Колькі вы будзеце жыць бязь ежы дзеля новай тэхнікі Apple

Кампанія Apple прэзэнтавала днямі 6 сваіх прадуктаў. Свабода палічыла, колькі ў сярэднім мусіць працаваць беларус, каб зарабіць на новыя прылады.

Спойлер: Магчыма, гэта не пра вас. Мы параўналі цэны на новы айфон зь сярэднімі заробкамі настаўнікаў, лекараў і айцішнікаў. Умоўна прынялі, што на новую тэхніку пойдзе ўсё заробленае.

Сьцісла:

  1. Сярэднестатыстычны беларус ня зможа набыць з аднаго заробку нават найтаньнейшы з прэзэнтаваных на гэтым тыдні iPhone.
  2. IT-спэцыяліст зможа набыць з аднаго заробку любы новы гаджэт Apple, настаўнік і лекар — толькі iPad 2019.

Што прэзэнтавалі?

  1. Сэрвіс гульняў па падпісцы Apple Arcade, ён будзе каштаваць 4,99 даляра на месяц.
  2. Стрымінгавы сэрвіс Apple TV+, падпіска на яго будзе каштаваць 4,99 даляра на месяц.
  3. Апэрацыйную сыстэму iPadOS, якую стварылі на падставе мабільнай сыстэмы iOS.
  4. iPad з экранам 10,2 цалі, стартавы кошт — 329 даляраў.
  5. 5 пакаленьне гадзіньнікаў Apple Watch, стартавы кошт — 399 даляраў.
  6. 3 мадэлі iPhone 11, стартавы кошт — 699 даляраў.

iPhone 11 — 2258 паездак на мэтро

Самая танная мадэль новага iPhone 11 — гэта 2258 паездак на мэтро. Калі траціць па 2 жэтоны на дзень, на кошт iPhone 11 вы зможаце езьдзіць пад зямлёй 3 гады.

Мінімальны заробак сёлета — 330 рублёў. Чалавеку з такім заробкам трэба працаваць 135 дзён дзеля iPhone 11. У ліпені беларусы ў сярэднім зарабілі 1129 рублёў, гэта больш за 3/4 iPhone 11.

Супрацоўнікі сфэры адукацыі маюць найменшы сярэдні заробак у параўнаньні зь лекарамі і айцішнікамі — 688 рублёў. Цана «бюджэтнага» iPhone 11 — гэта больш як 2 заробкі настаўнікаў.

Каб набыць адзінаццаты айфон, лекару прыйдзецца працаваць 2 месяцы, айцішніку — 11 дзён.

iPhone 11 Pro — 1272 літры дызпаліва

Зь сёньняшнімі цэнамі замест новага айфона можна набыць 1272 літры дызэльнага паліва ці бэнзіну АІ-95.

Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага «айфона для прафэсіяналаў»?

  • Настаўнік — больш за 3 месяцы;
  • Лекар — амаль 3 месяцы;
  • ІТ-спэцыяліст — 15 дзён.

iPhone 11 Pro Max — запас бульбы на 16 гадоў

З улікам цяперашніх цэнаў, за кошт iPhone 11 Pro Max можна набыць 2,9 тоны бульбы. Паводле спажывецкай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, за год беларус зьядае каля 183 кіляграмаў гэтай гародніны. Адмовіўшыся ад «яблычнага» смартфона, можна забясьпечыць сябе бульбай больш як на 16 гадоў.

Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага «айфона для прафэсіяналаў»?

  • Настаўнік — 3,5 месяца;
  • Лекар — амаль 3 месяцы;
  • ІТ-спэцыяліст — 17 дзён.

Новы iPad — 80 кіляграмаў хлеба

Паводле парталу Myfin.by, кіляграм белага хлеба ў Беларусі каштуе ў сярэднім 2,57 рубля. У сярэднім за год беларус зьядае 80 кіляграмаў хлеба. Такім чынам, цана новага пакаленьня iPad сувымерная запасу хлеба амаль на 3,5 года.

Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага iPad?

  • Настаўнік — 1 месяц;
  • Лекар — 27 дзён;
  • ІТ-спэцыяліст — 3 дні.

Apple Watch Series 5 — 326 кіляграмаў яблык

Паводле Myfin.by, кіляграм яблык абыходзіцца беларусу ў 2,57 рубля. Выходзіць, што замест 5-га пакаленьня «яблычных гадзіньнікаў» можна набыць 326 кіляграмаў яблык.

Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага Apple Watch?

  • Настаўнік — больш за 1 месяц;
  • Лекар — больш за 1 месяц;
  • ІТ-спэцыяліст — 6 дзён.

Працаваць прыйдзецца больш

Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу мы зыходзілі з:

Такім чынам, працаваць дзеля новай тэхнікі Apple прыйдзецца больш.

Аргумэнт 1. Мы лічылі сярэдні налічаны заробак, зь якога вылічваюць падаткі і іншае — на рукі выходзіць менш. У Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі пра наяўныя рэсурсы грамадзян паводле сфэраў дзейнасьці.

Аргумэнт 2. Мы ня ўлічвалі, што чалавек, які хоча набыць iPhone XS Max, будзе:

  • набываць сабе нешта іншае, нават ежу;
  • аплачваць паслугі;
  • несьці любыя іншыя выдаткі.

Аргумэнт 3. Традыцыйна на беларускім рынку айфоны каштуюць даражэй за стартавую цану дэвайса ў ЗША. Напрыклад, у афіцыйным беларускім продажы сярэдняя розьніца ў цэнах супраць амэрыканскіх на мадэлі iPhone 2016–2018 гадоў складала каля 500 даляраў.