Сэнатары ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый Рон Джонсан і Крыс Мэрфі заявілі ў аўторак, што яны чакаюць, што Кангрэс сваім рашэньнем адновіць абаронную дапамогу на 250 мільёнаў даляраў Украіне ў тым выпадку, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заблякуе такую дапамогу, піша Reuters.
«Калі ён вырашыць не выдаткоўваць гэтых грошай, я практычна ўпэўнены, што Кангрэс, на двухпартыйнай аснове, іх зноў выдзеліць», — адзначыў сэнатар-рэспубліканец Рон Джонсан падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з сэнатарам-дэмакратам Крысам Мэрфі, праведзенай па выніках візыту заканадаўцаў ва Ўкраіну, Косава і Сэрбію.
Джонсан заявіў, што перад паездкай гаварыў з прэзыдэнтам Трампам аб дапамозе Ўкраіне і той падзяліўся сваімі думкамі аб тым, што эўрапейскія краіны павінны больш дапамагаць Украіне.
«Нягледзячы на тое, што робіць прэзыдэнт, Кангрэс Злучаных Штатаў з вамі, і мы падтрымліваем адвагу народу Ўкраіны», — дадаў сэнатар Джонсан.
Мэрфі заяўляў, што падчас сустрэч украінскія чыноўнікі падымалі пытаньне магчымых затрымак аказаньня дапамогі.
Амэрыканскія заканадаўцы таксама хацелі наведаць Расею, але РФ не дазволіла ім уезд.
Раней у Кангрэсе заяўлялі пра тое, што выдзяленьне абароннай дапамогі ЗША Ўкраіне затрымліваецца, нягледзячы на рашэньне заканадаўцаў пра такую дапамогу.