«Міс Беларусь», абаронца Курапатаў, былая міністарка. Глядзіце, хто сабраўся ў дэпутаты

Прэтэндэнты ў кандыдаты ў дэпутаты. Каляж

Дырэктар буйнога прадпрыемства, чыноўнік, лекар — гэта самыя тыповыя прафэсіі цяперашніх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 6-га скліканьня. 17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў 7-га скліканьня. Свабода сабрала 12 незвычайных для Беларусі кандыдатаў, ініцыятыўныя групы якіх ужо зарэгістравалі.

«Міс Беларусь»

Марыя Васілевіч, якая перамагла ў 2018 годзе ў конкурсе прыгажосьці «Міс-Беларусь», будзе балятавацца ў Палату прадстаўнікоў. Дзяўчына часта суправаджае ў паездках Аляксандра Лукашэнку.

У 2018 годзе Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў Марыі Васілевіч узначаліць калгас, і тая нават пагадзілася, але кіраўніцай гаспадаркі ня стала. Марыі 22 гады, мае спэцыяльнасьць эканаміста.

Марына Васілевіч танчыць з Аляксандрам Лукашэнкам, 2018 год

Машыніст вежавага крана

У Савецкім раёне Менску па Ўсходняй выбарчай акрузе № 107 у дэпутаты вылучаецца Аляксандар Гушча, які працуе машыністам вежавага крана. Аляксандар беспартыйны, балятуецца шляхам збору подпісаў.

Вазочнік Яўген Шаўко

Кіраўнік Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко вылучаецца ў Менску. Ужо 20 гадоў ён перамяшчаецца на вазку. Апошні раз быў дэпутатам беларускага парлямэнту некалькі дзесяцьцігодзьдзяў таму. Па словах Яўгена, ён хоча зьмяніць гэта і больш увагі зьвярнуць на праблемы людзей з інваліднасьцю.

Яўген Шаўко

22-гадовы блогер

Па Старавіленскай акрузе № 105 у Меснску вылучаецца малады менскі блогер Яўген Каравулаў. Апроч узросту і заняткаў пра яго нічога не вядома. Хлопец беспартыйны, вылучаецца шляхам збору подпісаў.

Абаронца Курапат

Па Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 108 у дэпутаты вылучаецца абаронца Курапатаў, актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў. Ён адзін з самых актыўных удзельнікаў варты каля рэстарацыі «Поедем поедим» побач зь месцам масавых расстрэлаў. Актывісты ўжо больш за год стаяць каля ўстановы і адгаворваюць наведнікаў ісьці туды. Леанід Кулакоў неаднойчы быў траўмаваны пры гэтым. Яму нават удалося адсудзіць 500 рублёў пасьля наезду на яго машыны падчас варты.

Леанід Кулакоў

Вартаўнік

Віктар Марчык са Слуцку балятуецца па Слонімскай акрузе № 58, вылучацца будзе ад партыі БНФ. Віктар Марчык — прыкметны актывіст свайго гораду, падчас дармаедзкіх пратэстаў ён актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі народнага сходу ў сваім горадзе, за што атрымаў 5 сутак арышту. Цяпер Віктар працуе вартаўніком у мясцовым лясгасе.

Паэт з Полацку

Алесь Круткін — паэт, блогер, актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» — ідзе ў дэпутаты па менскай Коласаўскай выбарчай акрузе № 106. Ягоная ініцыятыўная група ўжо ладзіць пікеты ў Менску. У траўні Алеся штрафавалі за заклік прыйсьці на малітву за Курапаты.

Функцыянэр БРСМ, які біўся са Зьмітром Дашкевічам

Сяргей Клішэвіч, першы сакратар Менскага гаркаму БРСМ, таксама ідзе ў дэпутаты. У 2016 годзе ён вырваў плякат і ўступіў у бойку са Зьмітром Дашкевічам на адкрыцьці помніка Леніну. Клішэвіч пойдзе ў дэпутаты па менскай Кастрычніцкай акрузе № 97, а ягонай саперніцай будзе дэпутатка Ганна Канапацкая.

У Барысаўскай сельскай акрузе № 63 зарэгістраваная ініцыятыўная група для вылучэньня ў дэпутаты Ліліі Ананіч. Яна ўзначальвала Міністэрства інфармацыі ў 2014–2017 гадах, актыўна выказвалася пра ідэалягічную ролю дзяржаўных СМІ, а многія незалежныя выданьні пры яе кіраўніцтве атрымлівалі папярэджаньні і нават блякаваліся. У 2015-м папярэджаньні атрымалі «Газета Слонімская», Intex-Press, «Ганцавіцкі час». У 2017-м — «Наша Ніва» і Tut.by, а партал kyky.org заблякавалі на некаторы час. Цяпер Лілія Ананіч актыўна працуе ў Беларускім саюзе жанчын.


Амбасадар Беларусі ў Турэччыне

Сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла — дзейсны амбасадар Беларусі ў Турэччыне Андрэй Савіных. Ён жа раней працаваў у беларускім МЗС прэс-сакратаром.

Дыплямат вылучаецца па менскай Чкалаўскай акрузе № 96.

Андрэй Савіных

Тэлевядоўца Тэнгіз Думбадзэ

У Партызанскай выбарчай акрузе № 110 у Менску зарэгістравалі ініцыятыўную групу тэлевядоўцы зь дзяржаўнага каналу АНТ Тэнгіза Думбадзэ. Журналіст у 2003–2004 гадах узначальваў тэлеканал Аджарыі. З 2004 году працуе на АНТ.

Журналістка Ірына Халіп

За дэпутацкі мандат у Партызанскай выбарчай акрузе № 110 будуць змагацца адразу два журналісты. Саперніцай Думбадзэ можа стаць вядомая журналістка Ірына Халіп, жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Ірына Халіп

Яна распачала сваю журналісцкую карʼеру ў канцы 1980-х гадоў. Працавала ў шэрагу незалежных СМІ, узначальвала газэту «Имя», была намесьніцай галоўнага рэдактара «БДГ». Зь сярэдзіны 2000-х гадоў зьяўляецца ўласнай карэспандэнткай расейскай «Новой газеты» ў Беларусі. У 2010 годзе журналістка трапіла за краты ў «справе Плошчы» і была прызнаная вязьнем сумленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Навошта гэта апазыцыі

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі палігон для маскоўскіх выбараў. Што робіць ў Маскве Лідзія Ярмошына