Беларусь ня мае дачыненьне да таго, што на Валыні абмялела возера Сьвіцязь — украінскія навукоўцы

Возера Сьвіцязь на Валыні.

Украінскія адмыслоўцы наведалі Хаціслаўскае крэйдавае радовішча ў Беларусі і прыйшлі да папярэдняй высновы, што распрацоўка кар’еру ня мела ўплыву на зьніжэньне ўзроўню вады найглыбейшага ва Ўкраіне валынскага возера Сьвіцязь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Валынскай вобласьці Ўкраіны абмялела возера Сьвіцязь. Вінавацяць беларускі кар’ер




У жніўні кіраўніцтва Шацкага нацыянальнага парку Ўкраіны, на тэрыторыі якога знаходзіцца больш за 30 азёр, у тым ліку і Сьвіцязь, зьвярнуліся да беларускіх калегаў з заказьніку «Прыбускае Палесьсе» з просьбай падзяліцца інфармацыяй пра назіраньні за гідралягічнай сытуацыяй на сумежнай тэрыторыі.

Украінскія гідролягі падазравалі, што галоўная прычына абмяленьня іх унікальнага возера — распрацоўка кар’еру ў Беларусі.

Як паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні экалёгіі і прыродных рэсурсаў Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, здабыча крэйды ў Хаціслаўскім кар’еры адбываецца адпаведна прыродаахоўным патрабаваньням.

У той жа час адмыслоўцы настойваюць на неабходнасьці пільнага маніторынгу паверхневых і падземных водаў на тэрыторыі радовішча, улічваючы, што здабычу крэйды тут плянуюць павялічыць.

Паводле дамоўленасьцяў, у верасьні Хаціслаўскі кар’ер наведаюць прадстаўнікі грамадзкасьці і навукоўцы Валынскай вобласьці.