На сходзе ў адным з цэхаў ААТ «Мазырсоль» намесьніца гендырэктара прадпрыемства па ідэалёгіі і сацыяльным разьвіцьці Анжэла Крысьця распавядала пра апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча і арганізацыю «Зубар». Аўдыёзапіс яе выступу трапіў на Telegram-канал NEXTA. На ім чуваць, як жаночы голас кажа, што што Статкевіч, які прыяжджае з Польшчы з чамаданамі грошай, і «нацыяналісты з «Зубра» «хочуць зрабіць як ва Ўкраіне».
Анжэла Крысьця сказала карэспандэнту Свабоды, што чытае канал NEXTA і што аўтар канала «павыразаў і зрабіў так, як хоча, вырваў з кантэксту тое, што захацелася».
«Як прыгожа ўсё выскубнута і перарэзана. Тэхналёгіі, бог зь ім. Ён хоча папіярыцца, калі ласка», — кажа намесьніца гендырэктара.
Яна кажа, што на сходзе вялася гаворка пра вылучэньне кандыдатаў у сябры выбаркамаў. Анжэла Крысьця распавяла таксама пра ўсе ініцыятыўныя групы і патэнцыйных кандыдатаў.
«Але я апраўдвацца і ніякіх камэнтароў даваць ня буду. У мяне ёсьць свая пазыцыя. Я расказала пра пяць зарэгістраваных ініцыятыўных групаў кандыдатаў, якія будуць зьбіраць подпісы. Я прасіла прааналізаваць, за каго людзі будуць галасаваць. Я сказала, што не разумею, калі чалавеку 22 гады і ён хоча вучыць жыць. Але на пытаньні, якія яму задаюць, ён увесь час кажа, што на іх адкажуць сябры ініцыятыўнай групы. Калі ты балятуесься ў дэпутаты, то ты павінен расказаць сваю пазыцыю. Потым гэты чалавек у асабістых гутарках зь іншымі людзьмі кажа, што гэта яго шанец паехаць у Польшчу», — сказала Анжэла Крысьця.
Паводле Анжэлы Крысьці, яна мае на ўвазе кандыдата, які працуе на «Мазырміжрайгазе». Ягонае імя яна называць адмовілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супернікам кіраўніцы ТБМ на выбарах стаў палкоўнік міліцыіПры чым тут Статкевіч і «Зубар»?
«Я сказала, што сябрам адной з ініцыятыўных групаў зьяўляецца Статкевіч, які актывізуе сваю працу. Мы яго чамусьці ня бачым у Беларусі ў той час, калі не праходзяць парлямэнцкія ці прэзыдэнцкія выбары. Чаму гэты чалавек не працуе і не даказвае справай? А пра „Зубра“ я цудоўна ведаю, што як такой гэтай арганізацыі няма. Я ня супраць беларускай мовы і таксама нашу вышыванку, хаця беларускіх каранёў у мяне няма, але ў маіх дзяцей ёсьць, у іх бабуля зь Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават Макей ня ведаў пра маё рашэньне пайсьці ў дэпутаты», — былы прэс-сакратар МЗС БеларусіШто значыць «як ва Ўкраіне»?
«Я казала пра тое, што можа ўзьнікнуць сытуацыя, якая ўзьнікла ва Ўкраіне. Бо некаторыя апазыцыйныя людзі не прапануюць канструктыву, а хочуць толькі збурыць тое, што ёсьць. Я прыехала з Малдовы. У Прыднястроўі я застала часы, калі нам падпальвалі дзьверы. І стральбу ў Бэндэрах я таксама добра памятаю. У мяне муж па гэтым баку служыў у войску, стаяла частка Лебедзя, а з таго боку яго стрыечны брат. Мне ня трэба распавядаць, што такое грамадзянская вайна і магчымасьць палітычных дэбатаў», — кажа намесьніца гендырэктара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Несумленна ў нечым нас вінаваціць за тое, што мы пайшлі ў выбарчую кампанію, — актывіст ВінярскіАнжэла Крысьця даводзіць, што няма ніякай мэтадычкі для выступаў ідэолягаў пра выбары.
«Нас яшчэ адносна выбараў не зьбіралі ў горадзе, — кажа Анжэла Крысьця. — Сваю думку я заўсёды выказваю адкрыта. Я цудоўна ведаю, дзе ў нас ёсьць праблемы. І калі я ня ведаю рашэньня гэтых праблем, я слухаю людзей, якія ведаюць рашэньне. Я выказала сваю думку. Ніхто мне гэтую думку не трансьляваў, ні выканаўчыя ўлады, ні нейкія іншыя людзі».
«Яны спрабуюць зьмікшаваць эфэкт сустрэчы»
Мікола Статкевіч сказаў Свабодзе, што наведваў Мазыр, бо ён сябра ініцыятыўнай групы мясцовага жыхара Ўладзімера Неўмяржыцкага. Статкевіч уваходзіць ва ўсе 36 ініцыятыўных групаў, зарэгістраваных ад «Народнай грамады», і ўдзельнічае ў пікетах па Беларусі. Яны праходзяць пад лёзунгамі «Лукашэнка павінен сысьці», «Статкевіч — наш прэзыдэнт», «Пакуль ты спаў, Лукашэнка радзіму прадаў».
Тое, што ідэолягі пачынаюць пра яго гаварыць, Статкевіч зьвязвае зь перадвыбарчай актыўнасьцю.
«Улада напалохалася і ня ведае, што рабіць. У тым жа Мазыры спрабавалі перашкодзіць пікетоўцам. Але пакуль улады гуляюць з Захадам у выбары, мы напоўніцу скарыстоўваем гэты месяц, калі можна ставіць пікеты без дазволу і ўзгадненьня з уладамі. Я бачу, што людзям гэта трэба — падарыць крыху сьмеласьці, драйву і энэргіі. І калі я выступаю, я кажу ўсё як ёсьць, што адбываецца ў краіне і хто ў гэтым вінаваты. І ў гэтых маленькіх гарадах гэта будзе доўга абмяркоўвацца. Таму гэтая дама і ўзбударажылася. Яны спрабуюць зьмікшаваць гэты эфэкт сустрэчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ганаруся судзімасьцю» — Ірына Халіп ідзе ў дэпутаты з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі