«Урэшце мы тут». Нашчадкі кантара горадзенскай сынагогі наведалі Беларусь праз 80 год пасьля яго

Сямʼя Фэйнсод каля горадзенскай сынагогі на радзіме продкаў

Упершыню нашчадкі кантара горадзенскай сынагогі Шымэна Любіча наведалі Горадню. Яны зьехаліся з Мэксыкі і Ізраілю, каб убачыць месцы, дзе жылі і адкуль не змаглі ўратавацца многія іхнія продкі. Шымэн застаўся падчас вайны ў Горадні, выжыў і стаў шэф-кухарам у ізраільскім войску.

Вандроўка да каранёў стала падарункам да 80-годзьдзя маці

У вялікае падарожжа сабралася кампанія зь дзевяці чалавек. Галоўная сярод іх — маленькая жанчына з кіёчкам Дыяна Фэйнсод. Днямі яна мае адсьвяткаваць 80-годзьдзе. Вандроўка на радзіму продкаў стала падарункам да юбілею і аб’яднала раскіданых сваякоў. Яны выбраліся некуды разам упершыню за 40 гадоў.

Дыяна Фэйнсод каля былога ўваходу ў горадзенскае гета


Разам з Дыянай паехалі чацьвёра ейных дзяцей — Дэніэл, Рубэн, Хана і Абрахам, а зь імі Рубэнава жонка Наталі і іхняя дачка Сімон, Ханін муж Ары і сын Абрахама — Джонатан. Цяпер толькі Хана і Ары жывуць у Мэксыцы, рэшта крэўных пераехалі ў Ізраіль.

Вандроўка заплянаваная на 11 дзён. Хоць іхнія продкі жылі ў межах невялікай тэрыторыі, цяпер гэта тры краіны — Літва, Беларусь і Польшча.

Падарожжа да каранёў стала падарункам на 80 год маці


Бацька Дыяны Хаім Пэрэльман паходзіць зь літоўскага Коўна, пазьней жыў у Вільні. Маці Сара Ніселевіч — родам зь літоўскай Алі́ты (Alytus). Муж Дыяны Самуэль Фэйнсод памёр два гады таму. Ягоны бацька Абрахам Фэйнсод быў родам з польскай Кузьніцы, а маці Іда Любіч — з Горадні.

З родным братам Іды Шымэнам Любічам зьвязаная адна з самых кранальных гісторый гэтай сям’і.

Елі лушпіньне ад бульбы

Іда Любіч, бабуля чатырох чалавек, якія наведалі Горадню, была адной з прыкладна дзесяці дзяцей у сям’і. Сярод іншых у яе былі два браты Шымэн і Рубэн. Іхны бацька Давід працаваў на абутковай фабрыцы і служыў у польскім войску. Дзеці амаль ня памяталі, каб ён бываў дома. Верагодна, сям’я жыла на левым беразе Нёмана, бо часта трэба было пераплываць цераз раку.

Бабуля Іда ў маладосьці

Сям’я ганарыцца тым, што ў Горадні іхнія сваякі сябравалі зь сям’ёй Шапіраў. Адзін з выхадцаў з гэтай сям’і, Мошэ Хаім Шапіра, пазьней будаваў дзяржаву Ізраіль, падпісваў дэклярацыю аб яе незалежнасьці, займаў розныя міністэрскія пасады — аховы здароўя, іміграцыі, унутраных спраў, рэлігій, працы і сацыяльных паслугаў.

Па ўспамінах Іды, Горадня была вялікім горадам, дзе габрэі складалі да паловы 50-тысячнага насельніцтва. Іхняя сям’я належала да сярэдняй клясы. Бабуля Іда расказвала, што ў Горадні была вялікая сынагога (захавалася да сёньня) і некалькі меншых сынагог (зруйнаваныя), габрэйская школа і яшыва.

Адзін зь Любічаў працаваў пажарным. Родныя фатаграфуюць горадзенскую пажарную каланчу


Аднак пасьля Першай усясьветнай вайны ў Горадні панавала беднасьць, людзі галадалі і шукалі, куды зьехаць.

«Мая бабуля Іда Любіч расказвала, што ў Горадні не было чаго есьці. Яны елі лупіны ад бульбы, варылі зь іх суп. Хоць там было шмат каштанаў, яны ня ведалі, што яны вельмі пажыўныя, аддавалі іх коням», — кажа Хана.

Хана Фэйнсод

Іда Любіч (пасярэдзіне)

Некаторыя продкі сям’і Любіч-Фэйнсод зьехалі ў Мэксыку яшчэ да ІІ усясьветнай вайны. Іда выехала ў 1929 годзе і месяц плыла цераз акіян. Яна пражыла да 89 гадоў.

Прыкладна ў гэты ж час бацька Дыяны Хаім ехаў зь Літвы ў Мэксыку. Ён распавядаў, як у Партугаліі ў порце яму далі зьесьці нешта дзіўнае, доўгае і жоўтае.

«Ён раней ніколі ня бачыў бананаў. Фрукты ў супэрмаркетах тады не прадаваліся», — усьміхаецца Дыяна.

Сорак гадоў таму частка сям’і Фэйнсод пераехала з Мэксыкі ў Ізраіль.

Ары з жонкай Ханай засталіся жыць у Мэксыцы, большасьць сваякоў пераехала ў Ізраіль


«Мы зьехалі з Мэксыкі, бо не адчувалі сябе там як дома. Мы адрозьніваліся ад мясцовых. У нас крыху сьвятлейшая скура. Да таго ж гэта каталіцкая краіна. Мы паехалі бліжэй да каранёў», — тлумачыць Дэніэл.

Шымэн сьпяваў у тэатры лялек і ў сынагозе

Аднак у цяжкія часы з Горадні зьехалі ня ўсе сваякі.

Хана дастае нататкі на гішпанскай мове і пачынае доўгі расповед пра свайго стрыечнага дзядулю Шымэна.

Хор Вялікай харальнай сынагогі ў Горадні, у якім сьпяваў Шымэн

Шымэн нарадзіўся ў 1907 годзе. Ён быў музычна адораны. Пачаў сьпяваць з васьмі гадоў. Меў голас сапрана. Быў кантарам у вялікай горадзенскай сынагозе. Ягоны малодшы брат Рубэн, які таксама ня зьехаў з Горадні, сьпяваў у малой драўлянай сынагозе. Шымэн вучыўся ў Менску. Пазьней ён выступаў у горадзенскім тэатры лялек, быў опэрным сьпеваком.

Шымэн і ягоная жонка Рушка

У 23 гады Шымэн ажаніўся з Рушкай, дзяўчынай з багатай горадзенскай сям’і. Ейныя сваякі працавалі на тытунёвай фабрыцы. У іх нарадзілася двое дачок — Ідка і Сара-Зэльфа.

Шымэн удзельнічаў у падпольлі супраць нацыстаў, трапіў у палон і выжыў у канцлягеры.

У гэты час, у 1941 годзе, усю ягоную сям’ю ў Горадні — маці, жонку, дачок, брата Рубэна і братавую — схапілі і адвезьлі ў Асьвенцім. Там усе загінулі.

фота 4 Сям’я Фэйнсод каля ўваходу ў горадзенскае гета

Пасьля вайны Шымэн перабраўся ў лягер для бежанцаў на мяжы Нямеччыны і Францыі. У 1947 годзе яму дапамаглі перайсьці мяжу і трапіць у Францыю.

Там ён ажаніўся другі раз з францужанкай негабрэйскага паходжаньня. Ягоная жонка зацяжарала, але мужу нічога не сказала і зрабіла аборт. Калі Шымэн пра гэта даведаўся, то разьвёўся.

«Гэта вельмі сумная частка ягонай гісторыі. Ён ніяк ня мог зразумець, як можна зрабіць аборт, бо ён і так страціў дзьвюх сваіх дачок», — працягвае аповед Хана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта амэрыканец Дэвід прыехаў у Горадню, адкуль яго продкі ўцяклі 100 гадоў назад

Стаў адным з найлепшых кухараў у ізраільскім войску

У 1948 годзе Шымэну ўдалося дабрацца да Мэксыкі і ўбачыцца са сваімі сёстрамі. Пазьней ён пераехаў у Ізраіль.

Там спачатку быў простым кухарам у арміі, але пазьней пачаў вельмі добра гатаваць і зрабіўся адным з шэф-кухараў. Гатаваў ня толькі на штодзень, але і для ўрачыстых імпрэзаў.

Ён двойчы атрымліваў узнагароды як найлепшы кухар — у 1975 і 1980 гадах.

Шымэн Любіч

Сваякі ўзгадваюць, што ён неверагодна смачна гатаваў.

«Я вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Ерусаліме, а ён езьдзіў на вайсковым джыпе. Калі людзі ва ўнівэрсытэце бачылі, што едзе вайсковы джып, то ведалі, што гэта мой дзядзька едзе ва ўнівэрсытэт і прывязе шмат шакаляду», — узгадвае Абрахам.

«На пахаваньні было шмат генэралаў, якіх ён карміў»

«Калі Шымэн толькі прыехаў у Ізраіль, ён быў вельмі халодным, сур’ёзным, самотным чалавекам. Але цягам гадоў навучыўся давяраць ізноў сваёй сям’і, клапаціцца, мець сувязі. Ён быў дзядулем для кожнага з нас», — кажа Хана.

«Ён быў дзядулем для кожнага з нас»

Шымэн Любіч

Ейны родны дзед Абрахам памёр у маладым веку, унукі яго ніколі ня бачылі.

Шымэн таксама сьпяваў у адной з найбуйнейшых сынагог Ізраілю.

Аднак, нягледзячы на гэта, жыў надалей вельмі сьціпла. Наймаў нават не кватэру, а адзін пакой. Спаў на вузкім ложку. Пасьля яды зьмятаў са стала і еў крошкі.

Брама гета


«Я яму казала: „Шымэн, ёсьць жа яшчэ хлеб“. Але ён ведаў цану кожнаму граму хлеба», — успамінае Дыяна.

«Ён меў вельмі цяжкое жыцьцё. Выжываў, а ня жыў. Мы можам слухаць пра гэта, але мы ніколі гэтага не зразумеем», — дадае Дэніэл.

Дэніэл


«І ён скончыў свой шлях у 1985 годзе. Яму было 78 гадоў», — Хана пачынае плакаць.

Абрахам


«Ён памёр блізка да сваіх каранёў. На ягоным пахаваньні было шмат генэралаў, якія вельмі яго любілі», — кажа Абрахам.

У гонар Шымэна Рубэн і Наталі назвалі сваю дачку Сімон.

«Усё яшчэ жывыя»

У Горадні сям’я наведала сынагогу, габрэйскія могілкі, тэатар лялек. На могілках яны знайшлі тры надмагільлі з прозьвішчам Любіч. Ці гэта іхняя радня, невядома. Бо ўсе або павыяжджалі за мяжу, або загінулі ад нацыстаў.

Перад імі яшчэ шлях у польскую Кузьніцу і шэраг літоўскіх гарадоў, зьвязаных са сваякамі.

Рубэн Фэйнсод


«Урэшце мы тут. Ходзім па тых жа вуліцах. Усё яшчэ жывыя. Нас шмат. Мы жывём у моцнай краіне зь вельмі моцным войскам. І па-габрэйску мы кажам: „Ніколі зноў“», — кажа Рубэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцякалі ад сьмерці ў Налібацкую пушчу. Іх нашчадкі вярнуліся туды праз 75 гадоў