Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён лічыць, што звальненьне настаўніцы — «мінімальнае, што трэба было зрабіць у такой сытуацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніцу, якая пагражала стукнуць школьніка партай і абражала яго, звольніліУ міліцыю жыхар Гомля зьвяртацца ня будзе, бо ня хоча браць на сябе адказнасьць за лёс іншага чалавека.
«Я настаўніцу толкам ня ведаю, яна першы раз у нас была на замене. Разумею, калі б дзіця нешта сыстэматычна парушала, у настаўніцы бы назапашвалася гэта. Тут яна бачыць дзіця 20 хвілін — і ўжо такое сабе дазваляе», — зазначыў у камэнтары Свабодзе бацька школьніка.
Мужчына не разумее, «што магло зрабіць дзіця, каб да яго прымяніць такое ўзьдзеяньне».
«У маёй галаве не ўкладваецца, калі іншыя бацькі казалі: «Ну і мы матам на дзяцей крычым, што ў гэтым такога?» Яны лічаць, што гэта норма. Я так не лічу. Нельга матам на дзіця, яно азлобіцца. Зь дзіцем трэба размаўляць», — упэўнены бацька.
Суразмоўца падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.
«Я прасіў бацькоў з нашай клясы пагутарыць зь дзецьмі, і яны сказалі што ніякай падножкі не было, ніякіх кубкаў з фарбай ці вадой мой сын ня кідаў, — сьцьвярджае ён. — Я так зразумеў з усёй сытуацыі, што гэты кубак стаяў на стале, упаў, і вада разьлілася. Людзі пагаджаюцца на тое, што маты ў бок дзіцяці — гэта нармальна. Я такога не разумею.
Не было б гэтага відэа, другім разам іншы настаўнік пачаў бы такім чынам свае эмоцыі выказваць у бок дзяцей, і дзеці будуць успрымаць гэта за норму. Ну падумаеш, настаўніца матам лаецца! Дзіця не абражала настаўніцу, на відэа відаць, што ён проста пытаўся: „Якія гадасьці я вам зрабіў?“. Настаўніца адказала: „Іржаў як конь!“ Але гэта эмоцыі. Дык што, казаць дзіцяці, што «панясуць цябе на могілкі?»
Гомельскі партал «Сильные новости» 13 верасьня апублікаваў відэа, зьнятае ў сярэдняй школе № 15 Гомля. На ім настаўніца крычыць і мацюкаецца падчас уроку расейскай мовы ў 4-й клясе. Яна пагражала вучню, што стукне яго партай, лаялася і абражала малалетняга. Таксама відаць, як настаўніца падняла парту і кажа: «Я пайду ў турму, а табе [мацюкі]».
Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход. Настаўніцу звольнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агрэсія як сьведчаньне бездапаможнасьці. Пра настаўніц з партамі ў рукахПры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаная інфармацыя БелаПАН.
Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»
З чаго ўсё пачалося
Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».
Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.
Настаўніцу спачатку звольнілі
Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.
На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.
Як адрэагавалі бацькі
Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.
Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.
19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.
Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу
18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.
19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».
Міліцыя распачала праверку
У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.