У 2017 годзе ЗША вывезьлі з Расеі свайго агента, які меў доступ да высокапастаўленых крыніц ва ўрадзе. Першым пра гэта паведаміў тэлеканал CNN, але пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзілі некалькі іншых амэрыканскіх СМІ.
Згодна з CNN, інфарматар быў часткай інфраструктуры нацыянальнай бясьпекі. Ён нібыта меў доступ да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і нават мог даць фатаграфіі дакумэнтаў зь ягонага стала. Тэлеканал «Настоящее время» сабраў інфармацыю пра магчымага агента.
Што ведаў гэты чалавек
Інфарматар меў ключавыя доказы таго, што Пуцін асабіста загадаў ўмяшацца ў перадвыбарчую кампанію 2016 года ў ЗША, паведамляе выданьне The New York Times.
Інфарматар таксама нібыта паведаміў ЦРУ пра тое, што Пуціну падабаўся тады яшчэ кандыдат у прэзыдэнты Дональд Трамп і што расійскі прэзыдэнт асабіста загадаў ўзламаць сэрвэры Нацыянальнага камітэту партыі дэмакратаў, канкурэнтаў Трампа.
Чаму ЗША вывезьлі інфарматара з Расеі
Крыніцы распавялі журналістам, што супрацоўнікі амэрыканскіх спэцслужбаў перажывалі праз тое, як неакуратна прэзыдэнт Дональд Трамп і ягоная адміністрацыя ставяцца да сакрэтнай інфармацыі. Яны баяліся, што гэта можа паставіць у небясьпеку інфарматара ў Расеі.
Рашэньне пра яго вываз з краіны, паведамляе CNN, было прынята пасьля таго, як Трамп падзяліўся сакрэтнай інфармацыяй зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і расейскім паслом у ЗША Сяргеем Кісьляком на сустрэчы ў Белым доме ў 2017 годзе.
Спэцслужбы нібыта баяліся, што Трамп можа перадаць Расеі інфармацыю, якая б выдала іх агента.
Акрамя таго, у спэцслужбах пабойваліся, што інфарматар мог стаць падвойным агентам. Ён адмовіўся зьяжджаць з Расеі, калі яму прапанавалі гэта першы раз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго на што абмянялі Ўкраіна і РасеяКім мог быць выведнік
Расейскі Тэлеграм-канал «Беспощадный пиарщик» назваў інфарматарам ЗША супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. У 2017 годзе ён з жонкай і трыма дзецьмі зьехаў у адпачынак у Чарнагорыю і зьнік. Пазьней па гэтым факце пачалі справу па артыкуле «Забойства», яна дагэтуль не закрытая.
Паводле дадзеных расейскага выданьня «Коммерсант», сьледзтва выявіла, што чыноўнік і ягоная сям’я жывыя і жывуць у іншай краіне. Газэта паведамляе, што муж і жонка, чые імёны супадаюць з імёнамі, названымі ў СМІ, у 2018 годзе купілі дом у горадзе Стафард, штат Вірджынія.
Амэрыканскі тэлеканал NBC News пацьвярджае, што былы інфарматар жыве ў гэтым рэгіёне пад сапраўдным імем. Журналісты тэлеканалу пабывалі каля дому былога агента, але былі затрыманыя ахоўнікамі, якія прадставіліся сябрамі людзей, якія пражываюць у доме.
Як доўга ён працаваў на ЗША
CNN паведамляе, што гэты чалавек быў інфарматарам больш за 10 гадоў, але The New York Times піша пра «дзесяцігодзьдзі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто адказны за выбухі ў жылых дамах у Расеі? Пытаньне, якому 20 гадоў