Падзеі 17 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
17 верасьня 1939 году Чырвоная армія пачала паход у Заходнюю Беларусь і Ўкраіну.
Таксама ў гэты дзень
1590 — Ліда атрымала герб.
1794 — адбылася вялікая бітва паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі з расейскімі войскамі, якімі камандаваў Аляксандр Сувораў. У бітве, якая праходзіла каля вёскі Крупчыцы цяперашняга Жабінкаўскага раёну, з абодвух бакоў удзельнічалі больш за 20 тысяч чалавек.
1919 – польскія войскі занялі Менск.
У гэты дзень нарадзіліся
1857 — Канстанцін Цыялкоўскі, расейскі навуковец у галіне касманаўтыкі.
1891 — Аркадзь Смоліч, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі, міністар сельскай гаспадаркі ва ўрадзе БНР, акадэмік, рэдактар часопісу «Плуг», аўтар «Геаграфіі Беларусі». Арыштаваны ў чэрвені 1930 году, высланы на 5 гадоў у Пермскую вобласьць, у чэрвені 1937 году паўторна арыштаваны, у чэрвені 1938 году расстраляны.
1891 — Антон Баліцкі, беларускі нацыянал-камуніст, міністар асьветы БССР, які за сваю дзейнасьць быў засуджаны на 10 гадоў турмы, а ў 1937-м — расстраляны.
1907 — Сяргей Дзяргай, беларускі паэт і перакладчык.
1912 — Максім Танк, народны паэт Беларусі.
1922 — Уладзімер Калесьнік, беларускі літаратуразнаўца і крытык, аўтар мэмуараў.
1935 — Кен Кізі, амэрыканскі пісьменьнік.
1949 — Генадзь Карпенка, навуковец і палітык, дэпутат ВС Беларусі 12 і 13 скліканьняў.
1959 — Сяргей Дубавец, беларускі журналіст і літаратар, аўтар перадачы «Вострая Брама» на Радыё Свабода.