19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
«Горад Міру»
На пачатку 2000-х «Советская Белоруссия» паведаміла, што Стоўпцы абвешчаныя Горадам Міру. Зь якога перапуду, газэта не тлумачыла. «Рашэньне аб прысваеньні ганаровага статусу належыць вядомаму індыйскаму філёзафу і прапагандысту спорту Шры Чынмою», — напісала «СБ».
Якім чынам індус Шры Чынмой, заснавальнік уласнай царквы ў ЗША, даведаўся пра Стоўпцы і чаму ўганараваў іх, застаецца загадкай. Яшчэ больш загадкава — што стаўпецкі выканкам з павагай паставіўся да новага статусу, і перад раённым Домам культуры зьявіўся валун з адпаведнай шыльдай.
Зрэшты, прычынаў ганарыцца сабою зашмат не бывае.
Чынмой быў ня толькі прапаведнікам, але і прапагандыстам спорту. І цяпер штогод праз горад праходзіць міжнародная бегавая эстафэта міру. Магчыма, у гэтым прычына — трапіліся на дарозе?
Чынмой стварыў сваё «Сузор’е Міру» — цэлы шэраг аб’ектаў у сьвеце, якіх сёньня больш за тысячу. У Беларусі такое месца адно. Яшчэ кажуць, нібыта Стоўпцы выбралі дзякуючы таму, што яны знаходзяцца каля геаграфічнага цэнтру Эўропы. Насамрэч, такіх цэнтраў толькі ў Беларусі некалькі, а ў Эўропе яшчэ з паўтузіна, ад Славаччыны да Літвы. Але ў Стоўпцах ведаюць, што іхны цэнтар Эўропы — недалёка ад гораду, на калгасным полі.
Падчас бегавой эстафэты цырымонія зь перадачай паходні адбываецца на плошчы Бесьсьмяротнасьці пры ўдзеле раённага начальства, з хлебам-сольлю, танцамі і песьнямі.
Здаецца, нічога неардынарнага. Спорт, здаровы лад жыцьця і філязофія. Але прырода шыльдаў такая, што ў іх ёсьць два бакі.
Шыльда зь вершам Шры Чынмоя некаторы час віднелася нават на Статуі Свабоды ў Нью-Ёрку, але нядоўга. Вырашальнай стала дзейнасьць патрона і яго рэпутацыя. Чынмой — гэта ня проста заснавальнік маратону міру і дзівак, які дае званьні розным аб’ектам на плянэце. Ягоную царкву многія лічаць таталітарнай дэструктыўнай сэктай. Пасьлядоўнікі Чынмоя вераць, што ён напісаў 1500 кніг, 155 тысяч вершаў, 200 тысяч карцін і прыўзьняў адной рукой больш за 3000 кг.
Чынмой без праблем падняў бы стаўпецкі помнік Леніну, мог бы прысьвяціць кожнаму стаўпецкаму жыхару па 10 вершаў, а зь яго карцін вакол Стоўпцаў можна было б узьвесьці высачэзную агароджу, каб аддзяліць «Горад Міру» ад рэшты Беларусі.
Сам Чынмой сьцьвярджаў, што ён інкарнацыя Бога. Ад сваіх пасьлядоўнікаў ён вымагаў поўнага падпарадкаваньня, цэлібату і забараняў заводзіць знаёмствы зь людзьмі з вонкавага сьвету. Усё дзеля таго, каб знайсьці ўнутраную раўнавагу.
Чынмой памёр у 2007 годзе ад сардэчнага прыступу, маючы на сваім рахунку абвінавачаньні ў сэксуальных дамаганьнях і стварэньні поп-рэлігіі для выпампоўваньня грошай. Раённае начальства, пэўна, ніколі ня чула пра другі бок шыльды Чынмоя. А калі і чула, дык чым тыя два бакі горшыя за два бюсты Дзяржынскаму ў горадзе?
Мая «Кароткая гісторыя Беларусі»
Трэба сказаць, што ў гэтым краі ніколі не было спакойна. Тая напружанасьць, зь якой унутры жывуць тутэйшыя людзі, нікуды не зьнікае з-пад вонкавай міны нясьпешнага спакою. Прынамсі, апошнія сто гадоў было так. Мяркую пра гэта на падставе гісторыі свайго ўласнага роду.
Я вырас у вёсцы Налібакі за 40 км ад Стоўпцаў, дзе насельніцтва перад Другой усясьветнай вайной называла сябе польскім. Калі ў 1939 годзе прыйшлі бальшавікі, частка гэтых палякаў і мясцовых габрэяў віталі акупантаў з кветкамі. Мясцовы паляк узначаліў сельсавет. Яго застрэлілі свае, палякі. Тых, што віталі, камуністы потым у кніжках назвалі беларусамі. Частка габрэяў і мясцовых палякаў пайшлі ў міліцыю. Калі вывозілі ў Сыбір польскіх чыноўнікаў, тыя міліцыянты складалі сьпісы, каго вывозіць.
Арыштавалі майго прадзеда Францішка Гурневіча. На яго напісаў данос сусед і былы аднаклясьнік, такі самы паляк, які ня мог дараваць, што ў дзеда за польскім часам някепска ішлі справы. Прадзеда адправілі па лягерах. У 1941 годзе ён быў у лягеры на Віцебшчыне. Як прыйшлі немцы, яго адпусьцілі да сям’і.
Прадзед вярнуўся і ахоўваў сьпіртзавод ад партызанаў. Сёньня яго, напэўна, назвалі б паліцаем. Бо ж немцы далі яму гэтую працу. Ці ён мусіў ісьці ў савецкія партызаны, да тых, хто ў 1939 годзе ў Асташкаўскім лягеры ўнёс яго ў расстрэльны сьпіс? Тыя немцы потым расстралялі сямʼю іншай прабабулі, на хутары Вялік пад Івянцом, а рускія партызаны — яе стрыечную сястру, польскую падпольшчыцу Марысю Чаінскую. Потым, у 1944-м, дзеда па старой памяці ізноў загрэблі бальшавікі. На судзе ён назваў сябе беларусам. Выслалі ў Сыбір.
Налібацкія габрэі, каб заслужыць давер камуністаў, скінулі ў 1939-м у возера каля касьцёла скульптуру Яна Хрысьціцеля. Многія мясцовыя былі абураныя. Прыйшлі немцы. Габрэяў з Налібак восеньню 1941-га забралі ў гета ў Наваградак або расстралялі ў лесе пад Івянцом. Частка ўратавалася, іх хавалі мясцовыя ў Налібаках. У суседняй вёсцы быў адзін габрэй, ён схаваўся ў бочку з капустай. Выдала суседка. Я пытаўся ў маёй бабы Мані, чаму яна яго выдала: «От, прыдуркаватая і зайздросная была».
У 1941-м наваградзкія габрэі хацелі праз Стоўпцы ўцячы на ўсход, але савецкія жаўнеры, якія нібыта ў 1939 годзе аб’ядналі Беларусь, стралялі ў іх на былой мяжы каля Стоўпцаў, якая, як выявілася, усё яшчэ існавала — і праз два гады пасьля аб’яднаньня. Мясцовыя палякі ўцяклі ў савецкую партызанку, а частка — у польскую. І тыя, і другія прыходзілі рабаваць мясцовых уначы. Паверце, тым было ўсё роўна, якія ў тых партызанаў нашыўкі на рукавах. У партызаны пайшлі і мясцовыя габрэі. Польскіх партызанаў яны баяліся, бліжэй стаялі да саветаў, дзе былі тыя самыя налібацкія. Некаторых зь іх саветы расстралялі, потым усё ж далі згоду на габрайскія атрады, але без узаемнай любові.
Немцы стварылі зь мясцовых палякаў Самаахову, якую цяпер у Польшчы палякі называюць беларускай паліцыяй. І калі адзін мясцовы паляк (былы жаўнер Войска Польскага, які ў 1939 годзе змагаўся супраць немцаў) нібыта застрэліў савецкага камандзіра і справакаваў у Налібаках разьню, у якой загінулі 128 мясцовых, то яго польскія гісторыкі назвалі беларускім паліцаем. Дарэчы, самі палякі яго ў 1950-я гады асудзілі на расстрэл у Варшаве. Але не расстралялі.
Другі мой прадзед Антон Біруля, які таксама лічыў сябе палякам, жыў на хутары. Там у яго хаваліся і габрэі, і польскія АКаўцы, і савецкія маёры. Палякаў ён сам вітаў, бальшавікі «прасілі» зь пісталетам. Часам у госьці заяжджаў «беларускі паліцай» Скродзкі — паляк, як і прадзед, — шукаў у яго габрэяў, «бо людзі кажуць»... Саветы ўрэшце хутар спалілі.
У 1944 годзе польскія партызаны пачалі адступаць з нашай пушчы ад саветаў разам зь немцамі. У літаральным сэнсе. Прадзеда ў 1944-м выслалі ў Краснаярскі край. Данос напісаў мясцовы паляк, сусед (бытавуха, сусед хацеў ажаніцца з бабуляй, а яна яму адмовіла). Прадзеда абвінавацілі ў супрацы зь немцамі (то бок — у дапамозе палякам). Яго спрабаваў ратаваць нейкі НКВДыст, які ўзяў за жонку прадзедаву стрыечную сястру, але яна адгаварыла мужа ратаваць сваяка: «Ваня, падумай, што будзет с намі». Дарэчы, калі прыйшлі немцы, Ваня і яна паўгода жылі ў прадзеда за печкай.
Маю прабабулю пасьля высылкі мужа пагражалі выслаць да яго праз год, бо яна была ня ў стане плаціць збожжам падаткі новай савецкай уладзе. Выратаваў яе габрэй, якога яна хавала на пачатку вайны. Ён працаваў у НКВД у Івянцы, калі немцы паўцякалі.
Стрыечнага брата маёй бабулі, паляка, саветы выслалі на фронт у апошнія месяцы вайны. Ён загінуў і цяпер лічыцца адным зь беларускіх франтавікоў, які загінуў у баях з агрэсарам, што напаў на СССР, які ён бараніў. Уся яго сям’я, мая прабабуля і яе дочкі (акрамя маёй роднай бабулі) уцяклі з СССР, выехалі ў Польшчу, як яны думалі, на радзіму. Там іх называлі кацапамі.
Мая бабуля ажанілася зь дзедам, сынам паляка — увага! — чальца тарашкевічаўскай Грамады, які пасьля вайны адмовіўся ехаць у Польшчу, бо лічыў, што яна па яго сама вернецца. Ягоны сын, мой дзед, пасьля вайны лічыў сябе палякам і камуністам. Ягоныя дзеці і ўнукі сёньня лічаць сябе беларусамі.
Ва ўчынках герояў маёй гісторыі я ня бачу лёгікі, акрамя жаданьня выжыць. Каб выжыць, ім даводзілася прымаць самыя страшныя рашэньні. Таму гісторыя для мяне — гэта не навука пра факты. Гэта навука пра этыку, дзе факты — гэта доказ і прыкмета таго, як людзі прымаюць рашэньні. Пад уплывам каго і чаго, зь якой матывацыяй. І гісторыя часта дае нам адказы на пытаньні сёньняшняга дня.
Так, прынамсі, лічыла аўтарка адной з найважнейшых кніг у гісторыі — «Банальнасьць зла» — нямецкая публіцыстка Ганна Арэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойства ў цэнтры Эўропы. Ганна Арэнт супраць ЛукашэнкіГорад, дзе найлепшае ўжо было
У Стоўпцах праз два поціскі рукі я пазнаёміўся з кіраўніком гітлераўскай арміі, генэралам Гудэрыянам. Так сталася праз настаўніцу ўсясьветнай мастацкай культуры і краязнаўцу з гімназіі № 1 Людмілу Назаранку, якая водзіць па Стоўпцах экскурсіі.
Я прашу яе правесьці невялікую экскурсію і для мяне, каб лепш зразумець гэтае месца — чаму такая страшная бяда здарылася менавіта тут.
Мы сустракаемся каля той самай гімназіі, дзе ў вайну была нацысцкая камэндатура. Гудэрыяна бачыла мясцовая прыбіральшчыца, якая ў сталым веку распавяла пра гэта Людміле Станіславаўне.
— Стоўпцы — гэта першае месца, дзе спатыкнуўся Гудэрыян. Тут жа быў паранены ягоны генэрал, — кажа мой гід.
Настрой, зь якім у горад прыйшла нямецкая армія, перадае запіс у дзёньніку шарагоўца Эміля Гольца, які ваяваў у складзе 29-й матарызаванай пяхотнай дывізіі:
«28 чэрвеня. Па дарозе ад Міра да Стоўпцаў мы размаўлялі з насельніцтвам мовай кулямётаў. Крыкі, стогны, кроў, сьлёзы і шмат трупаў. Ніякага спачуваньня мы не адчувалі. У кожным мястэчку, у кожнай вёсцы пры выглядзе людзей у мяне сьвярбяць рукі. Хочацца пастраляць зь пісталета па натоўпе. Спадзяюся, што хутка сюды прыйдуць атрады СС і зробяць усё, што не пасьпелі зрабіць мы».
На пачатку нашай размовы Людміла Станіславаўна згадвае Марыну Пархімовіч, якую добра ведала. У гэтыя дні тут амаль кожная размова пачынаецца з гэтай тэмы.
— Я ніколі ня бачыла, каб яна не ўсьміхнулася. Прыгожая жанчына. Яна была настолькі адкрытая! Я ўяўляю, як дзецям было добра каля яе. Мы былі ня так даўно на конкурсе вучнёўскіх дасьледчых прац па краязнаўстве і гісторыі. Яна была сёлета кіраўніком журы, праявіла незвычайны інтарэс. Яна глядзіць дзіцяці ў вочы і задае пытаньне за пытаньнем. А потым кажа: «Ты ня думай, я ў цябе не пытаю як сябра журы. Мне і самой цікава. Ці мог бы ты прыйсьці ў нашу школу і расказаць нам?» Яна не глядзела, што ёсьць адна школа і другая, ці трэцяя, што нейкая канкурэнцыя паміж імі. Для яе галоўным былі дзеці. Яна аддавала ім усё. А цяпер, высьвятляецца, і жыцьцё.
Мы пачынаем экскурсію каля той самай школы, дзе гасьцяваў Гудэрыян. Гэта будынак былой польскай гімназіі, першы выпуск якой з гэтых сьценаў адбыўся ў 1935 годзе.
— Нядаўна я знайшла здымак, на якім людзі адкрываюць помнік патрону гімназіі — Тадэвушу Галуўку, польскаму палітыку, дэпутату ад Наваградзкага ваяводзтва. Ён быў блізкі да Стоўпцаў. Спрыяў узьвядзеньню не драўлянага, як плянавалася, а каменнага будынка гімназіі. Але ў 1934 годзе яго забілі ўкраінскія нацыяналісты, і гімназіі надалі яго імя. Зараз я вам нешта пакажу.
Людміла Станіславаўна падводзіць мяне да агароджы школы, за якой бачны кавалак роўна вычасанага каменя. Гэта кавалак помніка Галуўку. На ім нават ёсьць адпаведны надпіс.
— Нядаўна быў фэст экскурсаводаў, дык адно кола па горадзе — 3 гадзіны. Я б, здаецца, распавядала і распавядала, бо ніхто нічога ня ведае. Ніхто не прапагандуе, нікому гэта не цікава. Калі я расказваю пра гэта на ўроку, дзеці робяць вочы па яблыку. Як гэта? Я кажу — гляньце праз вакно. Вунь там у двары быў Наваградзкі кацёл у першыя дні вайны. З нашага вакна быў бачны лягер ваеннапалонных, дзе было пару тысяч чалавек.
Дзе тут ні капяні, кажа Людміла Назаранка, паўсюль гісторыя. У літаральным сэнсе. Капалі зь дзецьмі клюмбу ў школьным двары, знайшлі старую цэглу. Каб выявіць, зь якога яна году, Назаранка правяла цэлае дасьледаваньне і дазналася — з 1924-га.
— А вось там у двары гімназіі быў будынак, пры сьцяне якога расстрэльвалі палонных. Мне расказвалі старажылы, як дзеці тут бегалі падчас вайны і кідалі ім якія чаропкі, каб няшчасным было з чаго паесьці.
— Людміла Станіславаўна, — перабіваю. — А калі, на вашу думку, быў найлепшы час Стоўпцаў?
— 18 гадоў у Польшчы. І гэта ня толькі мая думка, бо я там тады не жыла. Так кажуць усе. Па ўспамінах людзей, гэта проста бясспрэчна. Найперш з пункту гледжаньня архітэктуры. Да прыходу палякаў, пасьля першай сусьветнай вайны, у Стоўпцах было ўсё выпалена. У адзіным каменным будынку - касьцёле была адна вежа. Астатнія дамы - драўляныя. А да першай вайны тут таксама нічога не было. Гэта было габрэйскае мястэчка. Плошча, і некалькі вуліцаў уздоўж Нёмана, шлях да чыгуначнай станцыі і ўсё. Горад канчаўся млыном Пекера, потым яго зьнесьлі (1931 г.). Цяпер там плошча Бесьсьмяротнасьці.
А вось гэта будынак былой польскай казармы. Яе пабудавалі пасьля нападу на Стоўпцы дывэрсійнай камуністычнай групы Ваўпшасава ў 1924 годзе, калі яны тут шмат бяды нарабілі. Палякі потым умацавалі мяжу і прыслалі больш жаўнераў. Вуліца спачатку называлася Вакзальная, а потым, калі забілі міністра ўнутраных спраў Польшчы Пярацкага, то зьмянілі ў ягоны гонар.
А бачыце дамы з глухой сьцяной? Мясцовыя жартавалі, што ніводнае акно ў бок саветаў не глядзіць... А адзін наш інжынэр патлумачыў, што так будаваліся будынкі на мяжы прыватных пляцаў, бо зямля была дарагая, выкарыстоўваўся кожны мэтар.
Вось гэта дом Касовіча. Нядаўна тут была кнігарня, але ўжо няма. Яна ўжо нікому тут не патрэбная.
А во ў гэтым доме жыў гаспадар, які фарбаваў тканіны. Калі ён памёр, ягоныя сыны пасварыліся. Ды так, што зрабілі асобныя дахі, каб з аднаго цякло на другі. І так яны згнаілі перакрыцьці.
Будынкі польскага часу і сапраўды моцна вылучаюцца ў Стоўпцах. Калі будынак проста каробка, накрытая шыфэрам, — яго пабудавалі за саветамі.
— Тое, што будуецца цяпер, не настолькі трывалае, пазбаўленае адметнасьці. Я ня супраць функцыяналізму і спрашчэньня, але ж яно ўсё павінна быць пісьменнае. Адкідай усё лішняе, але ж ёсьць фасад, ён "чытаецца" вокам. Ты ніколі не памылісься, у тыя дзьверы ты ідзеш ці ня ў тыя.
Асяродзьдзе павінна быць сувымерны чалавеку. Толькі тады нам тут будзе добра і мы ня будзем адчуваць сябе мурашамі, як побач з высоькамі, ан якія трэба задзіраць галаву.
— А Стоўпцы сувымерныя сваім жыхарам?
— Нашыя Стоўпцы - найбольш цікавая іх гістарычная частка, не вышэй за тры паверхі. Ніякай аднастайнасьці, ніякага палёту "хваравітай фантазіі" - ціха і прыгожа.
Ня ведаю, як ужо сёньня казаць пра гэта. Але гэта быў самы спакойны горад, у якім добра. Дачка прыяжджае на машыне зь Менску і кажа: я прыехала ў іншую краіну. У краіну павольнасьці. Па-першае, рух. Ніхто нікуды не сьпяшаецца, усе адзін аднаго ведаюць. Мы з вамі стаім, нас мінаюць людзі і вітаюцца.
А вось тут быў габрэйскі раён. Я калі займалася габрэйскай тэмай, то перажагналася і сказала сама сабе, што больш ніколі ня буду пісаць пра гэта. Я не магу пераварыць гэтыя вобразы, як ім было тут цяжка за немцамі. Між іншым, стаўпецкія габрэі былі настолькі багатыя, што многія эўрапейскія магнаты маглі б пазайздросьціць. Так мне казала адна нашая старажылка. Напрыклад, гаспадар жыў у Кёнігсбэргу, а сям’я тут. Сын кіраваў сплавам лесу тут, а бацька там прымаў.
Немцы не адразу пачалі іх забіваць. Спачатку яны выпампавалі ад іх усё, што маглі. Напрыклад, патрабавалі 20 кг гарбаты. А яшчэ трэба было і асабіста камусьці нешта несьці, каб ня зьдзекаваліся. Адбываліся страшныя рэчы. Адна жанчына распавядала, як іншая ўпала, прабіла галаву, зь яе выцякае мозг, а курыца падыходзіць і гэта дзяўбе. Немцы гэта бачаць, стаяць і рагочуць.
У будынку стаўпецкай пошты пры паляках быў паліцэйскі пастарунак. Побач памяшканьне, дзе паліцыянты зьбіраліся сем’ямі, каб адпачыць. Непадалёк была "Каса хорых" з лазьняй зь вялікімі ваннамі.
— Усё расказвалі, як у нас быў адзін мясцовы дурачок, Файфэл зваўся. То голы хадзіў па горадзе, то залезе ў жаночую лазьню і схаваецца. А як жанчыны прыйдуць, то ён там гвалту наробіць. Дык успаміналі, што спачатку абыходзілі ўсе кабінкі і глядзелі, каб Файфэла не было, і толькі потым ішлі мыцца. О, былі такія адметныя асобы і ў "савецкія гады".
— Людміла Станіславаўна, а чаму вы ня лічыце цяперашні час найлепшым для Стоўпцаў? Вайны няма 70 гадоў, людзі маюць кватэры, дамы, машыны.
— Разумееце, палякі прывезьлі з сабою сваю культуру. Вядома, не падабалася тое, што яны пачалі хутка апалячваць. Вось гэта была бяда. Беларускасьць гінула. Гэта была памылка палякаў. Але колькі б яны ні стваралі розных арганізацый, то столькі тыя і працавалі. Ніводная не была толькі на паперы. Я дзіўлюся сама, адкуль яно ўсё такое эфэктыўнае. У стаўпецкай паліцыі быў свой футбольны клюб «Нёман», ён займаў месцы на спаборніцтвах. Нашыя вучні перад вайной езьдзілі ў экскурсіі са Стоўпцаў да Нямеччыны, і ўсё па водным шляху. Гэта была падзея. Пільнаваўся парадак. Людзей, якія не хацелі прыбіраць каля дому, штрафавалі. Вядома, яны былі незадаволеныя. Некаторыя не разумелі, што калі ты ўзяў у дзяржавы грошы ў доўг, ты павінен іх аддаць, і ты павінен пра гэта думаць, працаваць на гэта. Кожнаму не дагодзіш. Адзін крычаў пра панскую Польшчу. А другі дзядок мае 95 гадоў і кажа: во дзе быў парадак. Вядома, гэта быў час не для ўсіх. Не для простага чалавека ў горадзе была Рэдута, вежа са сходамі, дзе была заля для збораў Таварыства навукі. Чыталі лекцыі там. Пачынаючы ад Эгіпту, заканчваючы тым, як правільна ставіць вульлі. То 70 прысутных, то 50. На нізе быў рэстаран. А вунь там быў тэнісны корт.
У нашым горадзе было нават некалькі бардэляў. Адзін зь ім месьціўся каля вакзалу. Тут жа столькі войска было, казармы. Кіравала тым бардэлем жанчына, якую называлі Амэрыканка. Яна была родам з Івянца. Езьдзіла ў Амэрыку. Там у яе было 2 дачкі. Чым яна зарабляла грошы там, я не скажу, бо ня ведаю. З мужыком яна жыла дрэнна, ён яе біў, цягаў за валасы. А потым яна вярнулася з грашыма і пабудавала гэты дом. Там цяпер дзіцячы садок.
Карэнныя жыхары пасьля апошняй вайны тут былі меншасьцю. І таму трымаліся адзін за аднаго. Казалі — гэта ж ня навалач, а свае. Я часам калі іду зь дзецьмі, дык яны мне кажуць: вунь бабушка ідзе, давайце пойдзем пагаворым. Бо яны б усіх старых людзей спынялі. Я кажу — о не, гэтая бабушка ня наша. Бо яна ў хустцы. А была б яна ў капялюшыку, дык гэта была б стаўпецкая. А гэта наяжджанка.
Насельніцтва ў Стоўпцах зьмянілася пасьля ІІ усясьветнай вайны. Габрэяў зьнішчылі, палякі выехалі, карэнных жыхароў засталася жменька. Горад пачалі запаўняць прыежджыя з навакольных вёсак і спэцыялісты з Усходняй Беларусі.
— А ведаеце, дарэчы, чым першыя саветы лепшыя за другія? Першыя прыйшлі і пайшлі, а другія прыйшлі і засталіся, — сьмяецца Людміла Станіславаўна. — Саветы прыйшлі сюды ў лапцях, яны нічога не разумелі, хадзілі, рот разявіўшы. Нейкае сьвята было іхнае. Іх жанчыны прыйшлі і панакуплялі ў крамах ніжнюю бялізну і так хадзілі ў ёй. Настаўнікі іхныя прыйшлі непісьменныя пасьля польскіх прафэсараў. Дзеці не маглі паважаць такіх настаўнікаў. Першыя саветы выграблі ўсю рыбу з нашага возера, а там разводзілі карпаў. І кіравалі яны так, бо былі некваліфікаваныя.
На пагорку, насупраць школы № 2, стаіць прыгожая і сьветлая царква Сьвятой Ганны. Калі яе будавалі, гэта была мяжа гораду, тут праходзіла вуліца Загуменная. Царква працавала і пры паляках, і нават у вайну. Гэты пэрыяд зьвязаны з постацьцю айца Віталя Багаткевіча.
— Самі Багаткевічы не адсюль. Ён вучыўся ў Пецярбургу. А яго жонку гадавала немка. І яна ведала, як пячы нямецкія булачкі. І гэтыя булачкі Багаткевіч насіў нямецкаму камэнданту, каб ён дазваляў праводзіць багаслужбы ў лягеры для ваеннапалонных. Потым ён арганізоўваў лячэньне параненых і хворых у стаўпецкіх сем’ях. Ён маліўся ў адзіноце, моцная асоба была.
Айцец Віталь Багаткевіч служыў у Стоўпцах да 1951 году. Потым ён быў настаяцелем Сьвята-Духавага сабора ў Менску, працаваў сакратаром мітрапаліта. Але пасьля таго, як ён пачаў адстойваць менскія сьвятыні, кіраўніцтва рэспублікі-партызанкі накіравала яго ў Талачын, далей ад сталіцы.
Ледзь ня кожная сьветлая гісторыя, якую пачынала распавядаць спадарыня Людміла, завяршалася нейкай драмай. Кожны прыгожы будынак хаваў за сваімі сьценамі тоны трагедый і сьлёз.
Гэты горад ніколі ня быў ціхім і спакойным. Кола гісторыі было для яго бязьлітасным. Кожны квадратны мэтар Стоўпцаў прасякнуты крывавай гісторыяй, якая стала часткай яго ДНК. І гэтая гісторыя стагодзьдзямі заставалася нязьменнай. Мяняліся толькі чарговыя пакаленьні жыхароў, якія расьлі ў гэтым горадзе, дзе траўматычныя перажываньні або сталі для іх нормай, або яны пра такія рэчы ніколі ня чулі, паверыўшы, што жывуць у «Горадзе Міру».
Працяг будзе
Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org
Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы
Частка 2. Пахаваньне настаўніцы
Частка 3. Пахаваньне вучня
Частка 4. Чумная зямля
Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2
Частка 6. Дом, дзе вырас забойца
Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра
Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»
Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу
Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі
Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі
Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі
Частка 13. Месца злачынства
Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах
Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»
Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе
Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант