У аўторак увечары ў кавярні «Грай» адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэньня прэміі імя Натальлі Арсеньневай за найлепшую кнігу паэзіі 2019 года.
Узнагароду атрымала Марыя Мартысевіч за эпісталярную паэму «Сарматыя». Прыз прэміі сёлета складае 4000 беларускіх рублёў.
У кароткі сьпіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, акрамя Мартысевіч, увайшлі яшчэ 2 кнігі:
- Уладзімер Арлоў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
- Надзея Артымовіч «Краявід зь невідочнай памылкай». Выдавецтва «Праграмная рада тыднёвіка „Ніва“», Беласток.
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтар, «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Натальлі Арсенневай (1903–1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.
Першым ляўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі «Толькі вершы», другім — Алесь Разанаў з кнігай «Перавыбранае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як склаўся б твой лёс, калі б ты жыла ў Сарматыі?У траўні Марыя Мартысевіч атрымала за паэму «Сарматыя» прэмію «Кніга году». Прэмія прысуджаецца адной найлепшай кнізе, выдадзенай у папярэднім годзе ў жанрах мастацкая проза, паэзія, эсэістыка, нон-фікшн. У склад журы мог увайсці любы беларускі пісьменнік і перакладчык. Пераможца прэміі атрымала 1000 эўраў.