19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
Некалі ў 1990-я ў Івянец прыехаў ураджэнец гэтага краю, які ўсе пасьляваенныя гады правёў у Вялікай Брытаніі. Калі ў яго спыталіся, што зьмянілася ў мястэчку за паўстагодзьдзя, той адказаў двума словамі: «Платы памалявалі». Неяк так і ў Стоўпцах. Праўда, узімку незаўважна і гэта. Рэшткі бруднага сьнегу, шэры краявід, бледныя будынкі, брудныя аўтамабілі на дарогах, рэдкія мінакі.
— Дэпрэсіўнасьць гэтага гораду — вялікая праблема. Уся Беларусь дэпрэсіўная, і яна даўно дэпрэсіўная. Некалі Стоўпцы мне падабаліся. Тады горад быў іншым і не шакаваў мяне. Мяне прывозіў нармальны аўтобус за 3 капейкі. Калі я прасіў недзе спыніцца, ён там спыняўся. То бок акружэньне, людзі, была дабрыня людзей. Было спрыяньне, — кажа мне блогер і эколяг Валер Дранчук, калі мы скачам з купіны на купіну, каб не ўваліцца ў бруд каля стаўпецкага аўтавакзалу.
У школьныя гады гэтае месца нагадвала мне Індыю. Прынамсі, так я яе ўяўляў. Натоўпы людзей, крыкі, сваркі, торбы, клункі, цьвярозы і п’яны сьмех, семкі, пакеты. Сёньня тут амаль поўная цішыня і адзін невялікі аўтобус на вялізнай пасадачнай пляцоўцы.
Валер Дранчук нарадзіўся побач са Стоўпцамі, на хутары Гавязна, дзе ён і праводзіць цяпер большасьць часу, хаваючыся ад мітусьні. Калісьці гэты горад быў іншым. Цяпер ён, кажа Дранчук, страціў прыцягальную сілу.
— Мне здаецца, што раней у Стоўпцах было больш дабрыні, больш усьмешак, больш увагі адзін да аднаго, цябе неяк больш заўважалі. Цяпер людзі больш у сабе. Чаму людзі паглыбляюцца ў інтэрнэт і знаходзяць там нейкую асалоду, а тут, у бібліятэцы, напрыклад, не знаходзяць? Тут жа ты камунікуеш з блізкімі. Мне здаецца, што не напрацаваная нейкая новая практыка. Пайшло адчужэньне, людзі ў шматпавярховіках адзін аднаго ня ведаюць. Гэтым жа павінен займацца нехта. Чым займаецца аддзел ідэалёгіі? Гэта справы ўлады, калі яна сама ўзяла на сябе такую місію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дажыць да «трэцяй мэліярацыі». Хроніка зьнішчэньня адной ракіСпадар Дранчук згадвае былога кіраўніка стаўпецкага аддзелу культуры Анатоля Грэкава, які памёр 10 гадоў таму ад раку. Называе яго стваральнікам камунікацыі паміж людзьмі ў Стоўпцах. Грэкаў выдаваў кнігі, рабіў прэзэнтацыі, выставы, ставіў помнікі, ствараў мастацкія калектывы. Менавіта яму належала ідэя адкрыць у горадзе краязнаўчы музэй, у якім ня ўбачыла патрэбы ягоная наступніца.
— Грэкаў быў службай. Яго няма — і няма той службы. Я памятаю, як людзі гаварылі з Грэкавым. Ён — іх памочнік. Ён кажа: давай, давай, я прыеду, далучуся. Ён не камандаваў, а дапамагаў, і даваў людзям 100% свабоды. І раённая газэта. Беларускамоўнасьць яна вытрымлівае, але па зьмесьце зусім ня тое, што было. Я ў маладосьці працаваў у «Прамяні», у аддзеле лістоў, дык колькі лістоў было! Яны ішлі чарадой. За месяц ад 30 да 50. Гэта ж таксама камунікацыя паміж людзьмі. А цяпер паўсюль паказушнасьць.
Пляцоўкі, дзе людзі маглі б сустракацца, павінен ствараць горад, лічыць Валер Дранчук. Але тут заганнае кола.
— Людзі працуюць на свае гаспадаркі, жывуць спажывецтвам. Я ўсяляк намагаюся адбіцца ад гэтай спажывецкасьці. Я б таксама мог сабе знайсьці мноства заняткаў, але тады я ведаю, што не напішу кніжку, артыкул і г.д. Калі я прыяжджаю на хутар, дык іду на рэчку. Калі я прыходжу ў грамадзкую лазьню, то бачу вельмі цікаўных людзей і думаю: чаму яны не актыўныя? У грамадзкім жыцьці, яны лічаць, за іх усё нехта зробіць.
Нічога добрага ў тым, што надыходзіць, Валер Дранчук ня бачыць. І лічыць, што ўсё імкліва будзе мяняцца ў горшы бок. Людзі будуць яшчэ больш разьядноўвацца, і гэта будзе спараджаць праблемы.
— Памятаю, прыехалі мы калісьці ў Аахэн у Нямеччыне. Вечарам ідзе насустрач натоўп. І ўсе з намі вітаюцца. А мы абсалютна новыя людзі. Нам усьміхаюцца. А яны ідуць у свой рэстаран. І мы паглядзелі, чым людзі там займаюцца. Яны ідуць камунікаваць. Нават не ў бібліятэку. Камунікацыя — гэта нават паклон незнаёмаму чалавеку. Ці іх так навучылі, ці газэта, ці радыё, ці гэта нацыянальная прыкмета. Мы павінны вельмі шмат пра гэта дыскутаваць — якімі нам быць. Мы павінны быць вельмі адкрытай, усьмешлівай і камунікатыўнай нацыяй. Як гэта, каб ты некуды прыйшоў і не адкрыў рот? Людзі баяцца проста адкрываць рот. Я на другі дзень пасьля здарэньня ў школе № 2 наведаў яе. Там няма аніводнай кветачкі. Хто забраў адтуль кветкі і зьнічы? А я ведаю хто. Улада. Кветкі ж там былі. Адна асоба мне тэлефанавала і кажа: «Я ж кветкі занесла. І ад суседзяў таксама. Цэлы букет занесла». Я пытаюся: а куды яны дзеліся? Я там быў і кветак ня бачыў. Ніводнай. Машын процьма, а кветак няма. Людзі хочуць выказаць свой боль і спачуваньне, яны пра гэта гавораць дома. Гэта вельмі важны чын. А яго не было падчас гэтага болю. Або быў ён недастатковы.
Улада
Начальства мяняецца ў Стоўпцах часта і, здаецца, безвынікова. Ад яго гораду ані горача, ані холадна, бо аб прарывах або падзеньнях тут ніхто ня кажа.
У 2009 годзе былога старшыню Стаўпецкага райвыканкаму Ігара Радзюка асудзілі за тое, што ён незаконна павялічыў зямельны ўчастак, добраўпарадкаваў яго, адрамантаваў дом і абнёс усё гэта жалезабэтонным плотам. У выніку двум унітарным прадпрыемствам былі нанесеныя страты больш як на 165 млн. рублёў. (Гэта было да дэнамінацыі.)
Разам з Радзюком суд асудзіў ягонага намесьніка і дырэктара дзяржаўнага будаўнічага прадпрыемства ў Стоўпцах. Усе атрымалі ад 3 да 4 гадоў зьняволеньня.
Высокапастаўленыя дзяржаўныя службоўцы паўсюль любяць жыць прыгожа. І часта ім гэта ўдаецца. Але ў такой прафэсіі ёсьць вялікі мінус. Грымнуцца з вышыні таксама можна вельмі «прыгожа», бо да такога жыцьця ня ўсе ідуць законна. У малых гарадах начальству здаецца, што ніхто гэтага не заўважыць, бо ўся ўвага на сталіцу і абласныя гарады. Памылка. Тут, у правінцыі, акурат усё як на талерачцы. Таму і ратацыя ў такіх мясцовасьцях імклівая.
У Стоўпцах за 10 гадоў зьмянілася чацьвёра старшыняў райвыканкаму. Яшчэ аднаго звольнілі падчас праверкі фэрмаў раёну, дзе заўважылі вялікую безгаспадарнасьць. Хоць да гэтага ён хваліўся, што паказьнікі выканаў больш як на 100%, а пасьля звальненьня нават атрымаў грамату. Цяпер ён узначальвае іншы вялікі калектыў у раёне. Трэцяга ціхенька перавялі ў іншы раён, без публічнага скандалу. Чацьвёрты заступіў на працу зусім нядаўна, але доўгай кар’еры стаўпецкія жыхары яму не прадказваюць. Пакуль, ва ўсякім разе, ня надта гучна крычыць на падначаленых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесены прысуд за двайное забойства ў стаўпецкай школеУ паселішчы, дзе працоўных месцаў што кот наплакаў, дзе зачыняюцца прадпрыемствы і самыя актыўныя вырашаюць працаваць на сябе, стаць начальнікам для многіх — самы заўважны аванс. Нібыта збоку, нібыта невялікая адказнасьць, варочаць горы таксама не патрабуецца. Сядзі і даводзь паказчыкі па малаку і мясе. Але начальнікі таксама людзі, і бывае, што даюць слабіну.
У горадзе поўна прыватных крамак, шапікаў, лавак, дзе стаўпецкія самі зарабляюць сабе на жыцьцё, у той час як дзяржаўныя прадпрыемствы пакрысе даходзяць да ручкі.
«Белкаапсаюз» у Стоўпцах у вартым жалю стане і аб’ядноўваецца зь Нясьвіскім. Мясцовая пошта ўжо аб’ядналася зь Дзяржынскай. Філіял Менскага маторнага заводу чвэрць стагодзьдзя служыць галоўным магнітам, які прыцягвае ў Стоўпцы моладзь. Але свае найлепшыя гады ён ужо пабачыў, і яны наўрад ці паўторацца. На заводзе, дзе працуе тысяча чалавек, каторы год адбываюцца скарачэньні, рабочыя скардзяцца на мізэрныя заробкі і на тое, што самі вымушаныя прыносіць на працу сьвердлы і сьпяцоўкі.
Мне распавядаюць, што ўсіх старшыняў стаўпецкага райвыканкаму за апошняе дзесяцігодзьдзе здымалі «ня проста так». Справы не хацелі агалошваць, каб не псаваць і так ня вельмі добрую марку беларускага чынавенства. У выніку цішыня ў любой справе стала ледзь не галоўнай каштоўнасьцю для дзяржаўных службоўцаў.
Калі я спрабую дазнацца пра самага гаспадарлівага начальніка раёну, то пытаньне павісае ў паветры. Узгадваюць хутчэй самыя шалёныя пляны некаторых зь іх. Юры Горлаў, напрыклад, хацеў быў увогуле ачысьціць цэнтральную плошчу Стоўпцаў і з рынку прыбраць гістарычныя будынкі. Начальнік загарэўся ідэяй зьнішчыць плошчу, каб было дзе праводзіць сьвяты. І старыя будынкі хацеў пазьнішчаць. Але яго своечасова спынілі. Цяпер ён кіруе яшчэ большым раёнам.
Стаўпецкі каваль
З дынамікаў у хляве гучыць «Арыя», гудуць электрычныя прыборы. Гаспадар у форме колеру хакі і ў ахоўных акулярах дзелавіта ходзіць з канца ў канец будыніны з усьмешкай на ўвесь твар. Ня ўпэўнены, што я бачыў больш шчасьлівага чалавека ў Стоўпцах.
— Гэта будзе матэрыял без палітыкі, — абяцаю я Сяргею, стаўпецкаму рамесьніку, які прамяняў сталіцу на невялікае мястэчка і ані разу не пашкадаваў.
— Можна і з палітыкай, — усьміхаецца ў адказ Сяргей.
Перад тым як пераехаць у Стоўпцы, Сяргей працаваў мастаком-дызайнэрам для канадзкай фірмы, а жыў у Менску. Раней ён праводзіў дні ў цёплым офісе, перад маніторам кампутара. Але такое жыцьцё стала для яго нудным. Апошнія некалькі гадоў ягонае працоўнае месца — у былым хляве насупраць хаты.
Сяргей абсталяваў там самую сапраўдную кузьню, зарабляе сабе на жыцьцё як рамесьнік — і не наракае. Мы гутарым зь ім у той самай кузьні, дзе на ўсіх чатырох сьценах поўна прадметаў і інструмэнтаў, назваў якіх я ніколі, пэўна, і ня чуў. Сяргей, жвавы і радасны, ходзіць па кузьні і паказвае свае працы. Ён задаволены тым, што робіць, дзе жыве і як жыве.
— Што прымусіла чалавека кінуць добрую працу на канадзкую фірму?
— А што прыемнага ў працы за кампутарам?
— Я думаю, што многія людзі, якія працуюць на кароўніку і ўмеюць маляваць, малявалі б лепш для канадзкай фірмы, чым працавалі на кароўніку.
— Скажу шчыра. Я ў 11 гадоў атрымаў два дыплёмы па праграмаваньні на дзьвюх мовах. Зь дзяцінства я марыў займацца гульнямі. Пачаў працаваць. Умовы клясныя. Сядзіш у цёплым офісе, у мяккім крэсьле, за кампутарам. Езьдзіў я туды на электрычцы, перачытаў літаратуры мора. Добрая праца, добры заробак. Але адчуваеш пастаянны прэсінг. Фізычна лёгка. Сядзіш на крэсьле і набіраеш вагу. Але маральна вельмі складана. Пасьля я яшчэ кароткі час працаваў на заводзе. Таксама начальства ганяла, але я клаў на іх жалезны болт. Паслухаў на плянэрцы, як начальства палівае ўсіх памыямі, пайшоў, стаў за станок і спакойна 12 гадзін гну свае дэталі. А тут я ўвогуле на ўсіх кладу. Што хачу, тое і раблю. Каму хачу, таму адмаўляю. Кувалдай махаць значна прыемней, чым на некага працаваць.
— Не шкадаваў, што ўсё кінуў?
— Ані разу. Калі я ўпершыню сюды прыехаў, выйшаў з электрычкі, іду па цэнтральнай вуліцы гораду, 19.00. Ані душы. Цішыня, спакой, ні машын, ні людзей. Гэта проста афігіцельна. Рабіць няма чаго, ні ўстановаў нейкіх. Спакойна, хораша. Каб ня жонка, якая працуе ў Стоўпцах, то я б узяў нейкі хутар нават. Мне дастаткова, каб быў мабільны інтэрнэт, каб я мог выкласьці свае працы ў Instagram, а аўталаўка сама да мяне прыедзе.
Сваё жыцьцё Сяргей зьмяніў 6 гадоў таму. Тады ў яго былі толькі баўгарка, дрыль, адно кавадла, ціскі і зварачнік. Цяпер па-за майстэрняй у двары ён мае дадатковую ў доме. Усе інструмэнты зрабіў уручную.
— Паціху прыносіць даход. У асноўным Расея. Выходжу цяпер на рынак ЗША. У Амэрыцы гэта ў трэндзе цяпер. Пастаянны рынак збыту ёсьць, адпраўляю партыямі. Працую як рамесьнік, плачу фіксаваны падатак. Праца ёсьць заўсёды. Нават калі ня кузьня, то дом, участак, будова. Усю восень мінулую і зіму я ішачыў на кузьні без адпачынку. Працы было валам. Быў нармальны прыбытак, і я быў задаволены. Па стаўпецкіх мерках гэта добра. Прыйшоў на кузьню, закурыў папяроску, папіў кавы, музыку паслухаў, ніхто мне галаву ня дурыць. Паеду потым да сябра, пап’ем кавы, патрындзім. Ня трэба, як на заводзе, за 800 рублёў 12 гадзін стаяць за станком. Мне так вельмі зручна.
На Instagram Сяргея, куды ён выстаўляе свае працы, пападпісваліся амэрыканскія ўдзельнікі папулярнага шоў на тэлеканале Discovery «Паміж молатам і кавадлам». Майстры, якія прадаюць свае працы празь некалькі сэкундаў ад публікацыі здымка, лайкаюць працы Сяргея, і яму гэта падабаецца.
— А ня сумна табе ў Стоўпцах? Каго ні сустрэну з маладых, то ўсе скардзяцца, што тут няма чаго рабіць.
— Я, наадварот, таму сюды і прыехаў, што тут няма чаго рабіць. У мяне столькі працы, што няма часу некуды хадзіць. У прынцыпе, мне ня трэба ані бараў тут, ані кінатэатраў. Я жыў у Маладэчне, бо я адтуль родам, але потым пераехаў у Менск. Але цяпер я Менск ледзь вытрымліваю адзін дзень, і тое зь цяжкасьцю. Я прыяжджаю на машыне ў Стоўпцы, гэта проста як нейкая панацэя. У Менску галава проста становіцца колам.
— Але няма куды нават пайсьці, каб сацыялізавацца.
— Дык хай да мяне сябры прыходзяць. Пасядзім, вып’ем, пагаворым. Калі ня браць гэтую сытуацыю з забойствам у школе, бо там усё ясна, гнілая нашая сыстэма адукацыі, то ў нас большасьць забойстваў адбываецца праз п’янства. Асноўная прычына, апрача няякаснага і таннага алькаголю, гэта адсутнасьць культуры піцьця. У нас які выбар у вёсках? Або вучыцца, або працаваць, або бухаць. Калі няма здольнасьці да вучобы, то ня вучымся, калі да працы няма, то не працуем. І што застаецца? Сінячыць. Паглядзіш на любую вёску, то там палова жыхароў алькаголікі. Гэта нармальная практыка, і дзяржава гэта падтрымлівае. Культурных месцаў няма, а заробку хапае толькі на гарэлку. Таму я сам па сабе, кую сваё шчасьце.
Працяг будзе
Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org
Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы
Частка 2. Пахаваньне настаўніцы
Частка 3. Пахаваньне вучня
Частка 4. Чумная зямля
Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2
Частка 6. Дом, дзе вырас забойца
Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра
Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»
Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу
Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі
Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі
Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі
Частка 13. Месца злачынства
Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах
Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»
Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе
Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант