Надзвычайнае здарэньне ў Нацыянальным аэрапорце. Было затрымана пяць авіярэйсаў

Яно адбылося ўвечары пятніцы. Прычынай называюць тэхнічную няспраўнасьць.

Электрычнасьць у Нацыянальным аэрапорце зьнікла ў 22.05 вечара пятніцы 13 верасьня. Відавочцы расказваюць, што амаль гадзіну перамяшчацца па памяшканьнях аэрапорту можна было толькі зь ліхтарыкамі. Не працавала не толькі асьвятленьне, але і таблё вылетаў і прылётаў. Падрабязнасьці пра здарэньне Свабодзе расказалі ў прэс-службе аэрапорту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд абавязаў Нацыянальны аэрапорт выплаціць 1400 рублёў сайту Petitions.by

«Так, гэта насамрэч адбылося, — паведамілі там. — Электрычнасьць зьнікла ў 22.05 і адсутнічала на працягу 45 хвілін. Праца аэрапорту падтрымлівалася з дапамогай аварыйных крыніц сілкаваньня. Прычынай адключэньня сталі тэхнічныя непаладкі. Сыстэма пасадкі самалётаў працавала ў штатным рэжыме, былі затрыманыя толькі пяць рэйсаў, якія рыхтаваліся на вылет. Час затрымкі склаў каля 30 хвілін».

Таксама ў аэрапорце адзначаюць, што адключэньне электрычнасьці для іх надзвычай рэдкая зьява. У прэс-службе не змаглі ўзгадаць, калі падобнае здарэньне адбывалася мінулы раз.