Каму зь беларускіх чыноўнікаў неўзабаве на пэнсію. АДНОЙ КАРЦІНКАЙ

Аляксандар Лукашэнка і пэнсіянэрка з Жыткавічаў, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 12 верасьня падчас прыняцьця кадравых рашэньняў загаварыў пра ўзрост і будучыню.

«Ужо павінна прыходзіць новае пакаленьне людзей. Мы калісьці сыдзем. Ня так далёка гэты час, — казаў Лукашэнка новым амбасадарам. — А прыйсьці мусяць людзі, якія павінны захаваць краіну».

У час «Вялікай размовы» 1 сакавіка Лукашэнка адказваў на пытаньне Свабоды пра пераемнікаў і транзыт улады. На пытаньне Валянціна Жданко аб тым, якімі шляхамі лепей перадаваць уладу, ён перапытаў: «Я не зразумеў, якія шляхі ты маеш на ўвазе? На той сьвет сысьці? Ці самому?».

«Абяцаю вам, што на той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць. Гэта я цьвёрда абяцаю, — сказаў тады Лукашэнка. — Другое, я вам абяцаю, што дзеля сваіх дзяцей я ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць ім у спадчыну. Няма такога жаданьня ў дзяцей. У ніводнага зь іх. Нават у меншага. Хоць яму да прэзыдэнцтва яшчэ 20 год. Я, можа, не дажыву да гэтага».

Ён таксама адзначыў, што «ўжо наеўся гэтага прэзыдэнцтва», але дадаў: «Я не змагу ня выставіць сваю кандыдатуру на пост прэзыдэнта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць пераемнікі і ці зьявіцца новая Канстытуцыя? Лукашэнка адказаў на пытаньні Свабоды

Але што з узростам у ключавых беларускіх чыноўнікаў?


Пэнсійны ўзрост у Беларусі ў 2019 годзе — 61,5 года, а для жанчын — 56,5. Адбываецца яго паступовае падвышэньне, штогод на шэсьць месяцаў: за 2017–2022 гады пэнсійны ўзрост жанчын мае вырасьці з 55 да 58 гадоў, а мужчын — з 60 да 63 гадоў. Урад абяцае, што новага павелічэньня пэнсійнага ўзросту пасьля гэтага ня будзе.

Лукашэнка працуе ўжо 5 гадоў пасьля надыходу пэнсійнага ўзросту, міністар адукацыі — 4 гады, кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі — 3 гады, на пэнсію ўжо могуць ісьці кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў і надзвычайных справаў.

Наймаладзейшы сярод міністраў — кіраўнік эканомічнага ведамства Дзьмітры Круты (38 гадоў), крыху старэйшыя за яго міністры лясной гаспадаркі і ЖКГ Віталь Дрожжа і Аляксандар Церахаў (абодвум 41). Сярэдні ўзрост 24 міністраў цяпер — 49 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы адказала на пэтыцыю аб вяртаньні беларускай мовы на пэнсійныя пасьведчаньні