Памочнік прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, які вёў з расейскімі прадстаўнікамі перамовы аб абмене вязьнямі і затрыманымі асобамі, у інтэрвію «Ўкраінскай праўдзе» распавёў пра некаторыя падрабязнасьці гэтых перамоваў.
Па словах Ярмака, падрыхтоўка да абмену пачалася пасьля тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў Украіны і Расеі 7 жніўня. Былі створаныя рабочыя групы. Украінскую ўзначаліў Ярмак, а расейскую — віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Козак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 35 на 35: Украіна і Расея завяршылі абмен вязьнямі. Хто ў сьпісах вызваленыхЯрмак некалькі разоў падкрэсьліў «канструктыўны» характар перамоваў Пуціна і Зяленскага, а таксама ў рамках рабочых груп. На пытаньне аб тым, ці ўдзельнічаў ў працэсе абмену ўкраінскі апазыцыйны палітык, кум Уладзіміра Пуціна Віктар Медведчук, памочнік Зяленскага адказаў адмоўна, назваўшы ўсе заявы Медвядчука па гэтым пытаньні яго «асабістым піярам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абмен вязьнямі адбыўся — што далей?Па словах Ярмака, нейкія сілы ва Ўкраіне былі зацікаўлены ў зрыве абмену і за тыдзень да яго запусьцілі дэзінфармацыю ў прэсу. Але ён не ўдакладніў, што гэта за сілы. Усе буйныя палітычныя сілы, у тым ліку і апазыцыйныя Зяленскаму, віталі вызваленьне ўкраінскіх грамадзян.
Па словах Ярмака, імя Уладзіміра Цемаха, якога называюць адным з ключавых сьведак па справе аб катастрофе «Боінга» над Данбасам 17 ліпеня 2014 года, фігуравала ў кантэксьце абмену з самага пачатку. Памочнік Зяленскага пацьвердзіў словы прэзыдэнта аб тым, што вёў адносна Цемах перамовы з шэрагам эўрапейскіх лідэраў, а таксама што нідэрляндзкія сьледчыя да абмену змаглі яго дапытаць.
Па словах Ярмака, Зяленскі паставіў перад ім задачу рыхтаваць новы абмен з Расеяй. Паводле ацэнак, у Расеі і ў сэпаратыстаў Данбаса, якіх падтрымлівае Масква, утрымліваюцца яшчэ некалькі соцень грамадзян Украіны, у тым ліку арыштаваныя ў Крыме крымскія татары.