Судзіць былога палітвязьня будуць у Менскім гарадзкім судзе, працэс пачнецца 25 верасьня а 10-й гадзіне.
Актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенку абвінавачваюць у пашкоджаньні маёмасьці праз нанясеньне графіці антыміліцэйскага зьместу, у распальваньні варожасьці да міліцыянтаў і ў злосным хуліганстве — нібыта ён з хуліганскіх памкненьняў распыліў пярцовы газ у вочы грамадзяніну.
Зьміцер Паліенка віны ў хуліганстве не прызнае і даводзіць, што мусіў сам абараняцца ад нападу невядомага ў пад’езьдзе. Інцыдэнт актывіст называе правакацыяй праваахоўнікаў.
Ад сакавіка Зьмітра Паліенку трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Нядаўна стала вядома, што Зьміцер Паліенка і актывістка Наста Гусева адразу пасьля суду зьбіраюцца пажаніцца.
«Чакаць вызваленьня Зьмітра дакладна ня будзем, вырашылі пажаніцца, хоць за кратамі», — сказала Свабодзе Наста Гусева.
Што важна ведаць пра справу Паліенкі?
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).