«Ганаруся судзімасьцю» — Ірына Халіп ідзе ў дэпутаты з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі

Ірына Халіп


Журналістка і жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Халіп зарэгістравала ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Вылучацца яна будзе ў Менску па 110-й выбарчай акрузе.

«Да мяне ў групу ажно 30 чалавек запісалася. Людзі загартаваныя ў палітычных кампаніях, але ня толькі, так бы мовіць, вэтэраны. Прыйшло шмат моладзі. Іх не задавальняе сытуацыя, калі ад іх нічога не залежыць. Але адразу скажу, што з майго боку гэта ня выбары, а палітычная кампанія! Бо наўрад ці мяне зарэгіструюць і дапусьцяць да выбараў. Толькі для мяне ня гэта галоўнае. Звычайна тыя, каго рэгіструюць, адразу мяняюць рыторыку. Падладжваюцца пад выбарцаў, пачынаюць казаць, што пабудуюць, што парамантуюць. Для мяне ж галоўнае — сказаць тое, што думаю пра ўладу. Што яе трэба тэрмінова мяняць, і пачынаць з Лукашэнкі», — кажа пра свае мэты Ірына Халіп.

Хто такая Ірына Халіп

  • Журналістка, карэспандэнтка расейскай «Новой газеты» ў Беларусі.
  • Жонка былога кандыдата на прэзыдэнты падчас выбарчай кампаніі 2010 году Андрэя Саньнікава. Саньнікаў з 2012 году знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
  • Пасьля мітынгу пратэсту супраць 19 сьнежня 2010 году была затрыманая. Больш за месяц правяла за кратамі ў турме КДБ, потым да суду сядзела пад хатнім арыштам.
  • Была асуджаная на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай у 2 гады паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу — за арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак.
  • Ірына жыве ў Менску з сынам-школьнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анкета на лета. Ірына Халіп: «А клёвая была дзеўка!»


«Агульны настрой — як у Савецкім Саюзе»

У які бок у Беларусі зьмянілася выбарчая атмасфэра ў параўнаньні з 2010 годам, калі вы рыхтаваліся стаць першай лэдзі краіны? — пытаюся ў журналісткі пра ўражаньні ад выбарчай кампаніі 2019 году.

«Настроі людзей зьмяніліся, і гэта мяне вельмі непакоіць. У 2010-м людзі пачыналі спадзявацца на лепшае, чакалі зьменаў, зьявілася надзея, што да ўлады прыйдзе новы чалавек.

А цяпер сытуацыя абсалютна адваротная. Людзі зьмірыліся, што тут ніколі нічога ня зьменіцца, мы так і застанемся дзіркай на мапе Эўропы. Агульны настрой — як у Савецкім Саюзе: няма магчымасьці абраць іншую краіну, дык будзем жыць тут і прыстасоўвацца да дзейнай сыстэмы. Гэта вельмі балюча назіраць.

Але ёсьць і промні. Ужо сустрэла тых, хто ня проста не хавае расчараваньня сытуацыяй у Беларусі, але і пытаецца: „А што я магу зрабіць для вас?“ Усё ж чалавек гэтак зроблены, што ніколі надзеі не губляе. Вось каб гэтая надзея калісьці прывяла нас да зьменаў, я і вырашыла ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Нас ад „Эўрапейскай Беларусі“ ідзе цэлая група: Леанід Кулакоў, Вольга Мікалайчык, Яўген Афнагель, іншыя актывісты. Будзем рабіць яркую і цікавую выбарчую кампанію. Наша задача — абудзіць людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Навошта гэта апазыцыі

«Палата прадстаўнікоў — гэта машынка для галасаваньня»

Эфэкт ад зьменаў у выбарчы закон, уведзеных на працягу апошніх 10 гадоў, Ірына Халіп ацэньвае як касмэтычны і лічыць, што па-ранейшаму ў Беларусі няма ні вольных выбараў, ні сапраўднага парлямэнту.

«Палата прадстаўнікоў — гэта не парлямэнт, а машынка для галасаваньня за дурныя законы, як нядаўні закон аб адмене адтэрміноўкі ад войска. Які эфэкт ад такога закону? Толькі той, што моладзь зьбяжыць з гэтай краіны і ніколі ня вернецца, каб тут ня сесьці», — лічыць Ірына Халіп.

Пры гэтым яна мяркуе, што нават пры дзейным выбарчым кодэксе ў краіне можна правесьці выбары без фальсыфікацый, і калі б гэта зрабілі, пачатак зьменаў быў бы забясьпечаны. Але ў Ірыны Халіп няма надзеі, што фальсыфікацый ня будзе.

«Мяне пэўна не зарэгіструюць, колькі б подпісаў я ні сабрала. Могуць ужыць што заўгодна: подпісы забракуюць альбо знойдуць якую памылку».

Ці ня стане перашкодай судзімасьць патэнцыйнай кандыдаткі?

«А што судзімасьць? Я яе не хаваю. Наадварот, я ёй ганаруся. Мяне судзілі за тое, што я мусіла рабіць як грамадзянін і маці — змагалася за нашу будучыню. А яны гэта засьведчылі перад гісторыяй».

«Пад пагрозай ня толькі рэшткі дэмакратыі, але і сама незалежнасьць»

Паводле закону прэтэндэнт на кандыдацтва ў дэпутаты павінен сабраць 1000 подпісаў. Ірына плянуе сабраць значна больш. Яна будзе асабіста стаяць у выбарчых пікетах і хадзіць па кватэрах.

«Кожны дзень увечары на сайце „Хартыіʼ97“ будзе зьяўляцца інфармацыя, дзе менавіта плянуецца правесьці пікет па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты ад „Эўрапейскай Беларусі“», — кажа Ірына.

8 верасьня Ірына Халіп больш за 5 гадзін прастаяла ў пікеце каля парку Горкага. Кажа, што атрымала прышчэпку натхненьня, калі пад бел-чырвона-белым сьцягам размаўляла зь міліцыянтамі.

«Скажыце, калі яшчэ можна пастаяць пад бел-чырвона-белым сьцягам і ведаць, што цябе ня схопяць і не пасадзяць за гэта ў кутузку?»

Наперадзе ў Ірыны, сама менш, амаль два месяцы вулічнай барацьбы.

«Магчыма, ніколі Беларусь не была ў такім складаным становішчы, як цяпер, калі пад пагрозай ужо ня толькі рэшткі дэмакратыі, але і сама незалежнасьць краіны. А мне стаяць убаку? Не», — кажа Ірына Халіп.

5 асноўных патрабаваньняў Ірыны Халіп да дзейнай улады

  • Адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.
  • Правядзеньне ў краіне вольных выбараў прэзыдэнта і парлямэнту.
  • Закрыцьцё будоўлі Астравецкай АЭС.
  • Адмена паправак у закон аб прызыве на вайсковую службу і адмена антыдармаедзкіх дэкрэтаў.
  • Скасаваньне і рэвізія палітычных і эканамічных дамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міс Беларусь», абаронца Курапатаў, былая міністарка. Глядзіце, хто сабраўся ў дэпутаты