Як у Расеі ўспрынялі навіну пра вяртаньне амбасадара ЗША ў Беларусь і амбасадара Беларусі ў ЗША?
Пра рашэньне вярнуць амэрыканскага амбасадара ў Беларусь заявіў 17 верасьня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Гэйл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і БеларусьсюРасейскае агенцтва РИА Новости ў артыкуле пад загалоўкам «ЗША імкнуцца не дапусьціць інтэграцыі Расеі і Беларусі» прыводзіць думкі расейскіх экспэртаў.
Намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Ігар Шышкін зьвязвае актыўнасьць амэрыканскіх дыпляматаў на беларускім кірунку «з маючым адбыцца прыняцьцем двума прэзыдэнтамі (Беларусі і Расеі) пляну паглыбленьня інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы».
«ЗША імкнуцца не дапусьціць гэтага», — кажа прадстаўнік расейскага Інстытуту краін СНД.
Паводле Ігара Шышкіна, Менск ня пойдзе на зрыў інтэграцыі, нягледзячы на свае заявы. Ён лічыць, што Лукашэнка «будзе старацца атрымаць максымум выгады для сябе і для беларускай эліты».
«Пры гэтым Лукашэнка выдатна бачыць на прыкладзе Ўкраіны, куды вядзе разрыў з Расеяй. І выдатна разумее, што калі ня будзе інтэграцыі з Расеяй у рамках Саюзнай дзяржавы, то адзіная альтэрнатыва – тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Гэта будзе катастрофай і для Беларусі», — піша Шышкін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агрэсіўных расейскіх прапагандысцкіх сайтаў у Беларусі рэзка пабольшала, — дасьледаваньнеУ сваім телеграм-канале дэпутат расейскай Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі напісаў, што «даўно пара ўзьяднаць Расею і Беларусь як адну адзіную дзяржаву». Яго цытуюць расейскія мэдыя, сярод якіх РИА Новости і сайт Regnum.ru.
«Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка можа зараз зрабіць гістарычны крок. Даўно пара ўзьяднаць Расею і Беларусь як адну адзіную дзяржаву. Навошта выдумляць: а давайце спачатку мытню або спачатку тарыфы. Беларусь расквітнее, калі мы зноў станем адной дзяржавай», — напісаў палітык.
Паводле Жырыноўскага, тое ж самае тычыцца і Ўкраіны.
«Мы гістарычна жылі разам, а цяпер трэба толькі аднавіць гэта», — напісаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жырыноўскі на міністэрскай пасадзе». За што звольнілі ШуневічаРИА Новости прыводзіць словы беларускага амбасадара ў Расеі Ўладзімера Сямашкі, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка могуць ужо да 8-га сьнежня зацьвердзіць праграму інтэграцыі дзьвюх краін.
«Нашы сувязі будуць яшчэ цясьнейшыя, каб быць мацнейшымі і жыць у лепшых умовах», — сказаў Уладзімер Сямашка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка могуць зацьвердзіць «паглыбленьне інтэграцыі» да 8 сьнежня, — СямашкаУ пачатку верасьня прэмʼер-міністры Расеі і Беларусі Дзьмітрый Мядзьведзеў і Сяргей Румас падпісалі праграму ўзаемнай эканамічнай інтэграцыі. Паводле РИА Новости, яна павінна абʼяднаць 31 дарожную карту.
Гаворка, сьцьвярджае выданьне, ідзе пра адзіны Падатковы кодэкс, які набудзе моц з 1 красавіка 2021 году. Плянуецца ўніфікаваць Грамадзянскі кодэкс. Акрамя таго, Масква і Менск могуць стварыць адзіны рэгулятар энэргетычнай галіны, узгадніць палітыку да аграрынку і гандлю, а таксама ў антыманапольнай сфэры. Таксама плянуецца абʼяднаньне плацёжных сыстэм і агульны рэжым абароны інвэстыцый.
Дзеля посьпеху «маштабнага інтэграцыйнага працэсу» трэба ўрэгуляваць шэраг супярэчнасьцяў, адзначае расейскае выданьне. Сярод іх расейскі падатковы манэўр у нафтавай галіне, празь які Менск сёлета недаатрымаў каля 250 мільёнаў даляраў і разьлічвае на кампэнсацыю.
Яшчэ адна перашкода – цэны на газ.
«Лукашэнка ж хоча, каб цана была такой жа, „як у Смаленскай вобласьці“, — 70 даляраў. Гэта абмяркуюць на двухбаковай сустрэчы 23 верасьня. Магчыма, менавіта там пачнецца актыўная праца ў эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краін», — піша РИА Новости.