«Нелібэральныя структуры ў Беларусі вельмі паспрыялі таму, каб Кітай замацаваўся ў гэтай краіне», — кітаязнаўца

Аляксандр Лукашэнка цісне руку кіраўніку КНР Сі Цзіньпіну

Новае дасьледаваньне нямецкага фонду Бэртэльсмана паказвае, колькі грошай атрымалі краіны-удзельнікі праекта «Адзін пояс — адзін шлях» ад Кітая, а колькі — ад краінаў Захаду.​

Паводле дасьледаваньня, пра якое напісала Deutsche Welle, Кітай ня стаў самай галоўнай крыніцай фінансаваньня праекту «Адзін пояс — адзін шлях»: Эўразьвяз дае ня менш за Кітай грошай краінам — удзельніцам праекту, а часам нават і больш.

Менавіта з гэтай прычыны Эўразьвяз мае магчымасьці супраціўляцца ўплыву кітайскага капіталу ў краінах Азіі, Афрыкі і Ўсходняй Эўропы — адной з умоваў для атрыманьня эўрапейскіх інвэстыцыяў, як вядома, ёсьць дазвол усталяваць прывычныя для эўрапейцаў каштоўнасьці, працоўныя стандарты, тэхналёгіі і бізнэс-мадэлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі каштуюць кітайскія падарункі Беларусі

У дасьледаваньні фонду Бэртэльсмана гаворыцца аб 9 краінах постсавецкай прасторы

У дасьледаваньні параўноўваюцца кітайскія і заходнія сродкаў, якія былі выдадзены 25 краінам зь якіх 9 знаходзіцца на прасторы былога СССР. Гэта ўсходнеэўрапейскія дзяржавы — Беларусь і Малдова, каўкаскія — Азэрбайджан і Армэнія, цэнтральнаазіяцкія — Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан.

Заходнімі краінамі ў дасьледаваньні называюцца краіны OECD (Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця), у якую ўваходзяць эканамічна і сацыяльна разьвітыя краіны Эўразьвязу, ЗША, Японія, Паўднёвая Карэя, Канада і г.д.

Дасьледнікі аналізавалі 25 краін, што атрымліваюць фінансаваю дапамогу і дзяржаўныя крэдыты як удзельнікі праекту «Адзін пояс — адзін шлях». Кітайскія грошы пераважваюць іншыя інвэстыцыі толькі ў 5 зь іх — у тым ліку і ў Беларусі. Асабліва шмат кітайскіх грошай атрымаў Казахстан, Пакістан ды Лаос. Яшчэ 16 краін атрымалі большую грашовую падтрымку ад краін Захаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што прасіў грошы на футбольны стадыён у розных краінаў, але пагадзіўся толькі Кітай

Кітайцы занялі Беларусь

Мэты Кітая заключаюцца ў тым, каб на прадстаўленую фінансавую дапамогу стваралася інфраструктура, якой потым будуць карыстацца прыватныя і, у некаторых выпадках, фактычна ўжо дзяржаўныя кітайскія кампаніі. У заходнім варыянце аказаньня фінансавай дапамогі такога пункту няма.

«Нелібэральныя структуры ў Беларусі вельмі паспрыялі таму, каб Кітай замацаваўся ў гэтай краіне», — кажа (у інтэрвію Deutsche Welle) кітаязнаўца​ Маркус Таўбэ. Ён нядаўна пабываў у беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень» каля Менску, дзе яму кінулася ў вочы «шырокая прысутнасьць кітайцаў і кітайскіх фірмаў». Прафэсара ўразіла тое, што самай вывучаемай замежнай мовай у Беларусі пасьля ангельскай замест нямецкай стала кітайская.

Надпісы па-кітайску на чыгуначным ваказале ў Горадні

«На мой погляд, разьвіцьцё ідзе ў няправільным накірунку. Трэба, каб заходнія прадпрыемствы былі куды больш шырока прадстаўлены ў гэтай краіне, яе нельга аддаваць на водкуп Кітаю, а беларускае грамадзтва не павінна забываць пра альтэрнатыўную мадэль разьвіцьця», — заклікае кажа нямецкі прафэсар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай вэрбуе замежных шпіёнаў праз LinkedIn, — New York Times

Казахстан арыентуецца на Кітай, Узбэкістан — на Захад

Паводле дасьледаваньня, Казахстан, у адрозьненьне ад Беларусі, атрымаў значна больш кітайскіх сродкаў, чым заходніх. Краіна ўсё больш і больш глядзіць у бок Кітая.

Узбэкістан, хоць і зьяўляецца аўтарытарнай краінай з геаграфічным становішчам, якое падштурхоўвае краіну да большага супрацоўніцтва з Кітаем, насамрэч атрымлівае больш заходніх грошай. Магчыма, тлумачыцца гэта тым, што ў краіне дзейнічае вайсковая база ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане адбываюцца антыкітайскія пратэсты. Пэкін хоча пабудаваць у краіне 55 аб'ектаў

Гэтым летам Інстытут сусьветнай эканомікі (IfW) у Кілі ва ўласным дасьледаваньні сьцьвярджаў, што інфармацыя аб прыкладна палове кітайскіх крэдытаў краінам Афрыкі, Азіі і Ўсходняй Эўропы, зьяўляецца засакрэчанай. Можа быць, Кітай на самай справе ўклаў у постсавецкія дзяржавы куды больш грошай, чым сабе ўяўлялі аўтары новага дасьледаваньня?

Кітайскі завод у Сьветлагорску

У адказ прафэсар Таўбэ паказаў, што дзяржаўныя ўкладаньні Кітая ў краіны яшчэ маладога праекту «Адзін пояс — адзін шлях» па ўсіх наяўных паказчыках пакуль сурʼёзна адстаюць ад першапачаткова заяўленых. У той жа час заходнія грошы паступаюць у рамках дзеючых праграм дапамогі рэгулярна і вельмі стабільна. У выніку ў 2013-2017 гадах прааналізаваныя краіны, сярод якіх былі і Аўганістан, Эгіпет, Індыя і Інданэзія, атрымалі ад Захаду каля 290 мільярдаў даляраў, што ня менш за кітайскія інвэстыцыі.