Грамадзянін Украіны праз амаль 15 гадоў сваёй нібыта супрацы зь беларускімі спэцслужбамі прызнаўся ў шпіянажы на карысьць Беларусі. Адпаведную справу расьсьледавала ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Валынскай вобласьці і накіравала ў суд.
Грамадзяніну Ўкраіны Аляксандру Ч. (прозьвішча вядома) пагражае ад 12 да 15 гадоў зьняволеньня. Паводле рашэньня Валынскага апэляцыйнага суда, абвінаваўчы акт будзе разглядаць Луцкі гарадзкі і раённы суд Валынскай вобласьці.
«Працэдура аўтаматычнага разьмеркаваньня вызначыць склад калегіі судзьдзяў, якія будуць разглядаць гэтую справу. Пасьля гэтага судзьдзі прызначаць дату разгляду справы па сутнасьці», — паведамілі Свабодзе ў Валынскім апэляцйным судзе.
Сьледзтва абвінаваціла ўкраінца ў дзяржаўнай здрадзе, якая была ўчынена наўмысна на шкоду дзяржаўнай і інфармацыйнай бясьпецы Ўкраіны: шпіянаж і дапамога прадстаўнікам замежнай дзяржавы ў правядзеньні дывэрсійнай дзейнасьці супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-мэнэджэра расейскай кампаніі затрымалі ў Італіі па падазрэньні ў шпіянажыЯк вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, Аляксандар Ч. у канцы лета 2004 году даў вусную і пісьмовую згоду начальніку аддзелу выведкі Пінскага памежнага атраду «Рэчыца» аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. Паводле дамовы, ён мусіў перадаваць беларускаму боку інфармацыю аб сыстэме бясьпекі дзяржаўнай мяжы і асабістым складзе падразьдзяленьняў на памежных участках у Ратнаўскім і Дубровіцкім раёнах Валынскай вобласьці. Перадача інфармацыі, паводле сьледзтва, ажыцьцяўлялася пры дапамозе сотавай сувязі (у справе зазначаецца дакладны нумар мабільнага тэлефону).
Такім чынам, паводле сьледзтва, Аляксандар Ч. «уступіў у агентурныя адносіны з замежнай спэцслужбай і, адпаведна, стварыў умовы для замежных спэцслужбаў для ажыцьцяўленьня выведвальнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны».
У абвінаваўчым акце адзначаецца, што ўкраінец працягваў супрацу да свайго звароту ў СБУ, у якім і паведаміў аб вэрбаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы кіраўнік СБУ пра беларуска-ўкраінскую «справу шпіёнаў»: Перамоўны працэс ня будзе публічнымАдвакат абвінавачанага Ўладзімір Раманоўскі адмовіўся ўдакладняць дэталі справы і прафэсійную прыналежнасьць свайго кліента: «Я не магу камэнтаваць абставіны гэтай справы».
Сёлета ў жніўні стала вядома, што грамадзянін Украіны добраахвотна зьвярнуўся ў Службу бясьпекі і назваў імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі. Ім нібыта быў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л. Гэты выпадак адбыўся таксама на Валыні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец, нібыта завэрбаваны ў Беларусі, здаўся ў СБУ і назваў імя куратараГэта пяты выпадак нібыта вэрбаваньня ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і першы, калі абвінавачаньне патрабуе пакараньня. Дагэтуль усіх украінцаў, якія добраахвотна паведамлялі аб сваім вэрбаваньні, вызвалялі ад крымінальнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ здаўся ўкраінец, якога нібыта вэрбавала КДБ Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец прыйшоў у СБУ з прызнаньнем пра супрацу зь беларускім КДБПасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.