамі, дзівакаватымі норавамі, сьмешнымі надзеямі. Такі сабе падляскі Зошчанка. Праўда, у мяне Зошчанка выклікае антыпатыю. Нешта звыродлівае ёсьць у ягоных назіраньнях за штодзённасьцю. Нешта дробязна-паталягічнае.

«Поўня», Міхал Андрасюк, Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», Беласток 2018

Такі стан рэчаў не задавальняў і самога Міхала Андрасюка. Боўтацца ў міжчасьсі з антыгероямі — сумніўная пэрспэктыва.

І ў 2006 годзе зьяўляецца аповесьць «Белы конь». Адсюль пачынаецца іншы аўтар, які працягваецца ў «Поўні».

Аповесьць «Белы конь» пабудаваная як зборнік апавяданьняў. Паасобна іх можна чытаць бяз шкоды для разуменьня тэксту. Разам яны складаюцца ў гарманічную карціну сьвету. Я падкрэсьліваю слова «гарманічны», таму што ўпершыню Міхал Андрасюк прыходзіць да паразуменьня з сабой — праз гісторыі продкаў, летапіс сям’і. Тут ужо няма нацягнутага нэрвовага сьмеху, які ранейшыя рэцэнзэнты называлі «ласкавай іроніяй». Няма сутаргавых стылістычных зрухаў, аўтара не гайдае ад падлеткавага рамантызму да прывакзальнай пошласьці.

«Белы конь» — найлепшае, напісанае Андрасюком на сёньня


«Белы конь» — найлепшае, напісанае Андрасюком на сёньня. «Поўня» — працяг гісторыі, дакладней, перапісваньне таго ж сямейнага летапісу, аднак на ўзроўні мэтафарычным.

Задача стаяла пачэсная і няпростая: ахапіць неахопнае. У адным тэксьце сказаць сваё пра жыцьцё, і сьмерць, і чалавека як поле бою для іх. Пра тое, як чалавек спрабуе вызваліцца, шукаючы каханьне і свабоду.

Такая задача ад пачатку хавае ў сабе пастку, якую абмінуць цяжка. Асабліва — знаходзячыся ў настальгічным, сэнтыментальным настроі. Кажучы пра вялікае, агульнае для ўсяго чалавецтва, лёгка зьбіцца на дыдактыку. Для вялікага шукаеш вялікія словы, для філязофскага падсумаваньня — унівэрсальную фармулёўку, якая, аднак, можа стацца банальнасьцю.

Як толькі пісьменьнік спрабуе падняцца на ўзровень вышэй, карціна губляе рэзкасьць


Найлепшыя з мастацкага пункту гледжаньня месцы «Поўні» — у вельмі канкрэтных, рэчыўных карцінах. Пахаваньне шаптухі і дзіцячы жах перад нябожчыцай. Любошчы на летнім лузе, якія дзіця ня можа ўсьвядоміць. Маленькія, але выразныя «рысачкі» да партрэтаў — кіёк дзеда Алімпея, нестаптаныя (бо памёр раней) боты дзеда Дзьмітрыя, сьвятая вера ў звышнатуральнае бабы Веры… Бацька, які з марозу забягае ў дом, да агню. Сасна, якую ўлагоджваюць перад сьмерцю. Так званыя «простыя словы, простыя рэчы». Як толькі пісьменьнік спрабуе падняцца на ўзровень вышэй, пераходзіць ад апісаньня да патасу прыпавесьці, карціна губляе рэзкасьць. Магчыма, у гэтым тумане прыхільнікі кнігі і ўбачылі «таямнічыя вібрацыі»; мне ж бачыцца толькі жаданьне падавацца таямнічым. Гэтаксама магчыма, што ўхваленая містычнасьць кнігі заключаецца ў тэзе пра непарыўнае суіснаваньне двух сьветаў, таго і гэтага, рэчыўнага і сьвету духаў. Герой збольшага кантактуе зь нябожчыкамі; жывых у звыклым сэнсе пэрсанажаў у «Поўні» мала. Але й тут «таямнічая сувязь» толькі апісваецца; яна названая, а ня створаная з нуля мастацкай мовай.

«Белы конь», Міхась Андрасюк, Беласток 2006


Самае сумнае ўражаньне пакідаюць фрагмэнты з прэтэнзіяй на глыбакадумнасьць. «На пачатку ёсьць Слова, і Слова ёсьць у Маці. Маці цярпліва выношвае Слова ў сабе, чакае пакуль не сасьпее, пакуль ня прыйдзе час». Словы, напісаныя зь вялікай літары, не набываюць дадатковай вагі. Зьяўляецца толькі патас, які без мастацкага падмацаваньня мала чаго варты.

Магчыма, падобныя сэнтэнцыі выглядалі б лепш, зьмясьці іх аўтар у цыкль прыпавесьцяў. Але й прыпавесьць любіць мастацкую выразнасьць, канкрэтны вобраз (згадаем Васіля Быкава). Ёсьць прыпавесьці вялікамаштабныя, скажам, «Цытадэль» Экзюперы, але і яна ня зборнік мудрых выслоўяў — хутчэй, калекцыя ювэлірна адточаных мастацкіх вобразаў.

Міхал Андрасюк насяляе аповесьць клясычнымі літаратурнымі архетыпамі. Самыя значныя — Лес і Вечнае вяртаньне.

Андрасюк выкарыстоўвае архетып з ужо гатовымі сэнсамі,


Лес — Белавеская пушча, якая і радзіма, і крыніца жыцьця, і сьмерць. Калі кантаўскі чалавек глядзіць на зорнае неба і адчувае маральны закон у сабе, беларус да неба і зораў дадае: «хвоі гамоняць». Міхал Андрасюк выкарыстоўвае архетып з ужо гатовымі, укладзенымі ў яго сэнсамі, але ніяк іх не адцяняе, не асвойвае, ня робіць непаўторна сваімі.

Што да Вечнага вяртаньня, гэты архетып фармальна расшчапляецца на тры колы. У самым вялікім — вяртаньне адпрыроднае, перацяканьне чалавека ў нашчадкаў, вяртаньне чалавека ў зямлю. Калі гэтага не адбываецца — праз душу, праз сьвядомасьць праходзіць балючы разлом, што ўспрымаецца як прадвесьце канца, насяляе ў душы героя занепакоенасьць, трывожнасьць, няпэўнасьць. Мёртвыя вяртаюцца да яго, спакою няма ні ім, ні герою.

У гэтым вечным вяртаньні аўтар бачыць няволю. Для яго гэта не натуральная зьява, а нешта накшталт праклёну, які можна зьняць толькі праз мастацтва. Адна з ліній аповесьці зьвязаная з вобразам Маэстра (які стылістычна не дапасуецца да асноўнага корпусу тэксту), такой сабе іпастасі Бога-мастака. Маэстра некалі даў «творчае заданьне» продку героя, той яго ня выканаў і перадаў далей, уласна герою-апавядальніку. Толькі выканаўшы гэтае «заданьне», можна разарваць адвечнае кола. Датуль шматлікія пакаленьні сям’і ня знойдуць спакою, так і будуць вандраваць між небам і зямлёй.

Ніхто ня ведае, адкуль цыгане ідуць і навошта


Па сярэднім коле блукае цыганскі табар: ён спрадвеку ў адзін і той жа час праходзіць паўз родны дом героя і нясе з сабой таямніцу дарогі, таямніцу нязьведаных краёў. Ніхто ня ведае, адкуль цыгане ідуць і навошта. Здавалася б, тут мусіць быць глыбокі сэнс, які ўзрушыць чытача, але на ўсе пытаньні героя датычна цыганскай «мэты існаваньня» той атрымлівае вельмі цьмяныя, можна сказаць, бессэнсоўныя, але лепей, вядома, таямнічыя адказы.

Найменшае, унутранае кола рамана замыкаецца цалкам у асобе героя. Гэта, зноў жа, адвечнае вяртаньне. Гэтым разам — да сябе ранейшага. Герой выйшаў з дзяцінства/хутара, паблукаў бязмэтна па дарослым жыцьці/вялікім горадзе, вярнуўся дадому.

Міхась Андрасюк


Анатацыя называе «Поўню» неверагодна таямнічай. Так, аўтар будуе аповесьць у нелінейным часе. Так, усе лініі маюць мэтафарычную падкладку, але яна падкрэсьлена мэтафарычная, а калі табе наўпрост паказваюць на схаваны сэнс, сэнс робіцца не такім ужо і схаваным. Так, аповесьць шматплянавая, і напрыканцы вы ўбачыце, што будучыня героя прадвызначаная. І ўсё гэта лёгка ўкладаецца ў схему. Больш за тое: плян любога, нават самага складанага твора, укладаецца ў схему. Шэдэўрам, ці таленавітым творам, ці, наадварот, шараговым, яго робяць дэталі. Мастацкае слова. Словамі схема запаўняецца, абрастае, як цягліцамі шкілет, і менавіта гэтыя цягліцы прыводзяць голы каркас у рух.

Калі трэба дадаць філязофіі, на дапамогу прыходзіць дыдактыка


Датычна «Поўні» склалася ўражаньне, што аўтар, захоплены маштабам задумы і высокім патасам, на гэтую акалічнасьць забыўся. Збольшага стыль аповесьці апісальны; калі трэба дадаць філязофіі, на дапамогу прыходзіць дыдактыка. У выніку твор, які ў задуме замахваўся на «Сто гадоў адзіноты», аказаўся збольшага пусты, надзьмуты таямнічасьцю, як балёнік паветрам. Мог быць Маркес, атрымаўся Куэлью.

Прыкрае адчуваньне падманутасьці (гэта пасьля абяцаньня літаратуры, якая сягае «звыш межаў жыцьця і сьмерці») узмацняецца сюжэтнай лініяй, якая да пушчанскай асновы рамана зусім ня клеіцца. Гэта любоўная, калі можна так яе назваць, лінія паміж героем і Юліяй, рудавалосай дзяўчынай, сустрэтай на Мінскім чыгуначным вакзале. Апісаньне стасункаў паміж мужчынам і жанчынай ніколі не было моцным бокам пісьменьніцкага таленту Міхала Андрасюка. Жанчына ў ягонай прозе звыкла мае дзьве ролі: сэксуальны аб’ект (кароткая спаднічка як фэтыш) альбо бабка, споўненая незямной мудрасьці. Так і ў «Поўні»: там, дзе мусіла быць глыбіня непадуладных розуму пачуцьцяў, каханьне як вызваленьне і адначасова пакута, застаецца нешта няўцямнае.

Што ў «Поўні» сапраўды цікава, дык гэта праблема тутэйшасьці


Што ў «Поўні» сапраўды цікава, дык гэта праблема тутэйшасьці. Акцэнт на ёй не робіцца, і сам панятак не прагаворваецца. Але яна ёсьць, застаецца ў тэксьце як сьлед сьветапогляду герояў і аўтара. «Я ніколі не цікавіўся, што хаваецца за маім імем. Дома клічуць мяне Мішам, для настаўнікаў у школе стаў Міхалам, … бацюшка глядзіць на мяне кароткую хвіліну… выпраўляе: Міхаіл». (Рэмарка: ранейшыя, да «Поўні», кнігі пісаліся Міхасём Андрасюком, не Міхалам.)

Наста Грышчук


Рэзюмуючы, у «Поўні» аўтарам завалодаў матэрыял; таямнічы і цьмяны настрой не ператварыўся ў раўнацэнны мастацкі тэкст; тэкст замахваецца на глыбіню, але ходзіць бродам, прытым некалькі разоў адным і тым жа, так што можна проста перагарнуць некалькі старонак, нічога не згубіўшы.

Для разуменьня, а галоўнае — жывога адчуваньня — непарыўнай пераемнасьці жыцьця варта зьвярнуцца да ранейшай аповесьці Міхала Андрасюка «Белы конь». Дадам, што сюжэтна вельмі блізкая да заключных разьдзелаў «Поўні» прыпавесьць Ўладзімера Някляева «На ўсякім сьвеце». Таксама «на тэму» варта пачытаць дзьве апошнія кнігі Уладзімера Арлова, «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» і «Танцы над горадам».

Наста Грышчук

Your browser doesn’t support HTML5

«Поўня»: Элегійная проза Міхася Андрасюка

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.