4 верасьня 2019 году ў Мадрыдзе на філялягічным факультэце Ўнівэрсытэту Камплютэнсэ (Universidad Complutense de Madrid) прайшла пасьпяховая абарона доктарскай дысэртацыі Анхэлі Эсьпіносы Руіс (Ángela Espinosa Ruiz) на тэму «Сымбалізм народнага паходжаньня ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера». Гэта быў першы выпадак абароны дысэртацыі, якая прысьвечана беларускай літаратуры, у Гішпаніі.
Анхэля Эсьпіноса Руіс выдала тры зборнікі паэзіі па-беларуску: «Раяль ля мора» (2015), «Памяць пра будучыню» (у электронным выглядзе, 2015), «Pomme de ciel» (2017). У 2017 годзе пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Беларусі і амбасады Беларусі ў Гішпаніі выдадзены зборнік перакладзеных ёю на гішпанскую мову вершаў Максіма Багдановіча пад назвай «Згукі маёй Бацькаўшчыны».
Сьцісла
- першая доктарская дысэртацыя ў Гішпаніі па беларускай літаратуры параўноўвае творчасьць беларуса Яна Баршчэўскага і гішпанца Густава Адольфа Бэкера
- аўтарка дысэртацыі, Анхэля Эсьпіноса Руіс, вывучыла беларускую мову самастойна і атрымала тытул магістра беларусістыкі ў Варшаўскім унівэрсытэце
- вершы па-беларуску Анхэля пачала пісаць, каб лепш авалодаць беларускай мовай
- да сёньня Анхэля апублікавала тры зборнікі сваіх беларускіх вершаў і зборнік перакладаў Максіма Багдановіча на гішпанскую мову
Хто такі Густава Адольфа Бэкер
— Анхэля, віншую вас з абаронай доктарскай дысэртацыі «Сымбалізм народнага паходжаньня ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера». І адразу пытаньне да тэмы вашай дысэртацыі: Хто такі Густава Адольфа Бэкер? Беларусу павінна быць сорамна, што ён раней ня чуў гэтага імя?
— Вялікі дзякуй за віншаваньне! Не, не павінна быць сорамна. Я ўвогуле лічу, што ніколі не павінна быць сорамна за тое, што чагосьці ня ведаем. Я гляджу на гэта як на шанец пазнаёміцца зь нечым новым, патэнцыйна файным, цікавым.
Бэкер — гэта гішпанскі рамантык. Яго роля ў гішпанскай літаратуры і яе разьвіцьці прыкладна такая, як роля Яна Баршчэўскага для беларускага літаратурнага працэсу.
— А наколькі Бэкер папулярны ў самой Гішпаніі? Калі яго параўнаць з рамантыкамі з ангельскай або нямецкай літаратуры, дык гэта чалавек кшталту Байрана або Кітса?
Ягоная проза — страшная нават сёньня
— Так! Гэта, мабыць, самы вядомы гішпанскі рамантык. Прыкладна, як Байран або Шылер. Яго творы вывучаюць у школе, прозу і паэзію. Гэта вельмі вядомы пісьменьнік у Гішпаніі, любімы гішпанскімі школьнікамі, таму што ён лёгка чытаецца. Ягоная проза — пераважна гатычная, страшная нават сёньня. Таму дзеці, падлеткі і дарослыя з задавальненьнем чытаюць Бэкера, і ўсё яго ведаюць або прынамсі чулі пра яго, калі не чыталі…
— А вы, калі былі ў школе, завучвалі ягоныя вершы на памяць?
— Мы ўжо па памяці не вывучаем амаль нічога зь літаратуры. Гэта вельмі папулярнае ў беларускіх школах, ведаю таксама, што папулярнае ў польскіх і чэскіх школах, а ў нас вывучаць на памяць — ня модна цяпер. Мае бацькі вывучалі мноства вершаў на памяць і помняць іх дасюль, а нас ужо так не вучылі…
Доктар у Мадрыдзе, магістар у Варшаве
— Скажыце, доктарская дысэртацыя ў гішпанскай унівэрсытэцкай сыстэме — тое самае, што кандыдацкая дысэртацыя ў Беларусі?
— Я сказала б, што так, але ёсьць адрозьненьні — гэта апошняя дысэртацыя, якую можна абараніць у Гішпаніі. Гэта як бы эўрапейскі PhD… Вядома, ёсьць у нас і далейшыя званьні, якія можна атрымаць у акадэмічнай сыстэме, напрыклад, пасьля вялікага стажу працы або калі шмат гадоў публікуеш. У Беларусі, як я разумею, пасьля кандыдацкай можна абараніць доктарскую, а ў нас доктарская дысэртацыя, якую абараніла я, — апошняя ступень. А потым ужо працуй…
— Ступень магістра вы атрымалі на катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Як вы апынуліся на той катэдры і чаму?
Я вельмі хацела паступіць на беларускую філялёгію
— Я ў Гранадзе скончыла бакаляўрэат па агульнай славістыцы — там была руская мова, польская, баўгарская. Польскай мовай пасьля ўнівэрсытэту я валодала. І ў мяне была магчымасьць вучыцца ў Польшчы бясплатна. Я вельмі хацела паступіць на беларускую філялёгію, на магістратуру… Я паглядзела на магчымасьці ў Беларусі, у БДУ ці ў Лінгвістычным — гэта 3–4 тысячы эўраў толькі за вучобу, а потым яшчэ пражываньне… Гара папераў, бюракратыя… Я падумала: у Польшчы ёсьць беларуская філялёгія, магістратура, ёсьць добрыя выкладчыкі, там працуюць і палякі, і беларусы. І віза мне непатрэбная, і нам, як грамадзянам Эўразьвязу, можна бясплатна вучыцца. Таму я паехала ў Варшаву.
— Колькі часу вы правялі ў Варшаве? І якая была тэма вашай магістэрскай працы?
— Два гады. Я пісала магістэрскую пра паэзію Міхася Стральцова. Маім навуковым кіраўніком быў прафэсар Мікалай Хаўстовіч. Ён спэцыялізуецца ў галіне літаратуры ХІХ стагодзьдзя, ён таксама вялікі экспэрт па творчасьці Яна Баршчэўскага. І ў мяне, безумоўна, паявілася цікавасьць да гэтага пэрыяду, да беларускага рамантызму і, канкрэтна, да Яна Баршчэўскага. Гэта прафэсар Хаўстовіч падказаў мне, што калі я буду пісаць кандыдацкую, то можна было б напісаць нейкую параўнаўчую працу. Мы зь ім часта размаўлялі пра Яна Баршчэўскага, і я падумала, што ў Густава Адольфа Бэкера моцнае падабенства зь Янам Баршчэўскім.
Адкуль беларуская мова
— Калі вы прыехалі ў Варшаву, вы ўжо гаварылі па-беларуску?
— Так, я ўжо гаварыла па-беларуску. Гэта была магістратура, і немагчыма было паступіць на магістратуру бязь веданьня беларускай мовы. То бок як бы магчыма, але вельмі цяжка было б яе скончыць…
— Дык ад каго вы вучыліся беларускай мове ў Гішпаніі?! Там былі выкладчыкі, якія ведалі гэтую мову?
— Не. Я вучыла мову дома самастойна.
— Мне, як беларусу з Польшчы, цікава ведаць, ці былі вы калі-небудзь на Падляшшы, дзе кампактна пражывае невялікая беларуская меншасьць?
— Была. Мяне запрашала арганізацыя АБ-БА [Аб’яднаньне ў карысьць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову. — РС]. Я выступала там у іх, чытала свае вершы на беларускай мове. І трэба сказаць, што ніводная іншая публіка не прымала мяне так цёпла, так файна, як тамака.
Гішпанска-беларускія паралелі
— Давайце вернемся да вашай дысэртацыі. Якія паралелі вы ўбачылі ў творчасьці Баршчэўскага і Бэкера?
Маем нарацыю на двух узроўнях
— Фокус маёй дысэртацыі быў на падабенстве ў падыходзе да фальклёрнага матэрыялу і да сымбаляў, якія паходзяць з народнай творчасьці. І яшчэ — у структуры іх празаічных твораў. Таму што ў Бэкера ёсьць такі твор як «Паданьні», па-гішпанску «Leyendas», і там у яго вельмі падобны матыў, як у «Шляхціцу Завальні» Баршчэўскага. Гэта пра маладога чалавека, які едзе ў манастыр лячыцца, — таму што ў яго ці то сухоты, ці то іншая хвароба, — і там ён чуе і запісвае розныя паданьні, казкі, гісторыі, якія яму апавядаюць самыя розныя людзі… У Бэкера падобная структура твору, як у Баршчэўскага — маем нарацыю на двух узроўнях… У выпадку Баршчэўскага мы маем Яна, пляменьніка шляхціца Завальні, які едзе да свайго дзядзькі, а ў выпадку Бэкера мы маем наратара, які таксама зьяўляецца alter ego аўтара. Гэта першы ўзровень. А другі ўзровень — гэта апавяданьні іншых людзей, якія яны запісваюць…
— У Баршчэўскага шмат апавяданьняў пра розных русалак, вадзянікаў і іншую чартаўшчыну. Ці падобныя матывы зьяўляюцца таксама ў Бэкера?
— Таксама. У Бэкера гатычная проза, і хаця «монстрыкі» ў яго іншыя, то там ёсьць усё ж такі вадзяны дух, жаночы, вельмі падобны да славянскіх матываў. Там ёсьць і розныя прывіды…
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гішпанка Анхэля Эсьпіноса выпусьціла трэцюю кнігу на беларускай мовеШто далей
— Дык што вам сказалі прафэсары падчас абароны? Яны былі задаволеныя тым, як вы прадставілі сваю тэму?
Гэтая праца — наватарская
— Я думаю, пераважна так. У нас падчас абароны дысэртацыі ёсьць laudatio і ёсьць reprobatio — яны павінны сказаць нешта добрае і нешта кепскае. Кепскага было няшмат, і гэта ўжо адразу добры знак. Яны менавіта зьвярнулі найбольш увагі на тое, што гэтая праца — наватарская, што яна адкрывае новае поле ня толькі для гішпанскай славістыкі, але і для параўнаўчай літаратуры, для параўнаньняў Беларусі і Гішпаніі ня толькі ў літаратуры, але і ў культуры. І яны былі вельмі задаволеныя, што у Universidad Complutense de Madrid абаранялася якраз такая новая праца — першая дысэртацыя па беларускай тэматыцы ў Гішпаніі. Нават консул зь беларускай амбасады прыяжджаў, сказаў некалькі словаў…
— Чым вы будзеце займацца цяпер? Пойдзеце далей у філялёгію ці, магчыма, памяняеце род заняткаў? Напрыклад, пойдзеце ў дыпляматыю?
— Гэта вельмі добрае пытаньне. Я яшчэ сама ня ведаю дакладна, чым. Не магу сказаць нічога канкрэтнага. Я, канешне, вельмі хацела б працягваць свае дасьледаваньні. Напрыканцы верасьня я паеду ў Вільню на міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі. Я пакуль у пошуках розных магчымасьцяў, разглядаю варыянты — пайсьці на працу? падацца на постдактарантуру? Пра дыпляматыю, дарэчы, таксама думала, але калі б так, то я б пайшла ў нейкі культурніцкі дэпартамэнт ці нешта такое, бо палітыкай я ніколі не займалася…
Вершы па-беларуску
— А калі вам прыйшла ў галаву думка пісаць вершы па-беларуску? Яны вам лёгка даваліся? Трэба было заглядваць у слоўнік?
Я ня думала, што гэта нехта заўважыць
— Я гэта раблю вельмі часта, калі пачынаю вывучаць новую мову. Я тады стараюся пісаць нейкія рыфмаваныя ці не рыфмаваныя паэтычныя творы. Бо я мяркую, што гэта дае чалавеку такое адчуваньне мовы, да якога вельмі цяжка дайсьці іншымі шляхамі. Таму я пачала такую форму моўнай практыкі і выкладвала яе ў інтэрнэце — я ня думала, што гэта нехта заўважыць. Але беларускія літаратары заўважылі і прасілі, каб я стала друкаваць свае вершы ў часопісах… Спачатку было вельмі цяжка і я, канешне, часта зазірала ў слоўнік. Цяпер таксама зазіраю і не лічу, што гэта кепска…
Ці лёгка перакладаць Багдановіча і Купалу
— А потым вы зразумелі, што ўжо зможаце валодаць паэтычным словам, і пераклалі на гішпанскую мову Максіма Багдановіча. Цяжка было перакладаць?
Багдановіч вельмі добра перакладаецца на гішпанскую
— Лягчэй, чым я думала. Багдановіч — вельмі эўрапейскі і, у пэўным сэнсе, сучасны паэт. І ён вельмі добра перакладаецца на гішпанскую мову, вельмі файна ўлягаецца ў, скажам так, гішпанскія формы або вобразы. Перакладалася лёгка. А вось калі я перакладала санэты Янкі Купалы, там было мноства сялянскіх слоў і паняцьцяў, і я ведала, што гарадзкому гішпанскаму чытачу гэта будзе ў любым выпадку цяжка чытаць, таму я старалася сяк-так абыходзіць такія месцы або неяк адаптаваць. З Багдановічам такія праблемы былі вельмі рэдка…
— Дзіўна… Вы даяце зразумець, што сялянскі пласт лексыкі ў гішпанскай мове цяпер як бы крышку забыўся. А спадчына Фэдэрыка Гарсіі Лоркі, тыя ягоныя сялянскія п’есы пра Андалусію сёньня ўжо не чытаюцца?
— Чытаюцца, але самае сялянскае ў яго — пра цыганоў («Romancero Gitano»). Гэта чытаецца як экзотыка, і там усё ж няма пра сялянскую працу. Там вельмі рамантызаваныя сялянскія вобразы…
— Я меў на ўвазе такія п’есы Лоркі зь сялянскага жыцьця, як «Yerma» ці «Bodas de sangre»…
— Гэта ўсё ж такі празаічныя творы, гэта драма, ня тое, што паэзія… Калі б я перакладала п’есы Янкі Купалы, я ўпэўненая, што мне было б лягчэй…
— Я вас разумею. Чаму я запытаў якраз пра Лорку? Таму што я пераклаў ягоную п’есу «Yerma» на сваю падляскую гаворку. Гэта драма, але там ёсьць таксама песьні тых андалусійцаў. Для гішпанцаў яны зразумелыя, але абсалютна не зразумелыя для беларусаў на Падляшшы. Праўду кажучы, я іх не пераклаў, а як бы сам «прыдумаў» нанава, карыстаючыся нашымі падляскімі матывамі… Сапраўды, сялянскі фальклёр не перакладаецца адзін у адзін з аднае мовы на іншую…
— Або перакладаецца, але са шматлікімі анатацыямі, тлумачэньнямі. Але гэта ўжо не паэзія, а хутчэй навуковы твор…
Любімыя беларускія чытанкі
— На заканчэньне такое пытаньне. Каго зь беларускіх аўтараў, празаікаў і паэтаў, клясыкаў і сучасьнікаў, вы чытаеце найбольш ахвотна?
— Вельмі складана адказаць, таму што я чытаю вельмі шмат, і любімыя аўтары ў мяне мяняюцца. Акрамя Баршчэўскага і Стральцова, мяне заўжды ўражвае проза Максіма Гарэцкага. З паэтаў: Яўгенія Янішчыц. З сучасьнікаў: ёсьць такая маладая цудоўная паэтка Юлія Алейчанка; Наста Кудасава; Аляксей Арцёмаў; Ігар Кулікоў; Галіна Сіўчанка…
Калі я пачну называць паэтаў, то гэта будзе ўжо другое інтэрвію, такое ж доўгае, як і гэтае…
— Ведаеце, людзям заўсёды прыемна пачуць, што іх нехта чытае. Так што я магу крыху пацярпець, пакуль вы прыгадаеце, каго яшчэ вы чыталі апошнім часам…
— Ну, Бахарэвіча крыху чытала, нарэшце дайшлі да мяне «Сабакі Эўропы»… Прозу Ўладзімера Арлова… Вальжыну Морт…
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.