Нацыянальны архіў Беларусі прадставіць на выставах у Менску дакумэнты да 80-годзьдзя ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР. Архіў сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай і Беларускім дзяржаўны архівам кінафотафонадакумэнтаў рыхтуе выставу «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі».
Яна адкрыецца 17 верасьня ў Нацыянальнай бібліятэцы, паведамляе Белта.
Загадчыца аддзела навуковага выкарыстаньня дакумэнтаў і інфармацыі архіва Маргарыта Старасьценка нагадала, што ў кастрычніку 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход.
«Прынятыя на ім дакумэнты — аб дзяржаўнай уладзе, уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад БССР, аб зямлі, нацыяналізацыі банкаў і буйных прамысловых прадпрыемствах — згулялі важную ролю ў далейшым разьвіцьці беларускай дзяржаўнасьці, эканомікі, культуры, адукацыі. Дакумэнты, якія прадстаўляе Нацыянальны архіў на выставе, адлюстроўваюць важнейшыя падзеі гэтага працэсу. Яны будуць дэманстравацца шырокай публіцы ўпершыню», — распавяла Маргарыта Старасьценка.
Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакумжнтаў падрыхтаваў фатаграфіі таго пэрыяду. Усяго будзе прадстаўлена каля 20 фотаздымкаў і 10 дакумэнтаў.
18-19 верасьня адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя па гэтай тэме, арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук. На выставе будуць прадстаўлены ня толькі дакумэнты, але і паштовыя паштоўкі, маркі, а таксама грошы тых часоў.