Трамп дапусьціў, што далучыцца да перамоваў між Расеяй і Ўкраінай

Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп пазытыўна ацаніў абмен вязьнямі між Расеяй і Ўкраінай 7 верасьня, а таксама адказаў на пытаньне ўкраінскай службы «Голасу Амэрыкі» пра ўдзел у перамовах у «нармандзкім фармаце».

«Я лічу, што той факт, што ўчора адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, гэта вельмі вялікі і вельмі станоўчы крок, — казаў Дональд Трамп. — Калі б мне трэба было далучыцца, я б далучыўся, але ўчора гэта была вельмі і вельмі пазытыўная падзея».

Да таго ў Twitter Трамп віншаваў Расею і Ўкраіну з абменам, які можа стаць «першым вялікім крокам да міру».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заклікалі Расею вызваліць астатніх палітвязьняў, у тым ліку крымскіх татараў

Пра магчымы ўдзел ЗША ў перамовах між Расеяй і Ўкраінай казаў украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі — ён прапаноўваў Уладзіміру Пуціну сустрэцца ў Менску пры ўдзеле Трампа, а таксама кіраўнікоў Нямеччыны і Францыі.

У ЗША раней казалі, што падтрымліваюць удзел у перамовах, але для зьмены «нармандзкага фармату» (Украіна, Расея, Нямеччына, Францыя) патрэбна згода ўсіх бакоў. У Францыі ж зазначылі, што гэта «не стаіць на парадку дня».

Дыялёг з «Талібанам» спынены

Тым часам Трамп, як піша Reuters, заявіў пра спыненьне дыялёгу зь лідэрамі руху «Талібан» у Аўганістане. Таксама Трамп скасаваў сустрэчу ў сваёй рэзыдэнцыі прэзыдэнта Аўганістану і лідэра талібаў.

Амэрыканская адміністрацыя амаль год вяла перамовы з талібамі пра ўмовы вывядзеньня войскаў ЗША з краіны (войскі ЗША там ужо 18 гадоў, цяпер там каля 14 тысяч вайскоўцаў). Нягледзячы на тыя перамовы, тэрарыстычная актыўнасьць талібаў расла цягам апошніх месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп скасаваў сустрэчу з «Талібанам»