Апазыцыйныя кандыдаты атрымалі 20 з 45 месцаў у Маскоўскай гарадзкой думе па выніках выбараў у нядзелю. Вынікі падліку 99% бюлетэняў апублікаваныя на сайце гарадзкой выбарчай камісіі.
Яўка на выбарах склала 21,7% — для перамогі ў акругах кандыдатам, як правіла, хапала 10-15 тысяч галасоў.
13 кандыдатаў з 20 — гэта праўстаўнікі КПРФ. У Расеі яны лічацца апазыцыяй Уладзімеру Пуціну і партыі «Адзіная Расея». Упершыню з 2005 года ў Масгардуме будзе прадстаўлена партыя «Яблоко»: выбары выйгралі тры яе кандыдата і адзін, падтрыманы партыяй, адзначае выданьне The Bell. Тры чалавекі перамаглі ад «Справядлівай Расеі».
Палітык Аляксей Навальны заявіў пра посьпех сваёй стратэгіі «разумнага галасаваньня».

Аляксей Навальны
«Разумнае галасаваньне»
Коратка пра сутнасьць ідэі:
- Да выбараў у Масгардуму ня быў дапушчаны шэраг незалежных кандыдатаў, у тым ліку прыхільнікі Навальнага. Іх нядопуск да выбараў стаў падставай для масавых вулічных пратэстаў у Маскве ў ліпені і жніўні.
- Штаб Навальнага ў выніку прапанаваў сваю стратэгію — ён заклікаў галасаваць ва ўсіх 45 выбарчых акругах Масквы за тых кандыдатаў, якія маюць шанцы абыйсьці стаўленікаў мэрыі. Ён апублікаваў свой сьпіс «Разумнага галасаваньня» ў Маскве і іншых рэгіёнаў.
- Мэта гэтай стратэгіі — парушыць манаполію парпуцінскай «Адзінай Расеі» у гарадзкім парлямэнце.
- Навальнага крытыкавалі за гэтую ідэю. Крытыкі сьцьвярджалі, што яго ідэя хаця і рацыянальная, але амаральная, паколькі выбарцы мусілі аддаць голас за кандыдатаў, чужых ім па поглядах.
- Афіцыйна на выбарах у Масгардуму няма кандыдатаў, вылучаных ад «Адзінай Расеі» — усе яны пайшлі як самавылучэнцы праз рэзкае зьніжэньне папулярнасьці партыі. 25 зь іх прайшлі гарадзкую думу.