Беларускага пераможцу Эўрапейскіх гульняў злавілі на допінгу 

Цырымонія закрыцьця Эўрапейскіх гульняў у Менску

Адзін зь лідэраў зборнай Беларусі ў грэка-рымскай барацьбе Кірыл Грышчанка прапусьціць чэмпіянат сьвету ў Нур-Султане: у ягоным арганізьме выявілі забароненае рэчыва.

Спартовец, які выступае ў катэгорыі да 130 кіляграмаў, сёлета ў чэрвені выйграў золата Эўрапейскіх гульняў у Менску.

Прадстаўнікі трэнэрскага штабу ў эфіры праграмы «Вынікі тыдня» на канале «Беларусь-5» заявілі, што атлет фізычна ня мог прыняць знойдзены ў крыві прэпарат, паколькі той даўно выйшаў з ужываньня. У прыватнасьці, старшы трэнэр Мікалай Багданёнак лічыць, што спартоўца «падставілі». З гэтай прычыны распачата ўнутранае расьсьледаваньне.

Адметна, што выкліканы замяніць Кірыла Грышчанку ягоны калега Ёсіф Чугашвілі таксама прапусьціць турнір — як удакладняецца, за «парушэньне дысцыпліны».

«Што гэта значыць? Прапусьціў ранішнюю трэніроўку. Усялякае бывае. Але ёсьць і вячэрняя. Ён і на яе не прыйшоў, стаў у позу. Маўляў, мы яму сапсавалі настрой. Значыць, з такім настроем — сядзі дома», — патлумачыў Мікалай Багданёнак.

Чэмпіянат сьвету ў сталіцы Казахстану пачаўся 14 верасьня і працягнеццца яшчэ тыдзень.