Сьвятары Рускай праваслаўнай царквы падпісалі адкрыты ліст з заклікам перагледзець прысуды фігурантам «маскоўскай справы». Тэкст ліста апублікаваны на сайце выданьня «Православие и Мир».
На момант публікацыі пад зваротам стаялі 52 прозьвішчы — гэта настаяцелі храмаў з Расеі, Беларусі, Украіны і іншых замежных япархій РПЦ, ад Мадрыда да Ганконгу. Збор подпісаў працягваецца.
Сярод беларускіх сьвятароў пад лістом падпісаліся гарадзенскі дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч, клірык храма сьв. Мікалая Цудатворца; ярэй Аляксандар Кухта, намесьнік старшыні Сынадальнага місіянэрскага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы; і архімандрыт Сава Мажука з Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі не ўяўляюць, наколькі страшны сталінізм», — праваслаўны сьвятар, аўтар блогу «Batushka ответит»Аўтары ліста асабліва выдзелілі прысуд Канстанціну Котаву, асуджанаму на 4 гады пазбаўленьня волі за «неаднаразовыя парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў». Сярод канфіскаваных пры ператрусе ў кватэры Котава рэчавых доказаў быў самаробны плякат са словамі забітага 29 гадоў таму протаярэя Аляксандра Меня «Міласэрнасьць — тое, да чаго мы заклікаем».
«Мы хочам нагадаць усім, хто даваў або будзе даваць паказаньні па гэтай і іншых справах, словы Сьвятога Пісаньня: «Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, загіне», — гаворыцца ў лісьце.
Сьвятары падкрэсьліваюць, што «ілжэсьведчаньне робіць чалавека саўдзельнікам суду над Збавіцелем».
Яшчэ адзін чалавек, якога згадваюць сьвятары ў сваім лісьце, — актывіст штабу Любові Собаль Аляксей Міняйла, арыштаваны па артыкуле за «ўдзел у масавых беспарадках».
«Мы лічым, што пакараньне павінна быць сувымернае парушэньню закону, а ўлада накладае на чалавека дадатковую адказнасьць, а не вызваляе ад яе. У адваротным выпадку само правасудзьдзе ператвараецца ў насьмешку і „масавы беспарадак“», — гаворыцца ў лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьяўляюцца прыкладам для Беларусі пратэсты ў Маскве