«Узялі зь яе тлумачэньні і адпусьцілі. Будзе вырашацца, што рабіць далей», — сказаў начальнік Савецкага райаддзелу міліцыі Гомля Андрэй Баранец.
Жанчына з Буда-Кашалёўскага раёну ў ліпені пакінула народжанае дзіця ў прыбіральні Гомельскага абласнога шпіталя і ўцякла. Днямі стала вядома, што яе адшукалі супрацоўнікі крымінальнай міліцыі Гомельскай вобласьці ў Кармянскім раёне і даставілі ў РАУС Савецкага раёну Гомля.
Чаму жанчыну ўвогуле шукалі, калі яе дзіця не пацярпела?
Прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава патлумачыла Свабодзе дзеяньні міліцыянтаў.
«Так, дзіця здаровае, яму не нанесена ніякай шкоды, але дзіця засталося без нагляду маці і без дакумэнтаў. Калі б маці адразу напісала заяву, сытуацыя была б іншая. А так трэба было жанчыну знайсьці, апытаць пра абставіны нараджэньня, узяць іншыя тлумачэньні, у тым ліку і заяву ў органы апекі адносна далейшага лёсу народжанага дзіцяці. Цяпер гэта ўсё зроблена, і на час праверкі жанчыну адпусьцілі», — сказала Вольга Чамаданава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 тысяч эўра за бэбі-бокс. Колькі каштуе жыцьцё дзіцяціЯкі будзе вынік праверкі? Ці прыцягнуць жанчыну, якая пакінула народжанае дзіця ў шпіталі, да адказнасьці?
Паводле прэсавага сакратара МУС Вольгі Чамаданавай, рашэньне яшчэ не прынятае, але яно наўрад ці будзе жорсткім.
«Калі б у яе дзеяньнях быў склад злачынства, то матэрыялы праверкі б перадалі ў Сьледчы камітэт з далейшай пэрспэктывай крымінальнай справы. Але, наколькі мне вядома, складу злачынства ў дзеяньнях гэтай жанчыны нашы супрацоўнікі ня ўгледзелі. Таму матэрыялы праверкі застаюцца ў міліцыі Савецкага раёну Гомля, і там будзе вырашацца, што зь ёй рабіць. Хутчэй за ўсё, пакараньня ня будзе, нават адміністрацыйнага. А за што? Заяву ў органы апекі яна напісала, дзіця здаровае. Такія дзеці хутка знаходзяць прыёмных бацькоў, будзем спадзявацца, што і цяпер пашанцуе», — сказала Вольга Чамаданава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Сьледчага камітэту пра найбольш гучныя выпадкі забойства немаўлятакІмя жанчыны з Буда-Кашалёўскага раёну, якая адмовілася ад народжанага дзіцяці, у міліцыі не называюць.
«Яна нават у міліцыі адмаўлялася фатаграфавацца, дазволіла зрабіць здымак толькі са сьпіны», — паведамілі ў Гомельскай абласной міліцыі.
Паводле закону, калі маці адмаўляецца ад дзіцяці пасьля нараджэньня, яна падпісвае адпаведны дакумэнт ды згоду на яго ўсынаўленьне. У гэтым выпадку ніякай юрыдычнай адказнасьці яна не панясе. Аднак складанасьці могуць узьнікнуць пры адмове ад дзіцяці з інваліднасьцю. Тады бацькі народжанага могуць быць прызнаныя абавязанымі асобамі на тэрмін, пакуль іх дзіця ўтрымлівае і выхоўвае дзяржава. Шанцы на ўсынаўленьне ў такіх дзяцей лічацца вельмі малымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты не адна». Як у Беларусі дапамагаюць маці ў крызісе