Дата дня
16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак беларускі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы, дзе па меркаваньнях адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві.
Таксама ў гэты дзень
1810 — Мэксыка абвясьціла незалежнасьць ад Гішпаніі.
1908 — заснавана амэрыканская кампанія General Motors, якая была найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў на сьвеце да 2007 году, калі гэты тытул забрала ў яе японская Таёта.
1963 — узьнікла фэдэратыўная дзяржава Малайзія.
1970 — у апытаньні музычнага часопісу «New Musical Express» тытул найлепшай групы году дастаўся «Led Zeppelin». Гэты рок-гурт перамог і ў апытаньні чытачоў газэты «Melody Maker». Да гэтага апытаньня сем гадоў запар найлепшай музычнай групай Вялікабрытаніі брытанцы нязьменна называлі «The Beatles», якая ў верасьні 1970 ужо не існавала.
У гэты дзень нарадзіліся
1909 —Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 скончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Узвышша». Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927. У студзені 1933 арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі, сасланы ў Ірбіт (цяпер Краснаярскі край). Паўторна арыштаваны 5 кастрычніка 1937 і ў той самы дзень расстраляны. У 1974 выйшаў яго зборнік апавяданьняў і аповесьцяў «Ні госьць ні гаспадар».
1937 — Барыс Луцэнка, тэатральны рэжысёр
1937 — Аляксандар Мядзьведзь, барэц вольнага стылю, трохразовы алімпійскі чэмпіён.
1938 —Віктар Дашук, беларускі кінарэжысэр-дакумэнталіст.
1946 —Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт і публіцыст.
У памяці
1744 — Міхал Сервацы Вішнявецкі, дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
1940 — Сяргей Паўловіч, багаслоў і перакладчык.
1965 — у Берасьці трагічна загінуў Адам Трыпус, дзяяч БНР. Ён быў знойдзены на вуліцы ў выніку зьбіцьця невядомымі пры нявысьветленых абставінах. У пасьведчаньні аб сьмерці прычынай сьмерці быў пазначаны «гіпэртанічны крыз».